Больш за 2 тысячы рублёў спісалі махляры з карткі жыхаркі Лунінца
Новости районаОбществоПроисшествия

Больш за 2 тысячы рублёў спісалі махляры з карткі жыхаркі Лунінца

За 4 месяцы 2023 года ў Лунінецкім раёне зарэгістравана 31 паведамленне аб учыненні злачынстваў, звязаных з выкарыстаннем камп’ютарнай тэхнікі

Хто знаходзіцца ў поле зроку махляроў? Як паведаміла «Лунінецкім навінам» памочнік пракурора Лунінецкага раёна Вераніка Чарнавокая, адметная рыса гэтага віду крадзяжу – адсутнасць насільнага спосабу завалодання чужой маёмасцю. Пацярпець ад супрацьпраўных дзеянняў можа любы чалавек. Як ні прыкра, але нядобрасумленныя грамадзяне кожны раз знаходзяць новыя падставы для незаконнага ўзбагачэння.

Часцей за ўсё ад падобнага роду злачынных замахаў пакутуюць людзі, якія па прычыне сталага ўзросту, узроўню адукацыі, развіцця і псіха-эмацыянальнага стану ў канкрэтны момант паддаюцца падману.

Цяпер, каб купіць тавары на якой-небудзь электроннай пляцоўцы, дастаткова некалькі хвілін. На жаль, ёсць і адваротны бок такога прагрэсу: ён нязменна цягне за сабой рост злачыннасці ў лічбавым асяроддзі, асабліва крадзяжоў.

Так, лунінчанка на “Куфары” размясціла аб’яву аб продажы ахоўнага шкла коштам 5 рублёў. У месенджары “Viber” ёй прыйшло паведамленне ад невядомай асобы, якая пажадала набыць тавар. Жанчыну хутка пераканалі аформіць дастаўку кур’ерам і далі спасылку, быццам бы, для атрымання грошай. Нічога не падазраючы, гараджанка ўвяла рэквізіты сваёй плацёжнай карты, у тым ліку і сакрэтны CVV-код. Вынік заканамерны: з банкаўскага рахунку “зніклі” 180 рублёў.

Практыка разгляду падобных злачынстваў сведчыць, што інтэрнэт выкарыстоўваецца ў якасці асноўнага сродку камунікацыі паміж вінаватымі і пацярпелымі. Бакі не бачаць адзін аднаго, што дазваляе зламыснікам лягчэй і хутчэй уваходзіць у давер. Падчас дыялогу складана атрымаць якія-небудзь гарантыі, роўна як і пераправерыць інфармацыю. Вось чаму ашуканцы прадстаўляюцца супрацоўнікамі дзяржустаноў, праваахоўных органаў, банкаўскіх арганізацый.

За дапамогай у міліцыю жыхарка райцэнтра звярнулася пасля таго, як з яе плацёжнай карты спісаліся грашовыя сродкі ў памеры 2 тысячы 111 рублёў. Як так выйшла? Пацярпелай у “Viber” патэлефанавалі з незнаёмага нумара. Гутарку вёў супрацоўнік “Асацыяцыі беларускіх банкаў”, які пераканаў жанчыну ўстанавіць на мабільны тэлефон дадатак аддаленага доступу “RustDesk”. На ім ашуканцы атрымалі доступ да рэквізітаў карты пацярпелай і спісалі ўсе грошы.

Дык як не стаць ахвярай махлярства? Ні пры якіх абставінах нікому і ніколі не паведамляйце інфармацыю пра сябе ці сваю плацёжную карту. Для таго, каб праверыць законнасць або праўдзівасць таго ці іншага паведамлення ад імя банка, звяжыцеся з ім па афіцыйных кантактах. Ніколі не адказвайце на падазроныя электронныя лісты, тэкставыя паведамленні, не пераходзьце па спасылках, якія паступаюць у месенджарах ці сацыяльных сетках. Рэгулярна нагадвайце дзецям і пажылым сваякам аб захаванні пільнасці ў зносінах з малазнаёмымі людзьмі ў інтэрнэце.

Далучайцеся да нашага канала ў Telegram

 



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть