«Беларуская кухня» Тамара Брэзіна з Дзятлавіч і яе «Духмяныя булачкі» (Лунінецкі раён)
КультураМикашевичиНовости районаОбщество

«Беларуская кухня» Тамара Брэзіна з Дзятлавіч і яе «Духмяныя булачкі» (Лунінецкі раён)

Надоўга застануцца ўспаміны пра здымкі тэлепраграмы «Беларуская кухня» ў жыхаркі Дзятлавіч Тамары БРЭЗІНАЙ, якая разам з вядучай Ларысай Мятлеўскай гатавала «Духмяныя булачкі». Яны, па прызнанні гаспадыні,  абавязкова ўзнімуць настрой.

Для таго, каб парадаваць блізкіх ці сяброў, спатрэбіцца паўлітра малака, 25-30 грамаў свежых дражджэй, палова чайнай лыжкі солі, 150-200 грамаў цукру, прыкладна 700 грамаў мукі, 100 грамаў масла і 2 яйкі. Усё гэта неабходна старанна змяшаць. Цеста паставіць у цёплае месца для пад’ёму на 2 гадзіны. Для начынкі ўзяць 200 грамаў тварагу, дадаць у яго 1 яйка і 150 грамаў цукру. Перамяшаць. Падышоўшае цеста раскатаць у пласт таўшчынёй у 1 сантыметр. Парэзаць на квадрацікі ці шклянкай выціснуць кружкі. Пакласці ўнутр начынку, зашчыпаць яе, сфармаваць маленькія булачкі. Выпякаць 15-20 хвілін пры тэмпературы 170 градусаў. Затым гатовыя вырабы абмакнуць у “намазку”. Для яе шклянку смятаны змяшаць з паўшклянкай цукру. Булачкі варта скласці ў чыгунок ці іншую форму, перыядычна перакладваючы сметанковым маслам. Паставіць у духоўку ці печ для падрумяньвання.

Трэба дадаць, што Тамара Іванаўна – не толькі адметная кулінарка, якая можа парадаваць сям’ю выпечкай, але і руплівая гаспадыня, захопленая вырошчваннем кветак, буякоў, вінаграду, ажыны. А калі клопатаў на падворку меншае, з задавальненнем бярэцца за стварэнне дэкаратыўных вырабаў з фаамірану. Балазе, багатай фантазіі і таленту не займаць! У школе – выхавальнік, які не шкадуе для хлопчыкаў і дзяўчынак цеплыні свайго сэрца.

Шаноўныя чытачы! Запрашаем далучыцца да добрай ідэі сабраць на старонках лепшыя сямейныя рэцэпты – цікавыя, аўтэнтычныя, уласцівыя толькі пэўнай мясцовасці. Дасылайце іх на нашы адрасы: паштовы – г. Лунінец, пл. Леніна, 12; электронныя – lncnews@brest.by, lncnews@yandex.by. Можна скарыстацца сацыяльнымі сеткамі, у тым ліку рэдакцыйным тэлефонам у Viber 8-044-552-26-65.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть