Благотворительность

Не губляць аптымістычны настрой

Старасць нельга спыніць, але яе можна зрабіць актыўнай, цікавай і напоўненай жыццём. У гэтым заключаецца сэнс работы
супрацоўнікаў аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту, якое сёлета адкрыта на базе тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Пераступіўшы парог абноўленага будынка, дзе калісьці знаходзілася дапаможнае памяшканне былога скурвендыспансера, праз невялікі калідор трапляеш у прасторную залу. Погляд міжволі спыняецца на галоўным атрыбуце пакоя – шырокім стале з роўнымі стосамі вязаных каляровых “квадрацікаў”. Каля іх нетаропка завіхаюцца “першаадкрывальнікі” аддзялення Марыя Міснікава, Любоў Бондарава, Ева Зышчык, Ірына Пятровіч, Надзея Кічатава.
– Сёння працягнем рыхтаваць накрыўкі на крэслы, – заўважае адна з жанчын. –Аснову ўжо вывязалі, застаецца толькі злучыць паміж сабой пэўную колькасць квадрацікаў – і можна засці-лаць на крэслы, каб яны сталі не толькі цёплымі ды мяккімі, але і прыгожымі.
Больш уважліва агледзеўшы пакой, заўважаю, што практычна ўвесь яго інтэр’ер упрыгожваюць самаробныя рэчы: вазы для кветак і садавіны, зробленыя з газетных трубачак; галінкі і шарыкі, сплеценыя з нітак; маляўнічыя паштоўкі да святаў…
Усё гэта – старанні наведвальнікаў гуртка “Дамашні ачаг”, што працуе пры аддзяленні. Таксама тут дзейнічаюць літаратурна-паэтычны гурток “Натхненне”, вакальны – “Вытокі”, псіхала-гічны – “У гармоніі з сабой” і нават садаводчы – “Архідэя”, тэматычныя клубы: праваслаўны – “На крылах Веры”, гумарыстычны “Смяяцца дазваляецца”. У аддзяленні можна атрымаць не толькі разнастайныя паслугі па арганізацыі адпачынку, сацыяльна-педагагічныя, медыцынскія і бытавыя, але і павысіць свой адукацыйны ўзровень. Гэтаму садзейнічае 4-месячны курс па авалодванню камп’ютарам. Адной з першых дакумент аб заканчэнні атрымала Ева Зышчык, былы бухгалтар раённага аддзела адукацыі. Цяпер яна ўжо смела падказвае сяброўкам, як працаваць з сучаснай тэхнікай.
Загадчыца аддзялення Святлана Філіновіч задаволена поспехамі сваіх падапечных. Яна з гонарам паказвае Дыплом нядаўняй выпускніцы курса Ніны Староўскай за ўдзел у другім абласным фестывалі клубаў і сацыяльных ініцыятыў пажылых людзей, які два месяцы таму праходзіў у Пінску. Як расказала Святлана Рыгораўна, камп’ютарныя курсы карыстаюцца асаблівай папулярнасцю ў пажылых людзей. На іх запісваюць загадзя і кожны цярпліва чакае свайго часу. А яшчэ многія мараць пра курсы нямецкай і англій-скай моў. Загадчыца не супраць такой ініцыятывы, справа – за валанцёрамі. Магчыма, прачытаўшы гэта, адгукнецца нехта з былых выкладчыкаў.
Згодна з вынікамі работы калектыву, а працуюць тут яшчэ спецыялісты Ірына Людвічэнка і Вольга Канапацкая, за 11 месяцаў аддзяленнем аказана 3121 сацыяльная паслуга ў розных напрамках, праведзены 42 культурна-масавыя мерапрыемствы, удзел у якіх прынялі 1611 грамадзян пажылога ўзросту. Завершана работа ў рамках праекта “Ад інавацый у сацыяльнай сферы – да новай якасці жыцця!”, які рэалізоўвалі разам з Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа. Менавіта ўдзел у акцыі “Вы не забыты” паказаў, наколькі неабыякавыя да чужых лёсаў, актыўныя і ініцыятыўныя людзі сабраліся пад дахам невялікага доміка. Іх і зараз з нецярпеннем чакаюць у аддзяленні кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту, у бальніцы сястрынскага догляду і дзеткі з сацыяльнага прытулка, да якіх яны не раз хадзілі з канцэртамі і падарункамі.
– Наведваем мы інвалідаў і дома, – расказваюць жанчыны. – Дорым ім свае песні, вершы і байкі. У нас падабраўся вельмі здольны калектыў, мы ж яшчэ ўдзельнічаем у хоры ветэранаў вайны і працы “Спадчына”. Менавіта там даведаліся аб стварэнні новага адзялення і адразу ж сталі яго пастаяннымі наведвальнікамі. Разам з намі прыйшлі таксама Марыя Абрамчук, Вольга Жук, Га-ліна Чыжык. Ва ўтульнай і добразычлівай атмасферы дзелімся навінамі, вучымся адзін у другога таму, чаго не ведалі раней. Ды і час бяжыць, як у маладосці – хутка і незаўважана. З лета, напрыклад, нам прапанавалі наведваць басейн. Абяцалі нават навучыць аэробіцы.
Сабраўшыся разам, мы зразумелі, што жыццё на пенсіі не заканчваецца, пая-вілася магчымасць ажыццяўляць свае планы ў адпаведнасці з жаданнем, не азіраючыся на рабочы графік. Раім і іншым не губляць радасць жыцця.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть