Благотворительность

Бывай, праект для пажылых!

Пад заслону мінулага года ў кафэ «Міраж» для «дзяцей вайны» сыграны апожні акт цудоўнай казкі, якая цягнулася роўна два гады. Ролі чароўных фей выканалі спецыялісты лунінецкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Лідзія Чыжакова і Ірына Мархотка. Гэта яны напрыканцы 2012-га года ў рэспубліканскім конкурсе адстаялі свой праект «Актыўнае цяперашняе пажылых людзей».

Яго мэта — успрыняцце землякоў, якія нарадзіліся да 9 мая 1945 года, не толькі як пацярпелых у гады Вялікай Айчыннай, маючых патрэбу ў клопаце і ўвазе, але і як здольных унесці важкі ўклад у жыццё грамадства. Усё добрае і цікавае праходзіць хутка. І ў час падвядзення вынікаў праекта мы, як на выпускным балі, зведалі два пачуцці: сум развітання і радасць ад таго, што жылі станоўчымі эмоцыямі, удзельнічаючы ў разнастайных цікавых мерапрыемствах. Заўсёды здзіўляла фантазія нашых арганізатараў! Не лічачыся з асабістым часам, спецыялісты цэнтра стараліся ўпрыгожыць жыццё ветэранаў працы. Мы ж атрымлівалі сапраўднае задавальненне ад выступленняў перад вучнямі навучальных устаноў Лунінца. Дапамагалі ў арганізацыі традыцыйных сустрэч ля Кургана Бессмяротнасці ў Дзень усеагульнай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. Падчас канцэртных праграм, прымеркаваных да святаў і адметных дат, мелі шчаслівую магчымасць не толькі пазнаёміцца з лепшымі музычнымі калектывамі, але і праявіць свае творчыя здольнасці. Адкрываліся цікавыя бакі асоб на шматлікіх конкурсах, прысвечаных 8 Сакавіка. Не засталіся ў баку ад правядзення мерапрыемстваў да Дня пажылых людзей. Незабыўныя ўражанні пакінулі экскурсіі ў Жыровіцкі манастыр, Нясвіж і Тураў. Паездка па Лунінцу для маларухомых грамадзян стала сапраўдным адкрыццём родных куточкаў райцэнтра. Усе паездкі не толькі ўзбагацілі веды аб гістарычным мінулым і цяперашнім нашай краіны, але і выклікалі пачуццё гонару за Беларусь, яе ўнікальнасць, прыгажосць
і парадак, за талерантных і міралюбівых суайчыннікаў. Тройчы пабывалі на спектаклях Палескага тэатра ў Пінску. Адным словам, і месяца не праходзіла, каб мы не паўдзельнічалі ў мерапрыемствах, сустрэчах, справах…

На нашым “выпускным балі” прагучала шмат цёплых і шчырых слоў у адрас так званых “унучак”. Да слёз кранула ўдзячнае выступленне Галіны Мар’інай, якая ў час вайны страціла бацькоў. Таму не па чутках ведае сіроцкую долю. Ад імя ўсіх удзельнікаў праекта “Актыўнае цяперашняе пажылых людзей” жадаю, каб дабрыня, багацце ўнутранага свету, арганізатарскія здольнасці, дзелавыя якасці Лідзіі Чыжаковай і Ірыны Мархотка былі заўсёды запатрабаваны як у працоўнай, так і грамадскай дзейнасці!

Наталля КАЗАНКОВА

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть