Благотворительность

Верыны хрызантэмы

Раніцай Вера прачынаецца раней за суседзяў. Восеньскі пейзаж за вокнамі толькі вымалёўваецца з агульнай цемры, палохаючы няяснымі абрысамі дрэўцаў, а яна, здаецца, ужо бачыць кожны лісточак на пругкай галінцы, кожную травінку на вузкай сцежцы каля ганку. У яе няма нейкіх асаблівых здольнасцей, каб разглядваць рэчы ў палоне начнога змроку, ды і зрок у жанчыны зараз стаў намнога горшы. Усё да драбніц у сваім дворыку яна ведае на памяць, бо, пазбаўленая іншых радасцей, мае больш чым удосталь часу назіраць за маленькім куточкам жывой прыроды, які грэе яе адзіноту…
Яна расла вельмі жвавай дзяўчынкай. Не было таго дрэўца, на якое не ўскараскалася б да самай верхавінкі.
Бяда спаткала Веру на конскай падводзе, калі яны з бацькам везлі поўны воз выкапанай бульбы. Ёй – 18 год, стройная прыгажуня з хвалістымі валасамі, заўтрашняя студэнтка педінстытута. Седзячы на “глабінцы”, спусціўшы ўніз ногі, яна тады думала аб нечым сваім, таемным, дзявочым.
Конь спалохаўся, жывёліна перастала рэагаваць на каманды чалавека і панесла з усіх ног. Імгненна ацаніўшы сітуацыю, бацька імкнуўся скінуць Веру з воза, але дзяўчына ад страху так учапілася за драўляны выступ, што ніякая сіла тады не магла яе адарваць.
Апрытомнела ў бальніцы. Адчуванне таго, што жывая, прыйшло ад моцнага болю ва ўсім целе, якое здавалася нейкім не сваім. Раптам, апусціўшы вочы, спалохана заўважыла адсутнасць левай нагі вышэй калена. Захліснуў адчай, імкнулася моцна крыкнуць, але зноў страціла прытомнасць.
Ад новага прасвету так захацелася, каб адчуванне калецтва аказалася толькі страшным сном. Але ява была яшчэ горшай – не магла валодаць левай рукой, ныў пашкоджаны пазваночнік, шрамы на твары рабілі яго знявечаным…
Так дзяўчыне было наканавана зноў навучыцца жыць. Спачатку быў адчай. Нават хапала таблеткі, мерачыся закончыць усё і адразу. Але побач матуля аблівалася слязамі ў просьбах і малітвах трымацца, пераадолець бяду. Крыжык на грудзях таксама засцерагаў ад крайняга кроку. З бальніцы прывезлі дамоў. Паступова загоіліся раны, але скалечанай душы не дапамагалі ніякія лекі…
Ёй пашанцавала на родных. Сястрычка, два браты, мама і тата цярпліва і акуратна даглядалі, імкнучыся як найменш закранаць яе пачуцці. І Вера змірылася. Праз год на мыліцах пачала памаленечку перасоўвацца па хаце, потым са ста-ліцы прывезлі сапраўдны пратэз на нагу. Балючыя практыкаванні крыху дапамаглі пакалечанаму пазваночніку. Зноў і зноў чытаючы легендарную класіку пра подзвігі мужных герояў са школьнага падручніка, недзе ў куточку душы жыло спадзяванне, што і яна прызвычаіцца да сваёй бяды і навучыцца змагацца. А калі стала крышачку адчувацца рука, і гэта дало магчымасць самой апранацца і прыгатаваць што просценькае з ежы, яна сапраўды акрыяла, і будучыня не здавалася такой змрочнай. Веры так не хацелася быць абузай для родных. Тая мізэрная пенсія, якую плацілі за інваліднасць, здавалася, не кампенсуе іх клопат.
Калі мужнасць дзяўчыны дапамагла спраўляцца з фізічнымі недахопамі, то да знявечанага твару ёй прывыкнуць было цяжэй за ўсё. Доўга наогул не магла падыходзіць да люстэрка, баючыся свайго новага аблічча. Крывападцёкі зажылі, а глыбокі шрам назаўсёды зруйнаваў юную прыгажосць. Некуды падзеліся ўсе равеснікі, якія раней любілі збірацца каля іх веснічак пад разгалістым клёнам. Цяпер лаўка сіратліва пуставала. Некаторыя зайшлі толькі аднойчы, аддаўшы даніну павагі былой сяброўцы, а потым больш ссылаліся на занятасць і тэрміновыя справы. Было вельмі крыўдна. Няўжо яны не разумелі, што менавіта цяпер, як ніколі, ёй патрэбна іх дапамога?
Вера зразумела, што несапраўд-нымі былі тыя мары пра імкненне быць разам у радасці і горы.
Родныя не давалі сумаваць. З усіх сіл яны імкнуліся даць ёй усё неабходнае, летам прыносілі чарніцы, грыбы і арэхі, ведаючы, як лю-біла іх збіраць дзяўчына.
Мінула некалькі год. Паступова браты стварылі свае сем’і і пасяліліся ў іншым горадзе. Сястра выйшла замуж на другі канец паселішча. Вера засталася з бацькамі, а хутка аслабелі і яны. Першым злёг тата, перад смерцю зноў прасіў прабачэння ў дачушкі, што не збярог. Але яна разумее – у здарэнні не было яго віны, калецтвы на конях заўсёды былі даволі частымі.
Даглядаць слабую матулю дапамагала сястра. А потым Вера засталася ў бацькоўскай хаце адна. Браты хацелі забраць да сябе, купіць хацінку дзе паблізу, але яна адмовілася. “Тут родныя сцены, тут цяплей”, – адказвала на прапанову. Сястра звала жыць да сябе – хата вялікая, сям’я з трох чалавек – але жанчына пабаялася быць абузай і катэгарычна адмовілася.
Нядаўна Веры споўнілася 60 год.
– Старасць. Не думала, што дажыву… – усмешка, здаецца, хавае глыбокі шрам і вочы – чыстыя, прыгожыя – глядзяць з упэўненасцю і спакоем.
З доглядам дапамагае сацыяльны работнік. Дастаўляе прадукты, пры неабходнасці гатуе абед, прыбірае ў пакоях. Для жанчыны вельмі патрэбна такая ўвага, бо ёсць з кім проста пагутарыць, пераказаць сны, успомніць новыя тэлесерыялы. Часта наведваюцца родныя. Любяць бываць пляменнікі, якім яна многае ўмее растлумачыць, і ведае іх самыя вялікія сакрэты. Шкада, што дактары не дазваляюць многа чытаць і сядзець каля тэлеэкрана. Застаецца любімы занятак – глядзець праз тонкае шкло на знаёмыя дрэўцы і кветачкі за акном.
Бываюць моманты, калі пішуцца вершы. Але ў іх жыве такі смутак і адчай, што жанчына баіцца адкрыць сшытак перад іншымі, быццам яе пачуцці сапсуюць людзям настрой. Хаця творы цудоўныя і заслугоўваюць увагі чытачоў.
– Цяпер інваліды больш знаходзяць сяброў па інтэрнэту, я ж мала валодаю гэтым. З пультам да тэлевізара разабрацца цяжка. Але многія са знаёмых не пакідаюць без увагі, заходзяць, тэлефануюць. – І зноў усмешка: – А да мяне нават жаніх сватаўся. Даўно, калі пад сорак было. Жонка з дому выгнала, дык ён тут прытулак шукаў.
– І што ж вы? – пытаюся.
– Не-е. Не спадабаўся. Я пераборлівая, – аптымізм перапаўняе жанчыну.
– А можна напісаць пра вас?
Маўчанне. Потым уважлівы позірк на знаёмыя краявіды за вокнамі:
– Пішыце. Можа гэтым вы камусьці дапаможаце пераадолець крытычны момант. Як добра, што некалі тыя таблеткі я змагла выкінуць і зноў навучылася жыць. Бог дае права на існаванне кожнаму з нас, і яго трэба выкарыстаць. Няхай разам з болем, з пакутай, але пражыць.
Тэлефонны званок надоўга адарваў увагу Веры ад нашай размовы. І калі спачатку на тым канцы провада была істэрыка, то праз 20 хвілін суразмоўніца сказала, што ўсё ў парадку.
– Ды вы – сапраўдны псіхолаг! – здзіўляюся.
– Магчыма і атрымаўся б. А марыла ж стаць настаўніцай. Ужо і дакументы завезла, і экзамены здаць паспела…
Цяжар ад няспраўджанага апускаецца на плечы, прымушаючы Веру ўздыхнуць. Але гэта толькі імгненная слабасць, зноў усмешка авалодвае ёю, і не верыцца, што жанчына не мае сіл выходзіць на ву-ліцу, што далонь левай рукі сінявата-халодная і ніяк не падпарадкоўваецца гаспадыні. Глыбокі шрам на твары злёгку хаваюць локаны валасоў ды прыгожы позірк сумных вачэй.
Каля прызбы разрасліся шыкоўныя кусты хрызантэм.
– Не люблю вельмі яркія летнія кветкі, яны губляюцца ў агульнай прыгажосці. А з асеннімі мы, як адно цэлае. Радуюць сэрца да самага снегу.
Штосьці асаблівае пачулася ў апошніх словах. Вера таксама жыве, пераадольваючы нягоды і яе ўсмешка праз слёзы нагадвае тыя кветачкі хрызантэм, якія не баяцца ветру і холаду, і цвітуць да апошняга моманту, на колькі хапае сіл.
На развітанне яна папрасіла:
– Толькі адрас мой не пішыце, а то ад жаніхоў адбою не будзе, – звонка засмяялася. – Я не хачу залішняй увагі да сябе.
Зачыніўшы дзверы, зноў у вочы кінуліся дрэўцы, травінкі і кветкі, якія служаць куточкам жывой прыроды для абяздоленай гаспадыні. Я так рада, што мне пашанцавала пазнаёміцца з гэтай цудоўнай жанчынай – з цяжкім лёсам, але з такім багатым скарбам у душы.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть