Общество

БЕЗДАРОЖНАЯ ВУЛІЦА

У рэдакцыю раённай газеты патэлефанаваў Іван Трафімавіч Чарнавокі з Язвінак. Ён пражывае на вуліцы Садовая, якая, па яго словах, знаходзіцца ў дрэнным стане. Стараста вёскі Таццяна Цяльпук пацвердзіла:

– Сапраўды, на сходах жыхары гэтай вуліцы неаднаразова прасілі звярнуць увагу на дарожную праблему. 

Разам з ёю пад’ехалі да “святая святых”, як заўсёды называе малую радзіму Таццяна Мікалаеўна. Вуліца Садовая робіць уражанне на пабочнага чалавека! Спачатку любуюся дыхтоўнымі дамамі і дагледжанымі дварамі, а потым здзіўляюся нумарацыі: па адным баку – цотныя і няцотныя па парадку нумары. Але ёсць жа і другі бок! Гэта што – іншая вуліца?

– Вуліца мае тую ж назву – Садовая, – тлумачыць стараста. – А вось вёска іншая – Яжаўкі. І нумарацыя на гэтым баку захавана ў такой жа паслядоўнасці.

У Язвінках на гэтай вуліцы пакуль маецца 8 завершаных дамоў. Астатнія ці ў стадыі будаўніцтва, ці гаспадары набылі ўчасткі для гэтай мэты. У двары І.Т. Чарнавокага гасцінна ўсміхаецца яго дачка Людміла:

– Бацькі садзяць бульбу, дома будуць толькі вечарам… 

На суседнім двары бачым чалавека, які фарбуе агароджу палісадніка. Прашу выказаць сваё меркаванне па праблеме. Фёдар Кіндрук жартуе:

– Вы выбралі не той час для прыезду. Цяпер суха і не бачна таго стану, у якім наша вуліца знаходзіцца большую частку года. Урэшце, у непагадзь вы і не звярнулі б сюды з асфальтаванай вуліцы Леніна. І так ужо гадоў 10, з таго часу, як пабудаваліся тут. У асобныя дні восенню, зімой і вясной пакідаем свае аўтамабілі ў сяброў і сваякоў, таму што даехаць да дома немагчыма. Дзяцей, пакуль былі меншымі, раніцай праз агароды выносілі на плячах да школы, а днём сустракалі і такім жа чынам неслі дамоў…

На маё пытанне, ці звярталіся вяскоўцы ў мясцовую адміністрацыю, Фёдар Іванавіч гаворыць, што ўсе гэтыя гады чулі толькі абяцанні. Спачатку адказвалі: пачакайце – адбудзецца тэлефанізацыя, тады добраўпарадкуем; потым спасылаліся на правядзенне газу.

– Але ж і мне нічога іншага не застаецца сказаць, – усміхаецца Таццяна Мікалаеўна. – Пачакайце – плануецца правядзенне водаправода…

Ужо сур’ёзна стараста адзначае, што на працягу існавання вуліцы яе жыхары за ўласныя сродкі некалькі разоў набывалі пясок і падсыпалі асабліва небяспечныя яміны. Але ў дажджлівае надвор’е пройдзе трактар – і зноў разбіта дарога. На думку Ф.І. Кіндрука, праблему магла б вырашыць падсыпка вуліцы шчэбенем. Зразумела, гэта патрабуе не прыватных, а капітальных затрат. Старшыня Дварэцкага сельвыканкама Фёдар Дзмітрыевіч Велясюк ведае аб гэтай праблеме, але сёлета нічым дапамагчы не можа:

– На тэрыторыі сельсавета ў такім жа дрэнным стане, як Садовая ў Язвінках, знаходзяцца 17 вуліц. Калі выдзяляюцца сродкі, складваем графік чарговасці добраўпарадкавання. Цяпер з-за адсутнасці фінансавання пытанне нават не разглядаем. 

У суседняй вёсцы Ракітна з дазволу сельвыканкама створаны кар’ер, адкуль вадзіцелі ДРБУ-101 вывозяць пясок на адсыпку ў Лунінцы дарогі праз тэрыторыю былой МК-6. Вяскоўцы лічаць, што ёсць выдатная магчымасць падсыпаць і вуліцу Садовая. Наколькі зразумела, гаспадары і цяпер гатовы аплочваць кошт пяску. Але калі хтосьці будзе наймаць “левую” машыну, ён палепшыць дарогу толькі каля сваёй сядзібы. Для добраўпарадкавання вуліцы трэба арганізоўваць транспарт. Наўрад ці маладыя сем’і настолькі плацёжаздольныя, каб аплаціць і гэтыя расходы. Мяркую, што мог бы падключыцца СВК “Дварэцкі”. Але старшыня сельвыканкама мае рацыю, калі адказвае:

– Падсыплем дарогу на гэтай вуліцы, пачнуцца скаргі з іншых. Калгас на такія вялікія затраты не пойдзе…

Маўкліва згаджаюся з сумным заключэннем Ф.І. Кіндрука:

– І ў Язвінках ёсць людзі, якія жывуць у ХХІ стагоддзі, але не на нашай вуліцы…



Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть