«Ахова працы — залог поспеху прадпрыемтсва»
Общество

«Ахова працы — залог поспеху прадпрыемтсва»

белторнадоПад такім дэвізам прайшоў чарговы раённы Дзень аховы працы. У ім бралі ўдзел старшыня райвыканкама Васіль Агіевіч, яго намеснікі — Уладзімір Кавалевіч і Руслан Хоміч, начальнік абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Валянцін Праватораў, намеснік пракурора Андрэй Лукашэвіч, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна.

У кожнага чалавека ад прыроды ёсць інстынкт самазахавання. Аднак, сёння пры імклівым развіцці тэхнічных сродкаў яго недастаткова. Менавіта таму бяспечнасць жыцця і здароўя работнікаў застаецца важнай задачай, якая патрабуе пастаяннай увагі з боку працаўніка, наймальніка, прафсаюза. Як ставяцца да гэтай справы на прадпрыемствах Лунінеччыны, пазнаёміліся ўдзельнікі мерапрыемства, наведаўшы некаторыя з іх.

Першым на шляху следавання быў раён электрасетак. Тут для дасягнення высокіх вынікаў у адпаведнасці з патрабаваннямі міжнароднага стандарта, праводзіцца работа з персаналам і прымяняюцца перадавыя сродкі абароны. Галоўны інжынер Мікалай Яроцкі адзначыў, што зараз у калектыве 101 чалавек, 90 з іх працуюць у шкодных умовах. Ім выплачваецца кампенсацыя, прадастаўляюцца дадатковыя водпускі, а тым, каму па медыцынскіх паказаннях рэкамендавана санаторна-курортнае лячэнне, — пуцёўкі. Нельга было не адзначыць, што ў электрасетках створаны ўсе ўмовы для плённай працы. Ёсць пакоі прыёму ежы з электраплітамі, халадзільнікамі, мікрахвалевымі печамі, гардэробныя, сушылка, душавыя, санвузлы. За тым, як выконваюцца правілы і нормы аховы працы, сочаць 2 грамадскія інспектары прафсаюза. Летась на абласных спаборніцтвах прафесійнага майстэрства брыгада Лунінецкага РЭС заняла першае месца і годна выступіла на рэспубліканскім этапе, дзе ў пытаннях аховы працы паказала другі вынік.

Наступным аб’ектам стала ТАА “БелТарнада”, якое спецыялізуецца на вытворчасці канструкцый з ПВХ-профілю. Невялікім прадпрыемствам з 13 чалавек, якое знаходзіцца на тэрыторыі аўтапарка №10, кіруе Анатоль Пятровіч. Ён расказаў, што прадукцыя прадпрыемства карыстаецца попытам у спажыўцоў, чаму спрыяюць 10-гадовы вопыт работы на рынку, якасць і цэнавы фактар. Нягледзячы на тое, што апошнім часам упалі аб’ёмы і заробкі, работнікі не спяшаюцца звольніцца, бо тут створаны ўсе неабходныя ўмовы для бяспечнай працы, а ў калектыве пануе добразычлівая абстаноўка.

Падчас наведвання філіяла “Аўтабаза” райспажыўтаварыства старшыня праўлення Максім Сумар спыніў увагу на завершанай у кастрычніку 2014 года рэканструкцыі, на якую затрацілі 1,1 мільярда рублёў. Для бяспечнай работы тут распрацаваны адпаведныя інструкцыі, зацверджаныя дырэктарам філіяла і прафсаюзным камітэтам. Кіраўнік прадпрыемства Эдуард Мікуліч дадаў, што ўсе работнікі забяспечаны спецвопраткай, сродкамі індывідуальнай абароны ў адпаведнасці з нарматывамі. На гэта летась выдаткавалі 59 мільёнаў рублёў, яшчэ 48,7 мільёна склалі кампенсацыі за работу ў шкодных умовах. На рамонт і абсталяванне бытавых пакояў і кабінета па ахове працы зрасходавалі 136 мільёнаў рублёў. Такое стаўленне да справы спрыяла таму, што з 2012 года тут не зафіксавана выпадкаў вытворчага траўматызму. Забягаючы наперад, скажу, што менавіта райспажыўтаварыства разам з РУП “Уніформ” і дыстанцыяй пуці сталі пераможцамі раённага конкурсу на лепшую арганізацыю работы па ахове працы. Дыпломы і грашовыя прэміі ўручыў старшыня райвыканкама Васіль Агіевіч пад час пленарнага пасяджэння, якое адбылося ў сельскагаспадарчым каледжы.

У навучальнай установе таксама шмат увагі надаецца мерапрыемствам, звязаным з захаваннем бяспечных умоў працы. У гэтым пераканаліся падчас наведвання лабараторый, дзе адпрацоўваюць навыкі будучыя будаўнікі, вадзіцелі, механізатары, повары. Пазнавальную экскурсію з акцэнтам на тое, як праводзяцца ў каледжы дні аховы працы, правёў дырэктар Фёдар Бірыла.

Не сакрэт, што вялікая роля ў бяспецы вытворчага працэсу належыць спецыяльнай вопратцы, якая нярэдка абараняе работнікаў, а іншы раз і выратоўвае ім жыццё. Навінкі такога адзення прадставіла РУП “Уніформ” на выставе, размешчанай у фае аднаго з карпусоў каледжа. З інавацыйнымі распрацоўкамі пазнаёміла кіраўнік Валянціна Шаравар.

Выступаючы на пленарным пасяджэнні, намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Кавалевіч падрабязна спыніўся на тым, якая работа праводзіцца ў раёне па стварэнню бяспечных і камфортных умоў працы. На 121 чалавека зменшылася колькасць работнікаў, працуючых у шкодных умовах, у тым ліку на РУВП “Граніт” — 75. Гэта стала магчымым, дзякуючы ўкараненню праграм па тэхнічнаму пераўзбраенню і мадэрнізацыі вытворчасці. Толькі сёлета на гэта выдаткавана 1,5 мільярда рублёў. У 85 арганізацыях дзейнічае сістэма кіравання аховай працы. Сёлета да іх далучацца яшчэ 8. Актыўна працуе па выяўленню парушэнняў мабільная група па ахове працы, створаная пры райвыканкаме. Падчас 64 рэйдаў зафіксаваны 434 парушэнні. Кіраўнікам выдадзены рэкамендацыі па ўхіленню недахопаў, ажыццяўляецца пастаянны кантроль за іх выкананнем.

Нягледзячы на праводзімую работу, з пачатку года на прадпрыемствах раёна адбылося 6 выпадкаў вытворчага траўматызму, 2 чалавекі загінулі. Смерць трактарыста Лунінецкай ЖКГ адбылася па прычыне сутыкнення з ліхачом-аўтамабілістам. А вось тое, што да работы быў дапушчаны жывёлавод у стане алкагольнага ап’янення (1,5 праміле) у фермерскай гаспадарцы “Юліян”, з’яўляецца грубым парушэннем заканадаўства і вытворчай дысцыпліны. У выніку работнік быў затаптаны жывёлай…

На ААТ “Спецжалезабетон”, у СВК “Новае Палессе”, “Дварэцкі” і ў філіяле “Лобчанскае” ААТ “Лунінецкі малочны завод” работнікі атрымалі цяжкія пакалечанні. Аналіз паказвае, што падчас няшчасных выпадкаў у 75 працэнтах вінаватыя самі пацярпелыя. Але наймальнікам не трэба расслабляцца. Як запэўніў начальнік абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Валянцін Праватораў, калі на прадпрыемстве на працягу 2 год вытворчы траўматызм будзе дапушчаны двойчы, паўстане пытанне аб мэтазгоднасці знаходжання кіраўніка на пасадзе.

Начальнік інспекцыі энерганагляду Аляксандр Тылькевіч зазначыў, што паражэнняў электрычным токам у вытворчым працэсе на Лунінеччыне не было зарэгістравана, аднак ёсць факты невыканання кантрольна-тэхнічных мерапрыемстваў у некаторых арганізацыях. Начальнік РАНС Мікалай Арашкевіч паведаміў аб стане пажарнай бяспекі. З пачатку года ў агні загінулі 4 чалавекі. Што датычыць пажараў на аб’ектах юрыдычных асоб, то тут зафіксаваны адзін выпадак: згарэў магазін у вёсцы Града (філіял “Мікашэвіцкае РГП” райспажыўтаварыства). 43 кіраўнікі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правілаў пажарнай бяспекі. Складаная сітуацыя на ААТ “Лунінецлес”, дзе зараз разглядаецца пытанне аб забароне эксплуатацыі шэрагу аб’ектаў.

Падвёў вынікі раённага Дня аховы працы Васіль Агіевіч, канстатаваўшы, што кожны павінен усведамляць значнасць стварэння бяспечных умоў працы, і ніякіх паслабленняў або прычын — фінансавых ці якіх-небудзь яшчэ — у пытаннях аховы працы быць не павінна.

Алена ДАНІЛОВІЧ



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть