Чарнільніца-«невылівайка»… Спецпраект «Сямейная рэліквія» (Лунінецкі раён)
МикашевичиНовости районаОбществоСЕМЕЙНАЯ РЕЛИКВИЯ

Чарнільніца-«невылівайка»… Спецпраект «Сямейная рэліквія» (Лунінецкі раён)

Развіццё тэхналогій хутка мяняе свет вакол нас, і мы не заўважаем знікнення з ужытку многіх прадметаў, а ўбачыўшы іх, не ведаем, што гэта і навошта яно патрэбна.

Так здарылася і са мной, калі ўбачыла бабуліну чарнільніцу-«невылівайку» і пачула цікавую гісторыю. У той час, калі яна вучылася, у школах пісалі чарнілам і пёравымі ручкамі. Для чарніла служыла цыліндрычная шклянка, якая мела форму перавернутага конуса з невялікай адтулінай для ручкі. Такая канструкцыя перашкаджала выцяканню чарніла. Пры нахіле яно не вылівалася. Адтуль і з’явілася адпаведная назва. Чарніла трэба было наліваць строга да ўзроўню адтуліны.

Бабуліна «чарнілка» (так называлі чарнільніцу ў той час) асаблівая. Гэта быў падарунак яе хроснага бацькі, які жыў у Днепрапятроўску на Украіне. Яна была з бела-блакітнай керамікі і з’яўлялася прадметам зайздрасці аднакласнікаў.

У час пісьма пёравую ручку перыядычна апускалі ў чарнільніцу для набору порцыі чарніла, якога хапала для напісання толькі адной-дзвюх літар. Ручка ўяўляла сабой драўляную палачку з металічным зажымам для пяра і само пяро. Яно было на канцы расшчэплена, што пры нажыме дазваляла выводзіць элементы літар рознай таўшчыні і выпрацаваць прыгожы почырк. Для гэтага былі ўрокі чыстапісання, дзе трэба было выводзіць літары. Але здаралася ўсякае. Пры няўважлівым маканні ручкай у чарнільніцу ў сшытку з’яўляліся плямы – кляксы, адкуль і пайшоў трапны вучнёўскі выраз «клякса-вакса», які захаваўся і да нашага часу.

Пёры для ручкі былі рознай формы і з розных металаў. Але асаблівай удачай лічылася купіць «зорачку», што мела карычневы колер і вельмі мякка  пісала.

Стальное пяро вынайшаў у 1748 годзе Ёхансэ Янсен, але толькі праз сто год у Германіі пачалася вытворчасць такіх «пёрак». Назву гэты прыгожа сагнуты кавалачак металу атрымаў, так бы мовіць, «у спадчыну», таму што ў даўніну пісалі завостранымі гусінымі пер’ямі.

Вучнёўскія парты ў бытнасці маёй бабулі былі з адкіднымі крышкамі і выемкай пад чарнільніцу. Кожны вучань меў сваю, але бывала, што і адна на дваіх, а то і адна на дзве парты. Пасля ўрокаў яе забіралі і ставілі ў партфель, а бабуля насіла сваю «чарнілку» ў маленькім палатняным мяшэчку ў руцэ.

У школу яна з іншымі хутарскімі дзецьмі хадзіла за тры кіламетры. Здаралася, што пры свавольстве чарніла разлівалася ў партфель. Часам разбіваліся і чарнільніцы. Можна ўявіць, як выглядалі і партфелі, і самі вучні!

Лічыцца, што прыдумалі такую чарнілку ў XVII стагоддзі, а шарыкавую аднаразовую ручку – у 1953 годзе ў Францыі. У савецкі час яшчэ доўга забаранялася ёю карыстацца, каб не сапсаваць почырк. Пераход да шарыкавай ручкі адбыўся ў 1970-ыя гг., калі бабуля ўжо даўно закончыла школу.

Паліна Дашкевіч, вучаніца СШ №1 г. Мікашэвічы.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть