Благотворительность

У палоне паўзмроку

Кожны свой дзень мы пачынаем, расплюшчваючы вочы пасля салодкага сну. Спачатку пазіраем на шпалеры ў пакоі, вазоны на падаконніку, потым імкнемся разгледзець праз аконнае шкло, якое надвор’е нас чакае на вуліцы. Як за ноч раскрыліся новыя кветачкі, ці празрыстае неба над галавой? Кідаем позірк на тэлефон, уключаем тэлевізар, разгортваем любімую газету. І робім усё гэта, не задумваючыся, будучы ўпэўненымі, што так і павінна быць.

Але побач ёсць людзі, пазбаўленыя такой простай і неабходнай магчымасці — бачыць. Яны жывыя, маюць рукі і ногі, знешне нічым не адрозніваюцца ад астатніх. Толькі радасць жыцця не могуць адчуваць паўнацэнна, існуючы ў шэрай цемры.

Вучоныя даўно падлічылі ў працэнтах, наколькі важным з’яўляецца зрок для чалавека. Але за афіцыйнымі лічбамі стаяць лёсы звычайных людзей, іх невыносныя пакуты і адчай…

Васіль ПЯСОЦКІ нарадзіўся ў Бродніцы ў 1946-ым. Пасляваенная разруха і беднасць панавалі навокал, але бацькам хацелася жыць і гадаваць дзяцей. Хлапчук з маленства меў праблемы са зрокам. Моцная блізарукасць замінала адчуваць сябе здаровым. Акуляры са спецыяльнымі лінзамі былі нязменным атрыбутам яго знешняга выгляду. З часам далі трэцюю групу інваліднасці, але хлопец мог працаваць і не вельмі наракаў на цяжкасці.

Лёс распарадзіўся так, што, стварыўшы сям’ю, Васіль разам з жонкай апынуўся ў Валгаградскай вобласці. У той час многія ехалі ў іншыя мясціны, імкнучыся да лепшага жыцця. Вось і яны — маладыя, поўныя сіл і жаданняў — вырашылі паспрабаваць шчасця на чужыне. I, каб усё склалася так, як было задумана, напэўна, у Беларусь яны б і зараз толькі наведваліся ў госці. Але пасыпаліся выпрабаванні…

Нарадзілася чацвёра дзяцей. Толькі радасць ад выдатна склаўшыхся сямейных абставін хутка азмрочылася цяжкім дыягназам аднаго з сыноў — Вова нарадзіўся з парокам сэрца. Бясконцыя даследаванні, бальніцы, страшныя прагнозы… Каб аблегчыць пакуты хлапчука, урачы параілі змяніць клімат на больш вільготны. Давялося вярнуцца на Радзіму, прыкласці намаганні для выратавання малога. Але і тут дактары былі катэгарычнымі: “Пражыве 20 год, на большае наўрад ці хопіць сіл”. Толькі ніяк не верылася, што юнак пакіне гэты свет у самым росквіце…

На жаль, на радзіме сумеснае жыццё ў Васіля з жонкай не складвалася, яны пачалі жыць асобна. Неўзабаве старэйшая дачка выйшла замуж, хлапчукі падрасталі.

22 красавіка 1984 года Вова адзначыў сваё 20-годдзе. Недзе ў сэрцы цеплілася надзея, што ракавы тэрмін мінуў, і далей усё будзе добра. Калі сабраліся 8 мая ладзіць вяселле другому сыну Мікалаю, ніхто пра дрэннае не думаў. Вера ў лепшае ажывала з прыгожымі гукамі гармоніка, шчаслівымі позіркамі маладых. Але трэба ж такому здарыцца, што самыя радасныя дні аказаліся трагічнымі — на другі дзень вяселля аднаго роднага брата перастала біцца сэрца ў другога… Страшныя прагнозы збыліся з недакладнасцю толькі ў два тыдні…

Васіль Фёдаравіч з болем згадвае страшнае мінулае, якое напаткала яго блізкіх. Няма цяпер у жывых і былой жонкі. У дзяцей свае клопаты, мужчына застаўся адзін. Калі праблемы са зрокам сталі турбаваць мацней, спецыяльная экспертыза ў Мінску дала дакументы на датэрміновую пенсію па інваліднасці. Да яе паспеў 18 год адпрацаваць у калгace.

Падкрадвалася ціхая старасць, якую марыў правесці ў акружэнні знаёмых людзей, каля тэлеэкрана ці ў прагулках па прыгожых мясцінах. Але вялікія праблемы з’явіліся год таму, калі да блізарукасці далучыліся глаукома і катаракта. Прычынай пагаршэння медыкі назвал! фізічныя нагрузкі, бо жывучы ў вёсцы, часта даводзілася займацца цяжкай працай.

Адначасова такія захворванні вачэй вылечыць немагчыма, толькі надзея жыла. На аперацыю згадзілі-ся спецыялісты ў Гомелі, на словах давалі поўную гарантыю станоўчага выніку. Васіль Фёдаравіч рызыкнуў, бо вельмі не хацелася заставацца ў паўзмроку ноччу і днём. Але змен да лепшага не адбылося. Hi ў акулярах, ні без іх выразна не бачыў навакольны свет. Самаўпэўнены доктар цяпер разводзіў рукамі і пасля слоў: “Здараецца ўсякае”, — пазбягаў размовы. А да пацыента часам прыходзіў адчай ад думкі, што працэдуры ўжо не вернуць, успрымання крыху ажыла надзея, калі ўрачы згадзіліся правесці дадатковае абследаванне ў Мінску. У залежнасці ад яго вынікаў будзе вынесена канчатковае заключэнне. Пры сустрэчы мужчына не пазнае знаёмых, і ад гэтага адчувае сябе ніякавата. Пры размове яго позірк блукае недзе ў прасторы. I гучаць словы, сказаныя ў парыве: “Жыць можна, але не бачыць нічога — страшна”.

Вельмі хочацца верыць, што сталічныя медыкі здолеюць выправіць памылкі калег і Васіля Фёдаравіча чакае паўнацэннае насычанае жыццё, напоўненае ўсімі колерамі. Ён ад усяго сэрца жадае знаёмым і незнаёмым людзям не сутыкацца з пабобнымі праблемамі, каб была магчымасць глядзець субяседніку ў вочы, назіраць за порам і года, бавіць час з часопісам ці газетай.

I жыве трывога за моладзь, якая часта так легкадумна адносіцца да зроку. Колькі б не засцерагалі медыкі, што шкодна доўга знаходзіцца каля экранаў тэлевізара ці камп’ютара, мала хто прыслухоўваецца да такой парады. Кожны лічыць, што праблемы могуць быць дзе заўгодна, толькі не з ім. Хаця так проста можна прытрымлівацца неабходных рэкамендацый, і рызыка стане намнога меншай.

Васіль Фёдаравіч з замілаваннем расказвае пра ўнукаў, якія падрастаюць на радасць родных. Малыя хочуць паказаць дзядулі свае малюнкі, пагуляць разам у цікавыя гульні, але той па стану здароўя не мае магчымасці задаволіць іх просьбы. Знаходзячыся ў палоне паўзмроку, мужчына марыць скінуць навіслую навалу з вачэй і зірнуць на прыгожае наваколле, якое зазіхаціць усімі колерам! вясёлкі.

Марыя ЯРАХОВІЧ

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть