Благотворительность

Прыемна дарыць дабрыню

Дзяцінства – самая прыгожая і незвычайная пара, якая назаўсёды застаецца ў цёплых успамінах кожнага з нас. Але часам у свет гэтай лёгкасці і бесклапотнасці ўрываюцца бытавыя праблемы, якія прымушаюць маленькія сэрцайкі пазіраць на навакольны свет з болем і крыўдай. Прычын такога становішча шмат, але большасць з іх дарослыя ў стане вырашыць і тым самым падарыць дадатковую радасць хлопчыкам і дзяўчынкам.

Менавіта з такой мэтай па некалькіх адрасах у вёскі раёна накіраваліся намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Вольга Калугіна, загадчык сектара па справах моладзі Сяргей Молчан і старшыня раённай арганізацыі таварыства Чырвонага Крыжа Таццяна Кацуба ў рамках акцыі «Збяры дзіця ў школу». Увага прадстаўнікоў зацікаўленых службаў была накіравана на аказанне матэрыяльнай дапамогі перад пачаткам новага навучальнага года вучням з мнагадзетных і малазабяспечаных сем’яў, і тых, хто на дадзены момант найбольш мае ў гэтым патрэбу. Яны везлі з сабой школьную форму, сабраную з дапамогай міласэрных землякоў, неабыякавых да праблем іншых. А ранцамі і канцылярскімі таварамі для дзетвары забяспечыў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

У Бастыні пастукаліся ў веснічкі невялікага драўлянага дома, дзе часова пражывае мнагадзетная сям’я Віктара Капшыцкага і Алены Аляксандравай, якія працуюць вартаўнікамі ў “Лунінецлесе”. Па ранейшым адрасе ў іх нядаўна адбыўся пажар, які знішчыў сцены і маёмасць, не засталося нават дакументаў. Нягледзячы на няпростае жыццёвае выпрабаванне, муж і жонка трымаюцца мужна, перадаюць словы ўдзячнасці аднавяскоўцам, якія дапамаглі ім у цяжкі час, асабліва работнікам мясцовай школы.

Сабраць да 1 верасня 14-гадовага Дзіму і першакласніка Стаса бацькам складана. А яшчэ маленькі Захар просіць цацак і з зайздрасцю пазірае на абновы. Таму ўсе прывезеныя падарункі прыйшліся якраз дарэчы. 

Наступны прыпынак зрабілі ў Велуце. Жывёлавод мясцовага сельгаспрадпрыемства Анатоль Шыйч выхоўвае дзяўчынак – 9-класніцу Ірыну і 3-гадовую Карыну. Якой радасцю заззялі вочы малышкі, калі яна ўзялася разбіраць свой пакунак з цацкамі. Адразу пабегла да сястрычкі і хвалілася кожнай рэччу. Старэйшая па-даросламу аднеслася да прыезду гасцей, разам з бабуляй Марыяй дзякавала за ўвагу і падтрымку.

У Лахве звілістая лясная сцежка прывяла на маляўнічы хутар. Даша Малашчук жыве з мамай, якая ў свой час займела толькі базавую адукацыю. Цяпер гэта стала перашкодай знайсці пастаянную работу. Выручаюць часовыя заробкі ў фермераў ды свой агарод. Камплект адзення і прыналежнасці дапамогуць дзяўчынцы павялічыць спіс Ганаровых грамат, якія яна атрымала за дасягненні ў спорце і інтэлектуальных спаборніцтвах.

Яшчэ адзін адрас знайшлі па вясковай вуліцы ў гэтай жа вёсцы. Вася Пятроў 2002 года нараджэння быў дома адзін, маці ў гэты час знаходзілася на рабоце ў рыбгасе “Лахва”. Па словах Вольгі Калугінай, горшае для гэтай сям’і засталося ў мінулым, цяпер тут пануюць лад і спакой. Таму і падарункам падлетак узрадаваўся. Толькі за лета паспеў добра падрасці, і ўгадаць з памерам аказалася няпроста. Таццяна Кацуба запрасіла разам з маці прыехаць у Чырвоны Крыж і падабраць вопратку.

У зваротны шлях накіраваліся пад уражаннем ад сустрэч. Цяплела на сэрцы ад дзіцячых усмешак, і балела ад шкадавання, што іх маленства і сталенне прахо-дзяць у складаных умовах. Калі паглядзець у агульным плане, то ўдзельнікі дабрачыннай акцыі зрабілі зусім няшмат – усяго толькі матэрыяльна падтрымалі школьнікаў у чатырох сем’ях. Але любая добрая справа пачынаецца з малога. А яе прадаўжэннем і павелічэннем маштабаў магла б стаць наша міласэрнасць – мы заўсёды можам падзяліцца хоць невялікай сумай грошай ці некаторымі рэчамі, якімі карыстаемся мала. Аддадзім і не заўважым іх адсутнасці, а некаму гэта дадасць упэўненасці, дапаможа не адчуваць сябе абдзеленымі ў параў-нанні з равеснікамі. Дабро можна рабіць заўсёды, варта толькі шчыра да гэтага імкнуцца.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть