Арыенцір — на пакупніка
Общество

Арыенцір — на пакупніка

семинарУ сераду на Лунінеччыне адбыўся рэспубліканскі семінар па арганізацыі высокарэнтабельнай вытворчасці і перапрацоўкі агародніны. Такая цікавасць да нашага краю невыпадкова. Рэалізацыя прадукцыі 64-ох фермерскіх гаспадарак рэгіёна дае 24 працэнты  валавага прыбытку раёна.

Месцам збору ўдзельнікаў мерапрыемства стаў Палац культуры РУВП «Граніт», дзе і прайшла невялікая нарада пад старшынствам намесніка міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Васіля Паўлоўскага. У ходзе размовы акрэслены актуальныя тэмы, на якія ў першую чаргу неабходна звярнуць увагу прадстаўнікам усіх зацікаўленых службаў і ведамстваў. Гэта і адсутнасць гарантый запатрабаванасці будучага ўраджаю, і недастатковае развіццё ўнутранага рынку збыту сельгаспрадукцыі. А яшчэ – невысокая прадукцыйнасць гектара зямлі, строгія рамкі традыцыі, якой прытрымліваюцца агароднікі пры выбары культур.Старшыня райвыканкама Васіль Агіевіч пазнаёміў з сацыяльна-эканамічным развіццём рэгіёна, дэталёва спыніўшыся на сельскай гаспадарцы. Затым удзельнікі семінара пабывалі на РУВП «Граніт».

сессия Пасля ўражваючай экскурсіі ў кар’ер удзельнікі семінара накіраваліся ў гаспадаркі, якія на Лунінеччыне спецыялізуюцца на вырошчванні агародніны. У асноўным гэта – фермеры.

Эдуард Чэркас – чалавек у раёне паважаны. Яго гаспадарка – адна  са старэйшых: у 2014-ым ёй споўніцца 20 год. За гэты час яна не проста трывала стала на ногі, а займела вядомасць надзейнага бізнес-партнёра для замежных пакупнікоў. Сёлета тут на 132 гектарах вырошчваюцца збожжавыя, амаль 90 – займае морква і прыкладна 12 гектараў – сталовыя буракі. З мэтай на працягу года пастаўляць спажыўцам свежую агародніну тут з дапамогай уласных і крэдытных рэсурсаў пабудавалі сховішча кантэйнернага тыпу на 4200 тон прадукцыі палёў. Ёсць увесь неабходны комплекс сельскагаспадарчых машын, якія пакуль захоўваюцца пад павеццю плошчай 2500 квадратных метраў. Побач ужо ўзводзяцца дыхтоўныя майстэрні, дзе, акрамя ўсяго іншага, прадугледжаны не толькі памяшканні для офіса, але і традыцыйны набор выгод і зручнасцей для працаўнікоў, якіх 22.

Па выніках мінулага года фермер меў неблагі прыбытак, а рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі дасягнула 70 працэнтаў. Практычна ўвесь ура-джай экспартуецца ў суседнюю Расійскую Федэрацыю. На гэтую акалічнасць асаблівую ўвагу звярнуў В.К. Паўлоўскі, што выклікала вострую дыскусію паміж прадстаўнікамі Міністэрства сельскай гаспадаркі і вытворцамі з аднаго боку і гандлярамі – з другога.

Начальнік харчовага ўпраўлення Міністэрства гандлю Рэспублікі Беларусь Святлана Слінько ўпэўнена, што сёння няварта спыняцца на адпрацаванай схеме пастаўкі на ўнутраны рынак плодаагародніннай прадукцыі са стабілізацыйнага фонду, а ўкараняць новую, забяспечваючы пакупнікоў свежы-мі дарамі поля,  у тым ліку і ранніх сартоў выспявання. Нягледзячы на тое, што апошняя адгрузка прадукцыі мінулагодняга ўраджаю са сховішчаў працягваецца да сярэдзіны чэрвеня, ужо ў пачатку ліпеня тая ж гаспадарка Эдуарда Чэркаса можа пастаўляць моркву новага ўраджаю. Аднак попыту на ўнутраным рынку на яе няма: гандляры чамусьці аддаюць перавагу аналагічнай замежнай прадукцыі, ствараючы перакос у суадносіне “імпарт-айчынная прадукцыя”.  У выніку заморскія ласункі складаюць прыкладна дзве трэція ўсіх аб’ёмаў плодаагародніннай прадукцыі, рэалізуемай  у беларускай гандлёвай сетцы.

З гэтым аніяк не пагаджаюцца вытворцы. Галоўны аграном вядомага КСУП “Брылёва” з Гомельшчыны Аляксандр Запараваны абурана гаварыў, што далей прыгожых слоў і паператворчасці дзеянні чыноўнікаў з Міністэрства гандлю, на жаль, не распасціраюцца. Акрамя ўсяго іншага, названая гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні спаржавай фасолі. Дык вось летась на ўнутраным рынку яе ўдалося прадаць усяго 132 кілаграмы.

У адказ на папрок Святлана Яўгенаўна выказала пажаданне размясціць на сайце Міністэрства сельскай гаспадаркі падрабязны пералік гаспадарак (у тым ліку і фермерскіх), якія спецыялізуюцца на вырошчванні плодаагародніннай прадукцыі з указаннем прапаноўваемага асартыменту, кандыцыйнасці і нават стану, у якім тавар могуць прапанаваць пакупніку. Тая ж лунінецкая фермерская гаспадарка “Навіцкіх” сёння пастаўляе мытую моркву, зручна расфасаваную ў пакеты самай рознай умяшчальнасці.

Не задаволены беларускія аграрыі і перакосам у закупачных цэнах на агародніну, якія, між іншым, самым непасрэдным чынам уплываюць на індэкс спажывецкіх цэн і, нарэшце, на ўзровень інфляцыі. Па іх меркаванню, нельга не ўлічваць затраты на захоўванне сабранага ўраджаю ў сховішчах, дзе з мэтай падтрымання належнага мікраклімату ўстаноўлена спецыяльнае абсталяванне, якое павялічвае расходы і, перш за ўсё, энергазатраты. Менавіта таму агародніну, рэалізуемую ў маі нельга прадаваць па той жа цане, што ў кастрычніку-лістападзе, калі яна толькі што дастаўлена з поля.

Разам з тым, нельга і губляць арыентацыю на пакупніка. Павышаючы цэны на запатрабаваную прадукцыю, трэба абавязкова прадугледзець падтрымку для малазабяспечаных грамадзян, не пазбаўляючы іх, аднак, права выбару, купляць агародніну імпартную ці тую, што вырасла на беларускім полі.

Якраз з поля і пачалося наведванне фермерскай гаспадаркі “Навіцкіх”. Найноўшыя тэхналогіі вырошчвання агародніны, высокакандыцыйнае насенне, вывераны падыход да выбару гатункаў дазваляюць атрымліваць выдатныя ўраджаі. У выніку новенькае агароднінасховішча на 20 тысяч тон ніколі не пустуе.

Гаспадарка пачыналася ў 2001 годзе з 50-гектарнага надзелу. Зараз у распараджэнні фермера Уладзіміра Навіцкага – 536 гектараў ворнай зямлі, на якой вырошчваецца 395 гектараў морквы, 56 – збожжавых, 50 – грэчкі, па 10 гектараў – бульбы і сталовых буракоў.

Удзельнікаў семінара ўразіў выдатны выгляд поля, занятага морквай, але яшчэ больш – новая лінія, якая дазваляе мыць і затарваць аранжавыя караняплоды ў спецыяльныя пакеты з маркай “Новаvіта”. Госці з цікавасцю назіралі, як прывезеная з тарфяніка морква на вачах ператваралася ў яркі цуд, які хацелася ўзяць у рукі. Імкненне ісці ў нагу з часам, пастаянна мадэрнізуючы і ўдасканальваючы вытворчасць, дазваляе гаспадарцы не толькі пашыраць экспартныя пастаўкі, але і ўпэўнена выходзіць на ўнутраны рынак.
Уладзімір Навіцкі ці не адзіны з фермераў, хто гандлюе сваёй прадукцыяй у магазінах райспажыўтаварыства. Хутка на паліцах нашых гандлёвых кропак паявіцца і прадукцыя, якая прайшла апрацоўку на новай лініі. Вырашаецца пытанне буйнааптовых паставак у гандлёвую сетку сталіцы Беларусі.

Уладзімір Навіцкі ці не адзіны з фермераў, хто гандлюе сваёй прадукцыяй у магазінах райспажыўтаварыства. Хутка на паліцах нашых гандлёвых кропак паявіцца і прадукцыя, якая прайшла апрацоўку на новай лініі. Вырашаецца пытанне буйнааптовых паставак у гандлёвую сетку сталіцы Беларусі.

Імкнучыся захаваць гаспадарскі падыход да зямлі, сёлета ў раёне пайшлі на тое, каб правесці абмен часткі фермерскіх надзелаў з палямі  КУП “Міжлескае”. ФГ “Навіцкіх” такім чынам памяняла 280 гектараў зямлі. Гэты крок мае на мэце спыніць збядненне тарфянікаў – працэс, які нязменна суправаджае празмернае захапленне прапашнымі культурамі. Прафесар Беларускага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта Аляксандр Аутка адабральна адгукнуўся на такі захад, адзначыўшы аднак, што севазварот абавязкова трэба захоў-ваць і самім фермерам у межах выдзеленай ім зямлі, практыкуючы высяванне траў.

Многія з гасцей далі высокую ацэнку ўбачанаму. У якасці пацвярджэння прывядзем меркаванне тэхнічнага дырэктара лідскага ВААА “Тэхмаш” Сямёна Ягоўдзіка:

– Станоўча ўразіла ўсё ўбачанае на Лунінеччыне. Культура земляробства ў фермераў, іх падыход да справы. Скажу, што наша прадпрыемства магло б істотна дапамагчы гаспадарнікам. Мы выпускаем больш як 80 відаў сельскагаспадарчых машын, вырабляем іх па патрабаванню заказчыка, у любой колькасці і мадыфікацыі. Многія са спажыўцоў не толькі Беларусі, але і краін СНД, ацанілі перавагі прапаноўваемай намі тэхнікі: яе якасць, даступнасць, надзейнасць і беспраблемнасць у абслугоўванні. На жаль, ва Уладзіміра Навіцкага пераважае дорагакаштуючая імпартная тэхніка, а вось Эдуард Чэркас з намі працуе і, думаю, расчаравання не адчувае.

Ад імя ўдзельнікаў хачу выказаць удзячнасць арганізатарам семінара за высокую якасць падрыхтоўкі. Упэўнены, што мерапрыемства стане адпраўной кропкай у паляпшэнні спраў у агародніцтве і галоўнае – у рэалізацыі вырашчанай на родных палях якаснай прадукцыі, якую несумненна чакаюць пакупнікі.

 



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть