Благотворительность

Цяжкія крокі да шчасця

адрасыыыКватэра на другім паверсе. Вялікае акно выходзіць на цэнтральную вуліцу горада. Бясконцы паток аўтамабіляў, паспешлівыя крокі пешаходаў. Веласіпедысты выпісваюць віртуозныя фігуры, дзеці гаманлівай чародкай бягуць насустрач невядомасці. А яшчэ моладзь, якая вечарам ідзе на спатканне і дорыць шчаслівыя ўсмешкі сваім выбраннікам. Такое звычайнае жыццё, і мала хто зверне ўвагу на постаць дзяўчыны ў аконнай шыбе, якая не можа дазволіць сабе простыя радасці і задавальненні.
Лунінчанцы Алёне ЦЯЛЬПУК – 19 год. У гэты самы прыгожы і непаўторны ўзрост, калі звычайна сэрцы дзяўчат перапоўнены марамі і жаданнямі, у яе працягваецца змаганне з хваробай. Каля ўваходу стаіць інваліднае крэсла, кожны раз нагадваючы, што шлях на вуліцу магчымы толькі з яго дапамогай. Менавіта тут перакрыты дзверы і да жаночага шчасця, бо трэба зрабіць нямала крокаў, якія дзяўчыне не пад сілу…
Калі ў Валянціны Аляксееўны нарадзілася Алёнка, радасці не было межаў. Жылі ў прыгожым горадзе, пабудавалі кватэру, была любімая работа. Але паўнату шчасця адчуваць давялося нядоўга. Калі малой споўнілася 8 месяцаў, заўважылі нядобрае. Урачы, бальніцы, здагадкі і падазрэнні… Ночы без сну, кволая надзея… Страшны дыягназ – ДЦП – агучылі праз год. Немагчыма перадаць тыя пачуцці страху, якія захліснулі ад прысуду.
І пачалося бясконцае змаганне за дачушку. Дзякуючы малітвам і старанням дарослых Алёнка расла прыгожай і адукаванай. Спачатку і не заўважалася, што побач моцна хворае дзіця. Але дзяўчынка не магла абыхо-дзіцца без старонняй дапамогі. Далі групу інваліднасці. З узростам сама пачала разумець увесь цяжар праблемы, якая абрынулася на яе кволенькія плечы. Ды ўспрымала ўсё мужна і цярпліва.
Школьную праграму
асвойвала на даму. Вучоба давалася лёгка, ды і рыхтавалася своечасова. Пры індывідуальным навучанні нельга было спадзявацца, што не выклічуць да дошкі, як гэта часта бывае на звычайных занятках. Што не паспявала зразумець, заўсёды тлумачылі, дапамагалі.
Некалькі разоў дзяўчынка разам з маці была за мяжой. У Германіі пасябравала з равеснікамі. Пабывала на Майнау – шыкоўным востраве кветак. Пачуццё эстэтыкі дапаўнялі шчырыя адносіны людзей. Падтрымка і павага адчуваліся паўсюдна. Гэтага не заўсёды хапае дома, калі людзі на вуліцы азіраюцца на інвалідаў. Магчыма ў іх душы і жыве шчырае спачуванне, але быць у цэнтры ўвагі ніякавата, хочацца схавацца ад цікаўных вачэй.
У Ірландыі было многа знаёмстваў. Паездка ў старажытны замак навеяла адчуванне містыкі. Здавалася, героі з вялікіх партрэтаў бачаць і адчуваюць. Пасля гэтага захапілася фантастыкай і верай у цуды. Але калі больш дасягальнымі яны аказаліся ў кніжках, то ў жыцці ўсё не так проста…
У родных жыве найвялікшае жаданне – вылечыць дзяўчынку, але пакуль няма такога доктара, які б узяўся дапамагчы. Алёна не можа хадзіць. Але яна добра размаўляе і прыгожа ўсміхаецца. Вельмі падабаецца рэдагаваць і набіраць тэксты, яшчэ больш радуе адчуванне быць карыснай людзям.
Жывуць яны ўдваіх з мамай, дзядуля і бабуля заўсёды адгукаюцца на дапамогу. Валянціне Аляксееўне давялося пакінуць работу і прысвяціць сябе дачушцы. Раніцай яны ідуць па вуліцы – прыгажуня ў інвалідным крэсле і абаяльная жанчына побач з ёй. Размаўляюць і разумеюць адна адну. Павага і тактоўнасць пануюць тут кожны дзень.
Аднойчы Алёна прачытала ў часопісе пра дзяўчыну-калясачніцу, якая атрымала вышэйшую адукацыю, стварыла сям’ю, нарадзіла дзіця. Друкаваныя радкі пра цяжкі лёс мужнай незнаёмкі прыдалі ёй сілы. Мара пра адукацыю ўжо стала збывацца: Алёна – другакурсніца Баранавіцкага дзяржуніверсі-тэта па спецыяльнасці “Практычная псіхалогія”. Навучаецца завочна. Даводзіцца плаціць вялікія грошы на дарогу, наймаючы машыну заехаць на сесію, бо нашы цягнікі не прыстасаваны для інвалідаў. Па гэтай жа прычыне з’явіліся абмежаванні ва ўдзеле ў розных конкурсах і музычных фестывалях, куды Алёну часта запрашаюць арганізатары як выдатную вакалістку. Маленькую мама паднімала на руках. Зараз дзяўчына дарослая, але ўзняцца на прыступкі самастойна не хапае сіл.
Вельмі ўдзячны за прадастаўленыя магчымасці ў універсітэцкім інтэрнаце. Там цэлы блок адпавядае асаблі-вым патрэбам людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
Можна сказаць, што яны з мамай вучацца ўдваіх. Разам едуць на заняткі, Валянціна Аляксееўна дапамагае пісаць канспекты, бо Алёне цяжка паспець хуценька занатаваць лекцыю. Разам з дачушкай асвойвае гуманітарную спецыяльнасць.
У іх так утульна ў кватэры. І не таму, што на вуліцы вельмі цёпла. Спакой і добразычлівасць іскрыцца ў вачах гаспадароў. Прыемна на сэрцы ад іх ціхай гамонкі і шчырых усмешак.
На выгляд дзяўчына жыццярадасная і вясёлая. Але варта ўважліва паглядзець ёй у вочы, і там, у самых куточках, застыў цяжкі смутак, які яна старанна хавае за ўсмешкай. Менавіта гэта мілая ўсмешка дадае родным сілы змагацца за сваю адзіную прыгажуню.
На сцяне ў асаблівых рамках зіхацяць цудоўныя вышыўкі крыжыкам. Гэта захапленне бабулі, адчуваецца, з якой стараннасцю быў створаны кожны ўзор. Такое па сілах толькі цярплівым, старанным людзям.
Алёну лёс пакрыўдзіў, не даўшы неабходных магчымасцей, але ўдосталь узнагародзіў любоўю блізкіх, чым можа пахваліцца далёка не кожны з нас. Хочацца шчыра пажадаць, каб дзяўчына перамагла хваробу, змагла зрабіць самастойныя крокі насустрач свайму шчасцю. Каб у гэтай шчырай атмасферы любові і цяпла паявілі-ся яе дзеці – здаровыя, жаданыя. Каб нерастрачаныя пачуцці кахання і жаноцкасці сагрэлі маладое сэрца.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть