Бацькоўская справа лунінчаніна Андрэя ЛЕДАЎСКІХ
Новости районаОбщество

Бацькоўская справа лунінчаніна Андрэя ЛЕДАЎСКІХ

Працягнуць бацькаву справу — менавіта такім чынам вызначыў сваю будучыню лунінчанін Андрэй ЛЕДАЎСКІХ, які сёлета заканчвае вучобу на адным з самых прэстыжных факультэтаў Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь – авіяцыйным.

Чатыры гады таму ён выбраў спецыяльнасць “Кіраванне паветраным рухам у дзяржаўнай авіяцыі”. І ні разу ні аб чым не пашкадаваў, таму што вырас у сям’і афіцэра беларускай арміі:

– З самага дзяцінства бачыў, як у радах Узброеных Сіл служыць тата Дзмітрый Аляксеевіч. Зразумела, што мой інтарэс паступова павялічваўся. У 2019-ым закончыў сярэднюю школу №2, а потым прыняў правільнае і адказнае рашэнне аб паступленні ў Ваенную акадэмію. За перыяд навучання жаданне звязаць свой лёс з прафесіяй у імя захавання міру на нашай зямлі яшчэ больш умацавалася.

Скажу шчыра, што не ўсё давалася адразу. Але на тое і вядомая прыказка: цяжка ў вучэнні – лёгка ў баі. На сённяшні дзень у сваім арсенале маю 1 скачок з парашутам і 5 гадзін лётнага часу. Ёсць высокія паказчыкі па асваенні вучэбнага матэрыялу, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці і спорце. Дарэчы, фізкультура – галоўнае патрабаванне для курсантаў. У канцы кожнага семестра здаем экзамены і залікі, а перад выпускам чакае дзяржаўны экзамен па гэтым прадмеце. І раз ужо загаварылі пра спорт, то ганаруся тым, што летась пашчасціла стаць чэмпіёнам Рэспублікі Беларусь сярод прадстаўнікоў ВНУ і ваенных факультэтаў па стральбе са штатнай зброі.

Наперадзе ў Андрэя – адказны перыяд: ён атрымае запаветныя лейтэнанцкія зорачкі. Мара многіх, але толькі выбранныя ведаюць, якой цяжкай працай яны дастануцца!

Наталля ГРУДЗЬКО



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть