Благотворительность

«Доброта — не такая уж малость…»

доброта 3

Раённая арганізацыя ГА “Беларускі саюз жанчын” разам з рэдакцыяй “Лунінецкіх навін” праводзіць традыцыйную акцыю “Святло каляднай зоркі”. Сёлета з дабрачыннай місіяй мы вырашылі пабываць у сем’ях інвалідаў і адзінокіх маламаёмных жыхароў Лунінеччыны. Іх адрасы нам падказалі ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Першай на шляху следавання стала вёска Сінкевічы.

Дом на Партызанскай практычна не адрозніваецца ад іншых, якіх шмат на сінкевіцкіх вуліцах. З кожным годам такім будынкам, як і іх гаспадарам, усё цяжэй вытрымліваць выпрабаванні часам. Цёмныя бярвенні быццам нясуць на сабе важкі адбітак гісторыі, які не сцерці віхуры паўсядзённасці. Здаецца, за гэтымі сценамі ўжо няма месца жыццю, а яно цепліцца, прабіваючыся дымам коміна ды ўпарта заяўляе пра сябе зваленымі ў двары нядаўна прывезенымі дровамі, што чакаюць руплівага гаспадара з пілой і сякерай.

У гэты дом мы спяшаемся да Дзяніса Мартынкоўскага – дваццацігадовага юнака, які мужна змагаецца са страшнай хваробай. Тут ён жыве разам з дзядулем Іосіфам Дзянісавічам, які сустракае нас на парозе хаты. У вачах старога – боль. Летась 12 красавіка дом асірацеў – не стала гаспадыні. Яе прысутнасць яшчэ адчуваецца вялікай колькасцю па-майстэрску “выбітых” дываноў (гэтым рукадзеллем здаўна славіліся паляшучкі). Яркія вырабы быццам саграваюць сцены старога дома, але адсутнасць жаночай рукі ўжо адчуваецца на кожным кроку. Цяпер Іосіфу Дзянісавічу даводзіцца самому дзяліць з унукам груз цяжкай хваробы.

Яго не хочацца называць Дзянісам, так і просіцца ласкава-пяшчотнае Дзяніска, бо, няўпэўнена ступаючы, нам насустрач узняўся прыгожы хлапчук. Яго даверлівая ўсмешка на хвіліну асвятляе пакой, і так не хочацца верыць, што прыязная знешнасць хавае сімптомы каварнай хваробы.
Яна падкралася непрыкметна, перакрэсліўшы планы і мары. Жорсткі ўрачэбны прысуд “рассеяны склероз” не пазбавіў, аднак, адзінага – жадання жыць і змагацца. І ён змагаецца – як можа, як умее. Іншы раз – праз слёзы і боль, не ведаючы, калі і як нанясе чарговы ўдар хвароба.

У невялікім  вузкім пакойчыку – паўзмрок. Каля сцяны ледзь месціцца ложак. На століку – недарагі камп’ютар, без якога проста немагчыма ўявіць цяпер зносіны са светам, і трэнажор. Яго для Дзяніса на некаторы час у знаёмых пазычылі сябры. На трэнажоры хлопец, перасільваючы немач, спрабуе аднавіць сілы, якія пакі-даюць да крыўднага хутка.

Сціплае “ўбранства” двух жылых пакояў дапаўняе інваліднае крэсла. Гэта з яго дапамогай сябры на Новы год далучылі Дзяніску да свята. Яны – той трывалы ланцужок, што дазваляе хлопцу не губляць веры ў сябе. Менавіта таму так хочацца сардэчна пакланіцца ўсім, хто дапамагае яму супрацьстаяць хваробе. Вы, дарагія чытачы, таксама можаце далучыцца да гэтага нешырокага пакуль кола. Нягледзячы на спецыфічнае лячэнне, матэрыяльная падтрымка невялікай сям’і будзе вельмі дарэчы. Каардынаты Дзяніса Мартынкоўскага – у рэдакцыі.

Напярэдадні Нараджэння Хрыстова пабывалі мы ў доме 65-гадовага Рыгора Фёдаравіча Поуха. Усё жыццё адпрацаваў ён механізатарам у мясцовым калгасе. Сям’і так і не займеў, усяго сябе аддаючы рабоце. Хварэць не звык, таму калі аднойчы забалела нага, спісаў усё на недарэчнасць, якая не сёння-заўтра пройдзе. Не прайшла. Імклівая закупорка сасудаў вылілася ў гангрэну. Яшчэ зусім нядаўна здаровы мужчына спачатку страціў адну нагу, потым – другую. Прыкаваны да інваліднага крэсла, Рыгор Фёдаравіч стараецца не губляць сувязі са светам. На відным месцы – “Лунінецкія навіны”, газета, з якой звык ісці па жыцці.

У штодзённых клопатах дапамагае сястра. У хаце ўтульна і цёпла. Тут частыя госці не толькі Ганна Фёдараўна, але і яе сын з нявесткай, якія жывуць непадалёк. Старасць, сагрэтая цяплом блізкіх людзей, не падаецца такой адзінокай.

Яшчэ адна жыхарка Сінкевіч Ганна Усцінаўна Гоза сустрэла нас са слязамі на вачах. Падарункаў напярэдадні Каляд чакаць ёй няма ад каго, таму неспадзяваным гасцям была вельмі рада. Свой лёс 77-гадовая жанчына вызначыла коратка і горка: “Адна-адзінокенькая, родныя мае…”. Змесціва прадуктовага набору доўга перабірала сухенькімі рукамі, не стамляючыся дзякаваць. Пенсія ў Ганны Усцінаўны невялікая, на заслужаны адпачынак пайшла з будаўнічай брыгады тагачаснага калгаса “40 год Кастрычніка”. Ад гаспадаркі атрымала і невялікую кватэру, у якой цяпер дажывае век.

– Зусім мне было б нясоладка, – гаворыць жанчына. – Ды свет не без добрых людзей. Суседзі дапамагаюць, дзякуй ім. І дроў прынясуць, і з прадуктамі з магазіна падсобяць.

Мне таксама хочацца думаць, што свет поўніцца дабрынёй, што кожны з нас знойдзе ў сабе сілы не прайсці міма чужой бяды, працягне руку дапамогі, подорыць прадчуванне свята, якое так неабходна ў гэтыя калядныя вечары і кожны дзень.

доброта 2

доброта 1

У час паездкі мы не змаглі трапіць да Н.У. Камовіч. Дзверы аказаліся звонку зачыненымі на замок. За імі таксама прытулілася адзінота.  Надзея Уладзіміраўна цяжка хварэе і з хаты не выходзіць. Праведаць жанчыну ў іншы час і перадаць для яе прадуктовы набор паабяцаў старшыня Сінкевіцкага сельвыканкама В.М. Краснікевіч, які суправаджаў нас у час паездкі па адрасах міласэрнасці.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть