Благотворительность

Ад добрых спраў не стамляюцца

Мароз і моцны вецер, якія ў той дзень уладарылі на Лунінеччыне, не перашкодзілі правядзенню загадзя запланаванага аддзяленнем дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту святочнага мерапрыемства з нагоды гадавіны свайго існавання.
Месцам збору пажылых людзей стала прасторная актавая зала цэнтральнай раённай бібліятэкі, дзе іх гасцінна сустракалі загадчыца Валянціна Рагалінская і бібліёграф Алена Бабута. У якасці падарунка гасцям калектыў галоўнага храма кнігі на Лунінеччыне падрыхтаваў тэматычную выставу “Цуды сваімі рукамі”. Каляровыя выданні адразу ж прыцягнулі ўвагу неабыякавых да цікавых навінак жанчын…
Адкрываючы свята, загадчыца аддзялення Святлана Філіновіч прыгадала крокі станаўлення і спадарож-нічаючыя ім цяжкасці, якія пераадолелі, дзякуючы мудрасці, вопыту і дабрыні згуртаванага калектыву аднадумцаў. Менавіта ўменне суперажываць тым, каму вельмі цяжка і адзінока, дазволіла выйграць і ажыццявіць дабрачынны праект “Вы не забыты”. Ня-гледзячы на ўласныя праблемы, хваробы і цяжкасці, пастаянныя наведвальнікі аддзялення не стамляюцца несці напаўняючую іх душы радасць жыцця пажылым пацыентам бальніцы сястрынскага догляду, аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інва-лідаў, а таксама дзецям, якія часова апынуліся без бацькоўскай апекі ў сацыяльным прытулку. І за гэта ўсім вялікі дзякуй.
Задавальненне ад актыўнай дзейнасці наведвальнікаў аддзялення выказала і дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Тамара Патурай. На думку спецыяліста, сваімі добрымі справамі яно даказала права на існаванне.
Афіцыйная частка праз лічаныя хвіліны змянілася цудоўным канцэртам, галоўнымі ўдзельнікамі якога былі самадзейныя артысты створанага пры аддзяленні ансамбля “Вытокі”. Літаральна ўсе песні ў іх выкананні былі настолькі прасякнуты глыбокім сэнсам, што выклікалі жывыя эмоцыі на тварах слухачоў. Іх вочы ззялі то шчырымі ўсмешкамі, то напаўняліся іскрыстымі слязінкамі… А як залівіста смяялася зала, калі інсцэніравалі вядомую казку “Курачка Раба”, перакладзеную на сучасны лад! З разуменнем і ўдзячнасцю ўспрымалі слухачы і сучасныя песні, якія гучалі з вуснаў маладых выканаўцаў – вучняў лунінецкай сярэдняй школы №1.
Як і належыць святу, закончылася яно “пасядзелкамі” за кубачкам чаю і салодкімі пачастункамі.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть