Асаблівы дзень для мытнай службы
Общество

Асаблівы дзень для мытнай службы

Калі б законапаслухмяны дэкларант, тавары якога сёння перасякаюць мяжу, мог бы перамясціцца ў часе на дзесяць гадоў таму, то ён убачыў бы зусім іншую мытню. У цяперашні час зручнасць і прастата мытнага афармлення дасягнулі больш высокага ўзроўню – галоўнымі элементамі сталі лічбавыя тэхналогіі і штучны інтэлект. Аб гэтым і іншым вядзем размову напярэдадні прафесійнага свята з начальнікам аддзела мытных аперацый і кантролю №2 мытнага паста “Пінск” Брэсцкай мытні Уладзімірам Сычэвічам:
– Сёлета ў нас асаблівае свята, юбілейнае. Мытнай службе суверэннай Беларусі спаўняецца 30 год. Што датычыць нашага аддзела, то яго гісторыя пачалася 22 сакавіка 1993 года, калі загадам Дзяржаўнага мытнага камітэта №72-ОД была створана Пінская мытня. У яе склад уваходзіў пункт пропуску мытнага афармлення “Лунінец”. Пазней структура рэфармавалася і ў склад увайшлі ПМА “Палессеэлектрамаш” і “Мікашэвічы”… Першым начальнікам быў Аляксандр Цяльпук. Больш за два дзесяцігоддзі на кіруючай пасадзе да 2017-га знаходзіўся Валерый Каваленка. За гэты час праведзена вялікая работа, створана сучасная інфраструктура, укаранёны сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі.
– Асноўнай задачай аддзела з’яўляецца мытнае афармленне грузаў, якія перамяшчаюцца праз мяжу Рэспублікі Беларусь чыгуначным транспартам. Якая нагрузка пры гэтым ускладаецца на аддзел?
– Пункт на станцыі Лунінец працуе ў кругласутачным рэжыме. Праз яго сёлета ажыццявілі рух 80 тысяч вагонаў. Нягледзячы на тое, што нагрузка вялікая, з пастаўленымі задачамі спраўляемся. Разумеем адказнасць, якая ўскладваецца на нас, каб не выбіцца з графіка і забяспечыць своечасовую дастаўку грузаў. З пачатку года мытны транзіт склаў каля 3,5 тысяч партый тавараў. Супрацоўнікі нашага аддзела аформілі 1,5 тысячы экспартных і 300 імпартных партый тавараў. Істотнай крыніцай папаўнення дзяржаўнага бюджэту з’яўляюцца мытныя падаткі і зборы. Так за 8 месяцаў у даход дзяржавы было пералічана 1,2 мільёна рублёў.
– Што з’яўляецца галоўным рэсурсам у рабоце?
– Думаю, што дакладней сказаць “хто”. Гэта, безумоўна, нашы супрацоўнікі, якіх вызначаюць сумленнасць, прынцыповасць, адказнасць і адданасць службе і краіне. У іх ліку інспектар Юрый Стасюкевіч, які працуе ў аддзеле з 1993 года. Не займаць вопыту і старшаму інспектару Васілю Сыцэвічу, стаж якога ў мытных органах складае без малога два дзесяцігоддзі. Ды і ў цэлым калектыў працаздольны і высокапрафесійны. Па выніках работы да ўзнагароджвання прадстаўлены галоўны інспектар Генадзь Мацукевіч і старшы інспектар Аляксандр Еўтух.
– Як удаецца “дырыжыраваць” вялікім патокам дакументаў?
– Падмуркам змяненняў, якія адбыліся апошнім часам, стаў перавод дэкларацыйнага масіву з мытных пастоў і рэгіянальных мытняў у цэнтры электроннага дэкларавання (ЦЭД). Усё афармленне сканцэнтравана ў “фабрыках дэкларавання”, дзякуючы якім атрымалася падзяліць дакументальны і фактычны кантроль тавараў. Мы знаходзімся на фінішнай прамой па шляху да амаль 100-працэнтнага дэкларавання ў ЦЭДах. Гэта дазволіла дабіцца аднастайнасці выпуску: раней адзін і той жа тавар у розных мытнях мог афармляцца па-рознаму, што супараджалася шматлікімі рознагалоссямі. Цяпер жа гэтая праблема выключана. Зараз патокамі дакументаў прасцей “дырыжыраваць” – штучны інтэлект накіроўвае дэкларацыі да свабодных інспектараў унутры кожнага ЦЭДа. Менавіта дзякуючы сучасным тэхналогіям на сістэмным узроўні ўхіляем магчымасць для карупцыйных праяў, абрываем кантакт суб’ектаў гаспадарання з інспектарам, які ажыццяўляе выпуск тавараў. Пераход на работу праз ЦЭДы дазволіў знізіць ступень удзелу інспектараў пры мытным афармленні таварных партый.
– Ці значыць, што ў выніку далейшага рэфармавання суб’екты гаспадарання змогуць яшчэ больш хутка праходзіць мытныя працэдуры?
– Безумоўна. Для дзяржавы мытня – гарант абароны ўнутранага рынку, таму прагрэсіўныя лічбавыя тэхналогіі і штучны інтэлект будуць спрыяць развіццю экспарту, шматфарматнаму эканамічнаму ўзаемадзеянню на ўсёй прасторы ЕАЭС. Такім чынам, стварэнне ў бліжэйшае дзесяцігоддзе высокатэхналагічнай мытнай службы – задача агульнадзяржаўнай важнасці. Мы будзем старацца выканаць яе годна і ў тэрмін!
– Вашы пажаданні калектыву напярэадні прафесійнага свята…
– Віншую калектыў, калег і ветэранаў мытнай службы з прафесійным святам. Поспехаў і перамог, павагі і прызнання – усім вам. Без карпатлівай штодзённай работы кожнага прадстаўніка мытнай сферы былі б немагчымы развіццё і росквіт нашай краіны, таму жадаю здароўя, шчасця дабрабыту, стабільнасці, мірнага неба і ўсяго самага лепшага вам і вашым сем’ям.
На здымку: Васіль Сыцэвіч, Юрый Стасюкевіч, Таццяна Коваль, Васіль Харытановіч і Уладзімір Сычэвіч.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть