Беларусам наканавана быць разам
Общество

Беларусам наканавана быць разам

Славік і гісторыя

Мой знаёмы Славік – вялікі аматар паблукаць па прасторах інтэрнэту. Нідзе афіцыйна не працуе, часу вольнага мае шмат, а таму штодня надоўга “завісае” ў сеціве, блытаючыся ў сусветным павуцінні. Лічыць, што мае свой пункт погляду. Нягледзячы на гэта, мянае яго ледзь не штодня. Бы той гаспадар дадзенага слова: захацеў – даў, захацеў – назад узяў.

Начытаўшыся шматлікіх тэлеграм-каналаў, учора “канструктыўна” разважаў пра Дзень волі і нават выказваўся пра жаданне паехаць ды паўдзельнічаць у пратэстных акцыях, да якіх назойліва заклікаюць шматлікія інтэрнэнтныя “дабрахоты” ад апазіцыі. Маўляў, паглядзець на свае вочы, як яно ды што.
Між тым, літаральна праз дзень, узважыўшы ўсе “за” і “супраць”, Славік пераканана тлумачыў сябрукам: “Яно нам трэба? Вунь якія “аладкі” ў выглядзе рэальных тэрмінаў за гэта абяцаюць раздаць. Сынам абавязкова накажу, каб не лезлі, куды не след”.

Асцярожна пытаюся, што ён, уласна кажучы, ведае пра Дзень волі. Адказ кароткі: “Гэта – наш Дзень незалежнасці”. Хто падразумяваецца пад словам “наш”, не ўдакладняецца. Ды і больш падрабязных звестак Славік не выдае. Падазраю, што проста не памятае. Між тым, 25 сакавіка і насамрэч не значыцца сярод дзяржаўных святаў Рэспублікі Беларусь. Але менавіта ў гэты дзень у 1918 годзе ва ўмовах акупацыі кайзераўскай Германіяй была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка (БНР), а на сесіі Рады БНР прынята Трэцяя Статутная Грамата, згодна з якой БНР абвяшчалася “свабоднай і незалежнай дзяржавай”.
Між тым, ля вытокаў яе стварэння стаяла група дзеячаў нацыянальнага руху, які існаваў на тэрыторыі Беларусі ў час грамадзянскай вайны ў Расіі у 1918-1919 гадах, а пасля яе – у эміграцыі. Многія гісторыкі сёння пераканана гавораць пра тое, што ў БНР з самага пачатку не было асноўных прыкмет дзяржавы: яна не валодала суверэнітэтам, не мела легітымных органаў улады, канстытуцыі, апарату прымусу, дакладна вызначаных межаў, грамадзянства і г.д. У сувязі з гэтым даследчыкі не такога і далёкага гістарычнага мінулага сцвярджаюць, што БНР так і не стала сапраўднай дзяржавай і існавала толькі на паперы.
Да пэўнага часу штогод дату адзначалі ў асноўным беларусы замежжа. На маё ўласнае стаўленне да яе, як, зрэшты, і, думаю, іншых грамадзян сённяшняй Беларусі, паўплывала “традыцыя”, якая захоўвалася ў час Вялікай Айчыннай вайны. У 1942 годзе генеральны сакратар акругі Беларусі Вільгельм Кубе адобрыў правядзенне ўрачыстасцей з нагоды святкавання гадавіны БНР, а ў 1944-м пад іх знакам прайшла ўрачыстая прысяга воінаў Беларускай краёвай абароны (БКА).

Што сабой уяўляла БКА? Гэта не што іншае, як калабарацыянісцкае фарміраванне, утворанае Беларускай цэнтральнай радай, згодна з пастановай тагачаснага камандуючага СС і паліцыі генеральнай акругі. Пасля разгромных паражэнняў вермахта пад Сталінградам і на Курскай дузе немцы імкнуліся перацягнуць на свой бок беларусаў, наабяцаўшы створанаму пад эгідай акупантаў нацыяналістычнаму кіраўніцтву “залатыя горы”. Была аб’яўлена пагалоўная мабілізацыя мужчын ва ўзросце да 57 год. Ухіленне ад прызыву каралася смерцю.

Агульная колькасць прызваных у БКА па розных дадзеных вагалася ў межах 28-30 тысяч чалавек. У сакавіку 1944 года асабовы састаў БКА пад бел-чырвона-белымі сцягамі прыняў прысягу ў Мінску на плошчы Свабоды.

Неўзабаве мабілізаваныя сілы кінулі на аперацыі супраць партызан. Трэба сказаць, што некаторыя з часцей вынікова супрацьстаялі беларускім народным мсціўцам, чым моцна дыскрэдытавалі сябе ў вачах землякоў. Аперацыі, нягледзячы на іх жорсткасць, насілі назвы з ноткай рамантызму. Адна з іх – “Свята вясны” – была праведзена на Віцебшчыне. Паведамлялася, што ў выніку яе савецкія партызаны страцілі каля 80 працэнтаў свайго асабовага саставу.

У чэрвені 1944 года савецкія войскі пачалі буйнамаштабную аперацыю “Багратыён”, якая паклала канец гітлераўскай акупацыі Беларусі. Пасля гэтага БКА яшчэ спрабавала заявіць пра сябе: пасля эвакуацыі з ацалелых яе салдат быў утвораны 1- шы батальён так званай Беларускай вызваленчай арміі. Праз пэўны час ён быў разбіты наступаючымі савецкімі войскамі. Некаторыя прызыўнікі БКА з адступаючымі часцямі вермахта рушылі далей на Захад, нехта далучыўся да грэнадзёрскіх дывізій войскаў СС. Большасць жа вярнуліся ў свае беларускія вёскі.

“Навошта такі вялікі гістарычны экскурс ?”, – спытае нецярплівы чытач. Упэўнена, што патрэбен. Для такіх, як Славік – не дужа дасведчаных і на веру ўспрымаючых усё, што прапаноўвае варожая для нашай краіны прапаганда.

Быць ці не быць? Вось у чым пытанне…

Зараз некаторыя з ініцыятараў “перамен” прызнаюць, што многія нязгодныя з сітуацыяй беларусы так да канца і не вызначыліся, пачынаць вясной новую пратэстную кампанію ці не. Здаецца, сёння ім вельмі зручна тлумачыць усё патрабаваннямі заканадаўства, у тым ліку – Закона “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь», дзе дакладна вызначаны парадак правядзення сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетаванняў. Адступілі нават самыя актыўныя ўдзельнікі мінулагодніх пратэстаў. І небеспрычынна: вывады з падзей канца мінулага года зроблены, краіна гатова абараняць сваю незалежнасць.

Мне ж думаецца, што справа сённяшніх ваганняў учарашніх патрабавальнікаў перамен яшчэ і ў іншым. “Здзьмуліся” не толькі самі пратэстныя “телодвижения”, але і іх лідары – як унутраныя, так і знешнія. Актыўную дыскусію ў інтэрнэце выклікала прызнанне Светы Ціханоўскай пра тое, што апазіцыя “страціла вуліцы”. Найбольш дасведчаныя з апанентаў адразу ж супярэчаць: хіба можна страціць тое, чым ты, насамрэч, не валодаў?

Світа Светы ў асобе небезвядомага Франака Вячоркі паспрабавала хоць неяк згладзіць чарговае прызнанне “катлетнай прынцэсы”, маўляў не зусім правільна яе зразумелі. Аднак хто-ніхто ўсё ж небезпадстаўна лічыць, што калі “яна насамрэч хацела сказаць тое, што надрукавана, то лепей бы яна гэтага не гаварыла, таму што яе рэйтынг у вачах вуліцы пасля сказанага знізіцца”.

“Дэцэнтралізацыя згуляла злы жарт з пратэстамі – многія самаўхіліліся ад кіравання імі, а самаарганізацыя ў дварах і рэгіёнах аказалася даволі слабой, – упэўнены палітолаг Аляксей Дзермант. – Гэта прызнанне рэальнасці той часткі апазіцыі, што знаходзіцца ў эміграцыі. Яно наступіла праз амаль 10 дзён пасля Ўсебеларускага народнага сходу (УНС), учыніць байкот якому, згодна з планам , так і не ўдалося. Вуліца ўжо не бунтуе”.

Прасцей кажучы, апазіцыя ўвачавідкі пераканалася, што прыхільнікі дзеючыга Прэзідэнта згуртаваліся. Іх далёка не меншасць, як спрабавалі пераканаць усіх напачатку пратэстных акцый, яны ўпэўнены ў сваіх сілах і здольныя вынікова ўплываць на розумы людзей.

Не дрэмлюць, аднак, і нашы апаненты. У спробе ў чарговы раз сумніўным спосабам “зарабіць ачкі” тым, хто з гонарам называе сябе “апазіцыяй да ўлады”, яны, акрамя ўсяго іншага, імкнуцца прыпісаць ім заслугі, да якіх тыя маюць вельмі апасродкаванае дачыненне. Сітуацыя часам нагадвае танны фарс.

Адзін з мясцовых інтэрнэт-рэсурсаў апублікаваў аповяд пра лахвенскага актывіста, дзякуючы якому, быццам бы, і амбулаторыя ў вёсцы пачала працаваць, і спартыўная зала функцыянуе і безліч іншых слынных спраў зроблена. Словам, як у тым анекдоце: “Мёртвае мора ведаеш? Я замачыў…”.

Не прамінуў герой аповяда пахваліцца ўласнымі заслугамі ў сельскай гаспадарцы. Вось толькі, як сказалі б у вёсцы, гною ён там багата не настояў, ведам сваім унікальным асаблівага прымянення так і не знайшоў і з адукацыяй аграрыя чамусьці дапрацоўваў на чыгунцы…

Хоць яно і зразумелае, але прабачце аўтару гэтае невялікае адступленне. І калі ўжо закранулі актуаліі сённяшняга дня, то дазволю сабе ў чарговы раз выказаць абгрунтаванае спадзяванне наконт таго, што сапраўднаму палешуку (а гэта, як вядома, беларус са знакам якасці) з наступленнем вясны карціць думаць не аб пратэстах і бегатні па вуліцах, ствараючы нязручнасці іншым, а пра справы куды больш надзённыя . Пра тое, як кінуць зерне ў раллю, каб мець на стале хлеб. Як з недраў зямліцы роднай здабываць вельмі патрэбны для будаўнічай галіны граніт. Як зрабіць прыгажэйшымі нашы вёскі і гарады, узводзячы там новыя дамы для сем’яў з маленькімі беларусамі. Як, урэшце, усім разам пераадолець невыносныя выпрабаванні, якія працягвае нам падкідваць пандэмія каронавіруса. Вось тут мы павінны быць па-сапраўднаму адзінымі.

Святлана Міхальчык.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть