Амаль усё жыццё сям’і Янкевічаў з Лунінца звязана з малочным заводам
МикашевичиНовости районаОбщество

Амаль усё жыццё сям’і Янкевічаў з Лунінца звязана з малочным заводам

Круглыя суткі разам: дома, на рабоце, на адпачынку. Не раз даводзілася чуць, што так жонка і муж доўга не вытрымаюць. Аднак лунінчане Іван і Ніна ЯНКЕВІЧЫ цалкам абвяргаюць такое меркаванне – 53 гады яны жывуць у шлюбе. І амаль увесь працоўны шлях абоіх звязаны з малочным заводам.

Сустракаюся са сваімі суразмоўцамі дома. Тут у “малочназаводскай” трохпавярхоўцы Янкевічы атрымалі ў свой час кватэру, тут выраслі і дзеці. Акрамя работы паспявалі вялікай гаспадаркай запраўляць – пастаянна вырошчвалі свіней, курэй, трусоў, нутрый… Цяпер жа і здароўе падводзіць, і гаспадарчыя пабудовы каля дома знеслі – павялічваецца мікрараён побач. А вось грэцкія арэхі, якія 20 год таму пасадзіў Іван Лазаравіч, засталіся. І пра гэта расказвае ветэран з нейкай асаблівай цеплынёй…

Увага і клопат – пастаянныя спадарожнікі ў сям’і Янкевічаў. Цікава, што абое з Кажан-Гарадка, але ў дзяцінстве і юнацтве не ведалі адзін аднаго, нават не здароваліся. Сустрэліся на малочным заводзе: Ніна працавала ў лабараторыі, а Іван вярнуўся з арміі і выпадкова завітаў да сяброў. Простага позірку хапіла, каб у сэрцах юнака і дзяўчыны “заіскрыла” ад кахання…

Іван Лазаравіч пастаянна жартуе. Кажа:

– У 15 год паехаў на Урал…

– Як, сам? – удакладняю.

– Не, сястра ў мяшок паклала і забрала з сабой…

Далёка ад роднай вёскі юнак паступіў у будаўнічае вучылішча, атрымаў спецыяльнасць муляра. І нават два гады адпрацаваў. Аднак, штодня здавалася, “што сонца ўзыходзіць не з таго боку”. Вярнуўся дадому. Некаторы час працаваў у калгасе, вывучыўся на трактарыста, а пазней уладкаваўся на малочны завод. І тут – амаль увесь час, хіба што два невялікія перапынкі былі: на тэрміновую службу ў Чэхаславакіі і работу ў «Сельгастэхніцы». «Прайшоў увесь завод, яшчэ 4 гады на пенсіі шчыраваў», – прыгадвае мужчына.

Ніна пасля заканчэння школы некалькі месяцаў разносіла пошту аднавяскоўцам, аднак марыла быць настаўніцай і рыхтавалася да паступлення. Ды лёс унёс свае карэктывы. Тагачасны дырэктар завода шукаў спецыяліста, дырэктар мясцовага калгаса прапанаваў разгледзець кандыдатуру маладой паштальёнкі. Тым больш, што яе стараннасць ва ўсіх была навідавоку. Дзяўчына спачатку адмаўлялася, але потым вырашыла паспрабаваць. Завочна паступіла вучыцца, працавала ў лабараторыі. “Божухна, усё такое дапатопнае было… Аднак разумелі, што малочная прадукцыя хутка псуецца, а нашы жыхары павінны атрымліваць толькі лепшае, – расказвае Ніна Аляксандраўна. – Некаторы час працавала загадчыцай у Малькавічах, яны ў той час адносіліся да нашага прадпрыемства, потым узначальвала нізавы завод у Мікашэвічах”.

Цікаўнасць перавалодвае, пытаю, што гэта за структура такая?

– Выраблялі пітное малако, кефір, смятану і марожанае. Апошні прадукт нават у Лунінец вазілі. У флягах, уявіце. Потым яго ў папяровыя стаканчыкі раскладвалі з драўлянымі палачкамі. Настальгія…

Як ужо казаў, менавіта на заводзе сустрэліся Іван і Ніна. Літаральна праз паўгода не толькі з роднымі, але і на прадпрыемстве святкавалі стварэнне новай сям’і. Пазней – разам радаваліся нараджэнню Гены (фельчара “хуткай дапамогі”, здаецца, ведае ўвесь Лунінец) і Ірыны (яна працуе галоўным бухгалтарам у ПМС).

– Усяго ў жыцці хапала, галоўнае разумелі – важна ўмець і падтрымаць, і, калі патрэбна, пажартаваць. Цяпер, аглядваючыся назад, можам з упэўненасцю сказаць, было складана, цяжка, але і цікава. Але ж тады ўсе так жылі, – быццам дапаўняючы адзін аднаго, гавораць Іван Лазаравіч і Ніна Аляксандраўна. – Ды што вы ўсё пра нас, ды пра нас? Калі ласка, падзякуйце кіраўніку нашага малочнага завода Сяргею Карпцу і яго намесніку Ларысе Карпец. Столькі ўсяго добрага для ветэранаў прадпрыемства робяць!

Як вядома, з маленькай кропелькі дабрыні і павагі пачынаецца вялікая рака ўзаемаразумення і падтрымкі. З задавальненнем выконваю просьбу ветэранаў. Дзякуй кіраўніцтву ААТ “Лунінецкі малочны завод”! За ўсё карыснае, што яны робяць. І няхай гэты струмень дабрыні не ссякае, а наша лунінецкая малочка па-праву носіць гордае званне – “Асаблівая”!

Аляксандр Коўка



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть