«Беларуская кухня» на Лунінеччыне
КультураМикашевичиНовости районаОбщество

«Беларуская кухня» на Лунінеччыне

Турыстычны патэнцыял палескага краю па-ранейшаму прыцягальны для шматлікіх вандроўнікаў. Нядаўна ў Дзятлавічах Лунінецкага раёна адбыліся здымкі папулярнай праграмы «Беларуская кухня», якая выходзіць на тэлеканале «Беларусь-3».

У нашу глыбінку ў пошуках аўтэнтычных рэцэптаў завітала этнограф Ларыса Мятлеўская з творчай групай кулінарна-гістарычнага шоу. На працягу некалькіх дзён яны пабывалі ў мясцовых гаспадынь – трох цёзак па прозвішчу Брэзіна: Людмілы, Галіны і Тамары, а таксама ў Алены Жук. Плануецца, што тэлеперадачы з нашымі землякамі выйдуць у эфір восенню.

Алена Жук (на здымку), якая працуе поварам у школьнай сталовай, расказала, што здымкі доўжыліся каля 5-6 гадзін. Прызналася, што было цяжкавата. Ларысу Мятлеўскую жанчына пазнаёміла з дзвюма стравамі, у назвах якіх ёсць цудоўнае словазлучэнне “па-баравецку”: “Проста я родам з Бараўцоў, вось таму і стравы такія”.

Для “Свініны па-баравецку” спатрэбіцца кавалак мяса вагой 400 грамаў, 200 грамаў свінога фаршу, 1-2 цыбуліны (у залежнасці ад памераў), 50 грамаў рысу, 1-2 курыныя яйкі, паніровачныя сухары, соль, перац, алей для абсмажвання.

Свініну варта парэзаць на парцыйныя кавалкі і адбіць, пасаліць іх і папярчыць. Для начынкі пакрышыць цыбулю і абсмажыць на патэльні з невялікай колькасцю алею. Рыс адварыць, зліць і астудзіць. Змяшаць фарш, цыбулю і халодны рыс. Дадаць солі. Пакласці начынку на мяса, загарнуць у выглядзе каўбаскі. Абмакнуць ва ўзбітыя яйкі, абсыпаць паніровачнымі сухарамі і абсмажыць з двух бакоў. Пратушыць 20-25 хвілін на малым агні пад накрыўкай. Падаецца страва з бульбяным пюрэ або фры.

Другой стравай, якую Алена Уладзіміраўна гатавала для “Беларускай кухні”, сталі “Мясныя труфелі па-баравецку”. Для іх спа-трэбіцца 2 курыных філе, 200 грамаў марынаваных грыбоў (баравікі, шампіньёны), цыбуліна і морква, 3-4 штукі чарнасліву, соль, перац, алей і маянэз. Неабходна кожнае філе разрэзаць на 2 часткі, адбіць іх, пасаліць і папярчыць. Здрабніць грыбы, абсмажыць на алеі. Асобна аб-смажыць пакрышаную цыбулю разам з морквай, на-дзёртай на тарцы. Парэзаць чарнасліў. Змяшаць усю начынку (грыбы, цыбулю, моркву і чарнасліў), пасаліць яе. Загарнуць у філе ў выгля-дзе труфеляў, замацаваць зубачысткамі. Зверху абмазаць маянэзам. На бляху наліць падсоленай вады і ставіць у печ. Калі страва гатуецца ў духоўцы, можна ўключыць грыль і падрумяніць. Па прызнанні Алены Жук, гасцям вельмі спадабалася!

Знаёмства з астатнімі гаспадынямі працягнем у наступных публікацыях. Дарэчы, спадзяемся, што чытачы раённай газеты далучацца да добрай ідэі сабраць на старонках лепшыя сямейныя рэцэпты – цікавыя, аўтэнтычныя, уласцівыя толькі пэўнай мясцовасці.

Дасылайце іх на нашы адрасы: паштовы – г. Лунінец, пл. Леніна, 12; электронныя – lncnews@brest.by, lncnews@yandex.by. Можна скарыстацца сацыяльнымі сеткамі, у тым ліку рэдакцыйным тэлефонам у Viber 8-044-552-26-65



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть