Благотворительность

“Кудесница” Насця

Праз невялікае акно яна назірае за ціхай вясковай вуліцай. Малеча корпаецца ў пясочку, падлеткі віртуозна катаюцца на веласіпедах і матацыклах. Пад вечар юнакі і дзяўчаты збіраюцца невялікай кампаніяй, бесклапотна рагочуць, штурхаюць адзін аднаго. Ёй так хочацца быць адной з тых зграбных прыгажунь на высокіх абцасах, пайсці на спатканне са светлавалосым матацыклістам. Але…
“Дыспластычны скаліёз. Грудная дэфармацыя пазваночніка 4 ступені цяжкасці…” – гэта не спецыяльныя тэрміны з медыцынскага даведніка, а дыягназ. І не проста дыягназ, а лёс маладой 19-гадовай дзяўчыны Насці, якая нясе свой душэўны і фізічны боль са стойкасцю дарослага, мужнага чалавека.
Яна нарадзілася з сур’ёзнымі захворваннямі нырак. Пасля шматлікіх даследаванняў дзяўчынцы правялі дзве цяжкія аперацыі. На жаль, праблемы засталіся, і з’явіліся парушэнні пазваночніка.
Школьныя заняткі праводзіліся на даму, але веды Насця атрымала дасканалыя, бо з нецярпеннем чакала настаўнікаў, вучыла больш, чым задавалі.
Адзінота заўсёды была яе спадарожніцай. Матуля з усіх сіл імкнулася аблегчыць манатонныя шэрыя будні, была дачушцы і сяброўкай, і сястрой, ды сваіх равеснікаў – няўрымслівых і неўгамонных – не заменіць ніхто. А яны, бачачы яе фізічны недахоп, стараніліся Насці, робячы той яшчэ больш балюча.
Атэстат сталасці з высокімі баламі адзінаццацікласніца атрымала, як і іншыя, на выпускным вечары. Тады, гледзячы на гарэзлівых аднакласнікаў, якім былі адкрыты ўсе жыццёвыя дарогі, для сябе вырашыла: трэба змагацца. Бацькі не згаджаліся на вельмі рызыкоўную аперацыю, а яна, дачакаўшыся паўналецця, сама падпісала ўсе неабходныя паперы…
12 гадзін па “карэкцыі дэфармацыі пазваночніка па метаду тыпу Катрэля-Дзюбуссе з прымяненнем імплантуемай тытанавай канструкцыі”… Месяц не ўставала, паўгода ціхенька хадзіла толькі па хаце. І вынік – выгіб зменшыўся на трэць. Патрэбна яшчэ адна аперацыя, але пакуль не хапае сіл, ды агортвае страх. І перасадку донарскай ныркі змогуць зрабіць толькі праз некалькі год, калі змучанае сэрца дзяўчынкі крышачку акрыяе.
Там, на бальнічных ложках, у яе многа сяброў, такіх жа юнакоў і дзяўчат. Яны не саромеюцца сваіх недахопаў, бо ўсе роўныя. Дома ж суседская моладзь глядзіць на Насцю з жалем, ад якога становіцца ніякавата. Яна закрываецца ў хаце і трымае сваё юнацтва за тонкім аконным шклом. Глядзіць прывычныя серыялы, слухае любімыя песні, бавіць час у інтэрнэце.
Ужо некалькі год паштальён прыносіць дзяўчыне часопіс “Кудесница”. Такой жа стараннай, здаровай і ўмелай, як яго гераіні, марыць стаць і сама Насця. Некалі і яна зможа саскокваць з прыступак, смела нахіляцца і нават танцаваць. І знешне нічым не будзе адрознівацца ад іншых. Паступіць вучыцца на адну з нешматлікіх прафесій, магчымых з гэткім дыягназам, і з яе жыцця навечна знікне такое надакучыўшае слова “інвалід”. А галоўнае – у прыгожых блакітных вачах больш ніколі не будзе глыбокага суму, і яе дзіўная ўсмешка сагрэе сэрцы родных людзей, якія ўжо столькі вынеслі дзеля выратавання сваёй мілай “кудесницы”.
Чамусьці стала сорамна перад Насцяй за нашы чалавечыя слабасці. Колькі юнакоў і дзяўчат сталі наркаманамі, алкаголікамі, ці наогул рашыліся на суіцыд, маючы здаровае цела і не вытрымаўшы нязначных жыццёвых выпрабаванняў! Ім бы пазнаёміцца з гэтай кволай дзяўчынкай, павучыцца ў яе стойкасці. Тады яны крышачку б цанілі сваё здароў’е і магчымасці, якімі б так даражыла сарамлівая Насця, якая папрасіла не пісаць у газеце адрас і прозвішча, баючыся залішняй увагі да сябе.
Пакідаючы ўтульны пакой, не знаходзіла што сказаць дзяўчыне на развітанне, як зменшыць смутак у вачах, чым дапамагчы. На вуліцы мала хто зверне ўвагу на звычайнае драўлянае акно, з якога глядзіць у вялікі свет сумная прыгажуня з такім простым чалавечым жаданнем: “Быць здаровай”!

Ей так хочется быть, как все,
И от боли глухой не стонать,
Босиком бежать по росе,
Веселиться, играть, танцевать.
Но сжимает тугой корсет,
Как паук, девичьи мечты,
Ей всего девятнадцать лет,
А в душе – полно пустоты.
Упиваясь ее бедой,
Горечь правит роскошный бал,
Станет мама совсем седой…
А надежды росток так мал.
Операция… Вновь наркоз…
Терпкий запах висит в окне,
И немножко девичьих грез
При подружке ночной – луне.
Чтобы рядом – надежный друг
Ей частицу дарил тепла,
И его, самых сильных рук
Испугавшись, болезнь ушла.
Им бы вместе не страшен вой
Непогоды в глухой ночи…
Но одна со своей бедой
И молчит она, и кричит.
С виду хрупкая, но сильна,
Вера в лучшее пусть живет!
И весна, цветная весна
Обязательно к ней придет!

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть