Благотворительность

«Сыграй, Дзяніска, на гітары…»

Голуб Мартинковский

Лёсы гэтых юнакоў у нечым падобны: яны абодва змагаюцца за жыццё, імкнуцца ўсміхацца насуперак болю і шчыра вераць, што заўтрашні дзень абавязкова будзе лепшым.

Драўляны дом у Сітніцкім Двары, дзе жыве Валянцін ГОЛУБ (на здымку злева), нічым не адрозніваецца ад астатніх. Зараз з усіх бакоў вясковую хату абрамляюць вялікія гурбы снегу. Сярод сумётаў ледзь бачна вузенькая сцежка да веснічак, затое яскрава вылучаюцца сляды ад аўтамабіля. Забягаючы наперад, адзначу: пакідае іх “Хуткая дапамога” з Мікашэвіч. У раённую бальніцу медыкі возяць 32-гадовага Валянціна на гемадыяліз. Хтосьці можа сказаць: ну, падумаеш, не ён жа адзін такі… Сапраўды, у кожную паездку адпраўляюцца яшчэ некалькі пацыентаў з падобным дыягназам. Вось толькі з сабой Валянцін бярэ інвалідную каляску, прыкаваны да якой з дзяцінства…

Ён рос звычайным вясковым хлапчуком. Любіў пабегаць, паскакаць, па меры сіл і магчымасцей дапамагаў бацькам па гаспадарцы. Тым больш, што клопатаў у мнагадзетнай сям’і заўсёды хапала. Бяда ўварвалася ў жыццё раптоўна. Трагічны выпадак здарыўся ў лесе, дзе на Валіка ўпала дрэва. Справіцца з наступствамі ўрачы змаглі б, але зварот за медыцынскай дапамогай бацькоў быў занадта познім.

Сёння Валянцін жыве з роднымі. Маці Вольга Канстанцінаўна датэрмінова выйшла на пенсію. Бацька Рыгор Антонавіч не працуе. Сястра Анастасія – інвалід з дзяцінства. Брат Антон аформіў догляд за Валянцінам. У сям’і ёсць пэўныя фінансавыя цяжкасці. Па іх словах, раней сродкі гігіены і некаторыя медпрэпараты былі бясплатнымі. Цяпер жа і бінты, і катэтары, і лекі даводзіцца набываць за невялікую пенсію. Штораніцы малады чалавек прачынаецца з чарговымі хваляваннямі – ці часам не нападала снегу? А то дарожнікі расчысцяць цэнтральную вуліцу, а праезд да яго дома для той жа “Хуткай дапамогі” даводзіцца вызваляць ад сумётаў самастойна. Часам просяць дапамогі ў мясцовым сельгаспрадпрыемстве, пакуль у просьбах не адмаўлялі.

Доўгімі зімовымі вечарамі Голубы чытаюць прэсу, глядзяць тэлевізар. Бывае, што ў госці заходзяць сябры. Гэта з імі Валянцін часта адпраўляўся на рыбалку. Вось і зараз вельмі чакае вясны і лета… У час нашай сустрэчы ён перадаў шчырую ўдзячнасць актывісткам жаночага руху на Лунінеччыне, якія падрыхтавалі прадуктовы набор і пасцельную бялізну.

Гісторыю мужнай барацьбы з хваробай Дзяніса МАРТЫНКОЎСКАГА з Сінкевіч “Лунінецкія навіны” ўжо расказвалі. Да лёсу гэтага сімпатычнага юнака не засталіся абыякавымі ні чытачы раёнкі, ні работнікі рэдакцыі. Мы перадалі Дзянісу адзенне, пачастункі і грашовыя сродкі, сабраныя землякамі. І вось чарговая сустрэча.

– Пляменнік тут даўно не жыве, – замест прывітання ўдакладніў незнаёмец. – Я – сын Іосіфа Дзянісавіча, дзеда Дзяніса. Бацька зараз у бальніцы ляжыць, захварэў. А юнака можаце знайсці дома. Тут недалёка, я вам пакажу.

Сапраўды новы адрас быў побач, праўда, знайсці яго без пабочнай дапамогі ўсё роўна не атрымалася б. Насустрач выйшаў гаспадар Генадзь Дзмітрыевіч і правёў да юнака.

– Заходзьце, калі ласка, рады вас бачыць! – шчырая ўсмешка Дзяніса, здаецца, асвяціла ўвесь невялікі пакой. – Сядайце! Як мае справы? Ды памаленьку. Жыву з бацькамі. Я ў Мінск ездзіў на кансультацыі да ўрачоў. На жаль, лякарствы не дапамаглі. Штодня піў таблеткі, а кожны панядзелак рабіў уколы.

Аказалася, дарэмна… Рухацца з кожным днём усё складаней. Таму заняты ноутбукам: “сяджу” ў сацыяльных сетках, размаўляю па “скайпе”. Сяброў вельмі чакаю! У мяне ж хто ў армію пайшоў, хто на заробкі падаўся. Хутчэй бы вярнуліся ўжо! Вунь на тым фотаздымку лепшы сябар – Слава Вайцяхоўскі. А яшчэ ў мяне сёлета 5 год пасля школы. Тэлефанавалі аднакласнікі, запрашалі на сустрэчу, сказалі што-небудзь прыдумаюць.

– Умееш іграць? – кіўком галавы паказала на гітару, што стаяла ў кутку пакоя.

– А як жа! – пальцы хуценька правялі па струнах, дорачы прыгожую мелодыю. – Інструмент нават настроены!

Радуецца Дзяніс за поспехі блізкіх. Брат Кірыл ходзіць у 6 клас, а сястра Бажэна пасля заканчэння політэхнічнага каледжа паехала працаваць у Петрыкаў. Апошнім часам юнак уважліва сочыць за надвор’ем. Гаворыць, што дрэнна сябе адчувае, калі назіраюцца вялікія перапады тэмператур. Раней вельмі любіў парылку і гарачыя ванны. Цяпер жа іх сабе не дазваляе…

Насамрэч, не ведаю, колькі захапленняў і магчымасцей можа пазбавіць чалавека страшная хвароба, што ў адзін момант перайначвае жыццё назаўсёды. Але насуперак усяму буду спадзявацца, што яшчэ не раз пачую прыгожую песню на гітары…



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть