Общество

Чароўнае святло

прокоповичи

Чароўнае святло навагодніх гірляндаў, якімі ўпрыгожаны дом Алены і Мікалая ПРАКАПОВІЧАЎ з Сінкевіч, дорыць радасць як самім гаспадарам, так і ўсім прахожым. Таму не дзіўна, што ў мясцовым сельсавеце сям’ю прызналі пераможцам конкурсу на лепшае святочнае афармленне.

Мастацкаму густу Алены Адамаўны можна па-добраму пазай-здросціць: настолькі камфортна і ўтульна ва ўсіх пакоях. Іх у вялікім доме сапраўды шмат! Але прыбіраць і наводзіць тут парадак толькі ў радасць. Асабліва, калі прыязджаюць унукі Агнія і Лаўрэнцій. Трэба бачыць, з якім замілаваннем бабуля і дзядуля гуляюць з імі! Дзяўчынцы – 4 гады, таму стасункі з дарослымі зводзяцца да ўсведамлення навакольнага свету і безлічу пытанняў “чаму?”. Унуку нядаўна споўнілася 7 месяцаў. Застаючыся разам з ім, Алена Адамаўна часта ўспамінае сваю маладосць.

Вось яна, ураджэнка Палескага, пасля школы паступіла ў Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум. Неўзабаве атрымала размеркаванне ў Сінкевічы, дзе новы этап стаўлення кар’еры супаў з пераменамі ў асабістым жыцці. Прычым, вельмі шчаслівымі і імклівымі. Купілі дом, паступова даводзілі яго на свой лад. Хутка ў іх сценах пачуўся дзіцячы гоман.

Сёння бацькі ганарацца Бажэнай і Мікалаем. Дачушка – прыгажуня, мініяцюрная і спартыўная. Асталявалася з мужам у Бабруйску. Сын – спецыяліст у будаўнічай сферы. Жыве разам з бацькамі, пакуль не жанаты.

Па буднях Алена Адамаўна спяшаецца ў бібліятэку. Чытачоў хапае: карыстаюцца попытам раманы, перыядычныя выданні, літаратура са школьнай праграмы. Зменны графік работы ў Мікалая Аляксандравіча, які працуе ў ваенізаванай ахове РУВП “Граніт”. Заўзяты аматар рыбнай лоўлі. Вось і падчас нашага прыезду гаспадара дома не засталі – паехаў на рэчку пашукаць удачы.

За кубачкам гарачай кавы мы размаўлялі на ўтульнай кухні. Ціхенька патрэсквалі дровы ў грубцы. “Так і жывем. За ўсё Дзякуй Богу! Цяпер ужо не за сябе – за дабрабыт дзяцей і ўнукаў просім у малітвах”, – завяршыла гутарку Алена Адамаўна. Насамрэч, у святочныя дні мы зычым адзін аднаму здароўя і радасці. Дык няхай святло Каляднай зоркі аберагае сям’ю Пракаповічаў ад усіх нягод!

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть