Общество

“ЧАРНОБЫЛЬСКІ ШЛЯХ” ПРЭЗІДЭНТА КРАІНЫ

сёлета пралёг праз Лунінеччыну.

Напярэдадні сумнай чарнобыльскай гадавіны Аляксандр Лукашэнка традыцыйна наведвае раёны, якія пацярпелі ад самай буйной тэхнагеннай катастрофы мінулага стагоддзя.

Маршрут Прэзідэнта па Лунінеччыне пачаўся з СВК “Гарадоцкі”. Сюды кіраўнік дзяржавы прыбыў на верталёце і па шляху ў яго была магчымасць паглядзець, што робіцца на палях Брэстчыны. У размове са старшынёй аблвыканкама Канстанцінам Сумарам Аляксандр Рыгоравіч цікавіўся ходам пасяўной. З прыязнасцю было сустрэта паведамленне пра тое, што Брэстчына паспяхова справілася з сяўбой яравых збожжавых культур, а да 9 мая плануе поўнасцю завяршыць пасяўны сезон.

Аляксандр Лукашэнка выказаў асаблівую цікавасць да тэхналогіі вырошчвання кукурузы. Міністр сельскай гаспадаркі Міхаіл Русый расказаў, што сёлета плошчы пад ёй прыкметна павялічаны. Гэтая культура ў паўднёвых рэгіёнах сябе апраўдвае. Больш таго, да 2012 года мяркуецца адмовіцца ад імпарту дорагаштуючага насення, поўнасцю забяспечыўшы сябе элітным зернем беларускай вытворчасці. У СВК “Гарадоцкі” кукурузай займаюцца з 2006 года і, па словах старшыні праўлення гаспадаркі Сяргея Чырца, яна ні разу не падвяла. Тут жа на полі была прадэманстравана работа сеялкі “Бярэсце”, выпуск якой наладжаны ў вобласці.

Вялікія спадзяванні ўскладваюцца на бульбу. Летась яна дала “Гарадоцкаму” больш як 1 мільярд чыстага прыбытку, а рэнтабельнасць ад рэалізацыі перабольшыла нават рэнтабельнасць ад рэалізацыі нафты. Прэзідэнт адобрыў імкненне займацца тымі культурамі, якія найбольш выгадныя і якія можна прадаць на экспарт. Разам з бульбай у гэтым радзе сёня грэчка і рапс. Летась амаль усе яго пасевы на Лунінеччыне былі пашкоджаны марозам, сёлета расліна перазімавала нядрэнна, даючы земляробам спадзяванні на высокі ўраджай.

Адначасова была выказана незадаволенасць станам спраў у жывёлагадоўлі. Надоі ў 3900 кілаграмаў на карову Аляксандр Рыгоравіч назваў недаравальна нізкімі.

Самай пільнай увагі патрабуе сёння культура земляробства. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яшчэ не ўсюды зямлю выкарыстоўваюць эфектыўна. Асаблівую ўвагу кіраўнік дзяржавы звярнуў на адраджэнне некалі пакінутых земляў, запатрабаваўшы уключыць у севазварот кожны ўчастак. Менавіта неэфектыўнае выкарыстанне сельскагаспадарчых плошчаў – прычына эканамічнай нестабільнасці некаторых гаспадарак. Прычым прэтэнзій да простых вяскоўцаў у Прэзідэнта няма. Ён незадаволены неразваротлівасцю чыноўнікаў на месцах.

Зацікавіў Прэзідэнта краіны і стан прамысловай галіны, асабліва перспектывы развіцця РУВП “Граніт”. Аляксандр Лукашэнка даў даручэнне вывучыць магчымасці ўзвядзення новага прадпрыемства па выпуску шчэбеню на базе Сітніцкага месцанараджэнні прыроднага каменю.

Зразумела, што ў ходзе дыялогу была закранута праблема земляў, якія пацярпелі ад наступстваў катастрофы на ЧАЭС. На Лунінеччыне ў зону радыяцыйнага забруджання трапілі 50 населеных пунктаў з насельніцтвам больш як 60 тысяч чалавек. Старшыня райвыканкама Васіль Агіевіч расказаў Прэзідэнту, што пад строгім радыялагічным кантролем землі паступова вяртаюцца да жыцця. За паслячарнобыльскія гады праведзена вялікая работа па ліквідацыі наступстваў катастрофы. Працягваецца аздараўленне дзяцей з пацярпелых раёнаў. Наладжана бясплатнае харчаванне іх у школах. Нятанна абходзіцца і выкананне ахоўных мерапрыемстваў у аграпрамысловым комплексе. Але яны даюць жаданы вынік. Так, летась была выяўлена ўсяго адна проба малака, у якім утрыманне радыенуклідаў перавышала гранічна дапушчальны ўзровень. Яшчэ некалькі год таму такіх проб было каля паўтары сотні.

Той факт, што на адноўленых землях можна не толькі бяспечна жыць, але і атрымліваць чыстую прадукцыю – вынік велізарнай работы, праведзенай у паслячарнобыльскі час. Дастаткова сказаць, што на ліквідацыю наступстваў катастрофы Беларусь патраціла каля 19 мільярдаў долараў. І толькі 1 працэнт з гэтай сумы складаюць дабрачынныя замежныя ахвяраванні. Агульны ўрон ад аварыі дасягнуў 230 мільярдаў долараў, а Беларусь стала найбольш пацярпелай краінай, якая дагэтуль самастойна змагаецца з цяжкімі вынікамі радыяцыйнага забруджвання тэрыторый .

Наступным пунктам прыпынку стаў універсам “Заходні”. Гандлёвая кропка ўведзена ў строй параўнаўча нядаўна, але за кароткі час здолела ўпэўнена ўзяць першынства па тавараабароту сярод магазінаў райспажыўсаюза. Сустракаючы Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнку, старшыня праўлення гандлёвай арганізацыі Максім Сумар расказаў, што на Лунінеччыне ўдалося пазбегнуць “цукровай” і іншай ліхаманкі, хаця і рэалізоўвалі тавараў асобнай групы ўтрая больш, чым раней. Стабільная плацёжаздольнасць райспажыўтаварыства дазваляе забяспечваць шырокі асартымент прадуктаў з розных рэгіёнаў краіны, што і адзначыў Прэзідэнт, дадаўшы, што галоўнае сёння не дапусціць неабгрунтаванага павышэння цэн. ” У пераломны момант нажывацца за кошт людзей не дазволім”, – запэўніў Аляксандр Рыгоравіч.

На пытанне, ці ў кожным магазіне такое багацце прадуктаў, Прэзідэнт атрымаў пераканаўчы адказ старшыні райвыканкама. Васіль Міхайлавіч запэўніў, што выдатныя магазіны з разнастайным выбарам тавараў сёння не толькі ў райцэнтры і аграгарадках, але і многіх аддаленых вёсках Лунінеччыны.

На выхадзе Прэзідэнта цярпліва чакалі лунінчане. Павітаўшы сабраўшыхся, Аляксандр Рыгоравіч выказаў захапленне іх працалюбівасцю. Доказам гэтаму можна лічыць майстэрства вырошчваць клубніц. Адначасова папрасіў падзяліцца сакрэтамі, адгукнуўшыся на просьбу наведаць наш раён у гарачы клубнічны сезон.

Яшчэ адна тэма, якую Прэзідэнт закрануў у размове з людзьмі – якасць жыцця. Аляксандр Рыгоравіч выказаў задаволенасць убачаным у Лунінцы і раёне. Прыгожы спакойны горад сучаснай Беларусі … Ён падобны на іншыя і ўсё ж адрозніваецца той характэрнай адметнасцю, уласцівай малым гарадам, якія апошнім часам радуюць прыгожымі добраўпарадкаванымі вуліцамі, абноўленымі фасадамі дамоў і шыкоўнымі аб’ектамі сацыяльнай інфраструктуры.

Адметнасцю Лунінца па праву лічыцца новая цэнтральная раённая бальніца. Яна параўнаўча нядаўна змяніла статус доўгабуда на ганаровае званне адной з лепшых медыцынскіх устаноў падобнага кшталту ў вобласці. Узвядзенне яе было распачата амаль 20 год таму. Першая чарга ўведзена ў строй у пачатку мінулага года, а ў канцы – са старога бальнічнага гарадка ў новыя памяшканні перабраліся практычна ўсе аддзяленні. Сёння бальніца – узор рэгіянальнага медыцынскага абслугоўвання. Прычым не толькі па ўмовах, у якіх знаходзяцца хворыя, але і па набору дыягнастычнага і лячэбнага абсталявання.

Новая цэнтральная раённая бальніца – адзін з яскравых сведчанняў распачатага ў краіне працэсу рэканструкцыі і мадэрнізацыі медыцынскіх устаноў. Кіраўніку дзяржавы з гонарам паказвалі пакой, дзе не так даўно ўстаноўлены найноўшы камп’ютарны тамограф, аперацыйны і рэанімацыйны блокі, а таксама аддзяленне гемадыялізу. Тут Аляксандр Рыгоравіч на некаторы час затрымаўся, пагутарыўшы з хворымі. Людзі, якія пакутуюць ад ныркавай недастатковасці, вымушаны двойчы на тыдзень, а то і часцей, наведваць падобныя аддзяленні. Раней даводзілася ездзіць у Пінск, сёння жыццёва неабходная працэдура даступна на раённым узроўні.

Варта сказаць, што набыццё дорагакаштучых апаратаў у рэгіёны, дзе яны асабліва неабходны, было асабістым даручэннем Прэзідэнта краіны. Сёння можна канстатаваць, што ў Лунінцы яно выканана.

Гонарам установы можна лічыць акушэрска-гінекалагічнае і радзільнае аддзяленні. Выдатнае абсталяванне, утульныя палаты з наборам усіх выгод. Сёння многія з маладых матуль не задумваюцца, што можа быць інакш. Ды інакш і не павінна быць. Недарма і колькасць родаў на Лунінеччыне з году ў год павялічваецца. Летась тут прынялі 900 нованароджаных. З задаволенасцю адзначаюць урачы, што маладыя матулі ахвотна нараджаюць другое і трэцяе дзіця. Усё часцей сустракаюцца чацвёртыя роды.

З цёплай усмешкай назіраў Аляксандр Рыгоравіч, як соладка спалі ў маленькіх ложках немаўляты, што некалькі дзён таму ўпэўненым крыкам абвясцілі свет аб сваім нараджэнні.

Вядома, не абышлося без падарункаў. Парадзіхі атрымалі ад Прэзідэнта краіны спецыяльныя наборы. Фрукты і ласункі дарэчы будуць маладым мамам, што спакваля набіраюцца сіл. Магчыма, яны праз пэўны час зноў завітаюць у гэтыя ўтульныя палаты, каб парадаваць радзіму паяўленнем на свет новых маленькіх лунінчан. А гэта – ці не галоўнае прызначэнне і мэта разгорнутых станоўчых перамен.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть