Благотворительность

Цяпло роднага дома

дорыць матулі і яе старэйшым сёстрам лунінчанка Людміла АСТРАУМАВА. Так сталася, што пенсіянеркі знайшлі ў пляменніцы не толькі часовы дах над галавой, але і бязмежную ўвагу і клопат, якімі яна акружыла блізкіх людзей.

Так званы “Дом зімоўкі” паявіўся ў райцэнтры ў снежні, калі Людміла Аляксандраўна прыняла рашэнне забраць на пэўны час цётак – Варвару Шоцкую і Веру Галубіч. Старэйшай у лістападзе споўнілася 94 гады, а вось другая ў красавіку адзначыць свой 90-гадовы юбілей. Абедзве жанчыны жылі на Гродзеншчыне. Варвара Антонаўна была замужам, але мужа даўно пахавала. Дзяцей, на жаль, Бог не даў. Вера Антонаўна таксама не зведала сямейнага шчасця, адзінага сына выхоўвала сама. Юрыя лёс закінуў у далёкі Ніжневартаўск, адкуль на лунінецкую зямлю цяпер дасылаюцца вестачкі ад 3 унукаў і 3 праўнукаў.

– Тры гады таму захворванне цалкам пазбавіла цёцю Варвару зроку, – успамінае Людміла Аляксандраўна. – Спачатку яе забрала да сябе цёця Вера, а калі ўжо абе-дзвюм стала праблематычна абслугоўваць сябе ў бытавых пытаннях, з мужам Аляксандрам Антонавічам доўга не вагаліся. Урэшце, яны таксама, калі былі маладзейшымі, нам заўсёды дапамагалі. І калі вяселле сыну ладзілі, і калі будаваліся ды рамонты рабілі. Таму аб інтэрнатах нават і гаворкі не заводзілі. Перавезлі цётак да сябе, аформілі сюды пенсіі. Яны ўдваіх – інваліды першай групы. Балазе, месца ў доме хапіла ўсім!

Шчырай радасці не хавала і самая маладзейшая з трох сясцёр – мама гаспадыні Марыя Антонаўна Нікіціч. Добрым словам прыгадваюць настаўніцу матэматыкі калектывы Дварэцкай і сярэдняй школы №1 г. Лунінца, адкуль жанчына пайшла на заслужаны адпачынак. Гэтую навучальную ўстанову ў свой час закончыла і сама Людміла Аляксандраўна. Будучую спецыяльнасць швачкі набыла ў Брэсцкім вучылішчы. Працавала ў Доме быту, пазней – у індывідуальных прадпрымальнікаў. Цяпер знаходзіцца на пенсіі. Праўда, без справы не сядзіць: трэба то ежу прыгатаваць, то парадак навесці, то бялізну памыць. Але жанчына не скардзіцца і дзякуе мужу, які не прывык дзяліць хатнія абавязкі на свае і жончыны. Па магчымасці дапамагае сын Максім, які працуе рабочым у ДРБУ-101.

Пра шчасце дзяцей, а ў Людмілы Аляксандраўны ёсць яшчэ старэйшы Дзяніс (ён асталяваўся ў Мінску, жанаты), сёння марыць жанчына. А яшчэ просіць у малітвах здароўя для сябе і сваіх блізкіх, даўгалецця і дабрабыту. У тым, што так і будзе, асабіста не сумняваюся. Таму што ўпэўнена: дорачы ўвагу і любоў іншым, узамен можна атрымаць куды больш!



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть