Благотворительность

Падорым дзецям казку

дед морозАкцыю пад такой назвай традыцыйна напярэдадні Новага года і Каляд разам з рэдакцыяй “Лунінецкіх навін» праводзіць раённая арганізацыя ГА «Беларускі саюз жанчын».

У пярэдадзень чароўных святаў актывісты жаночага руху разам з журналістамі наведваюць прыёмныя і мнагадзетныя сем’і, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, дзетак-інвалідаў.

Рэдакцыйныя Дзядуля Мароз і Снягурка дабіраюцца ў самыя аддаленыя населеныя пункты, дзе іх з нецярпеннем чакае дзетвара, чый свет нярэдка абмежаваны сценамі дома ці кватэры. Трэба бачыць, колькі неспадзяванай радасці паяўляецца ў спакутаваных вачанятах! I як цёпла на сэрцы ад таго, што мы здолелі падарыць ім гэтую казку,

У перадкалядныя дні разам з намі вы таксама можаце далучыцца да высакароднай справы. Прычым, не толькі падказаць нам новыя адрасы міласэрнасці, але і рэальна паўдзельнічаць у акцыі. Наведайце рэдакцыю, дзе ўстаноўлены скрынкі для падарункаў (а гэта могуць быць цацкі, дзіцячае адзенне, салодкія пачастункі) і збору ахвяраванняў, на якія набудзем ласункі і прадуктовыя наборы. Ваша неабыякавасць падорыць радасць і падтрымку тым, каму яна вельмі патрэбна. Ведаючы, што іншы раз нашай увагі чакае не толькі дзетвара, але і адзінокія малазабяспечаныя састарэлыя людзі, пастараемся не мінуць і такія сем’і.

Удзячны ўсім, хто пастаянна адгукаецца на наш заклік. У мінулыя гады такія святы не адбыліся б без падтрымкі фермераў Рыгора Богдана і Эдуарда Чэркаса, прадпрымальнікаў Уладзіміра Білібы і Валянціны Болатневай, шматлікіх простых людзей, якія не застаюцца абыякавымі да чужога болю. Дзякуй вам! Спадзяемся, што і сёлета разам мы зможам падарыць Калядную казку.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть