КультураНовости районаОбщество

Чэрабасаўскі сельскі Дом культуры — цэнтр культуры, адпачынку і жыцця (Лунінецкі раён)

Цэнтр культуры, адпачынку і жыцця — так па праву можна назваць Чэрабасаўскі сельскі Дом культуры. Нягледзячы ні на якія складанасці, установа па-ранейшаму з’яўляецца месцам сустрэч аднавяскоўцаў, тут развіваюцца творчыя здольнасці і «запальваюцца» новыя зорачкі.

Пры Доме культуры працуюць дарослыя і дзіцячыя аматарскія аб’яднанні. Людзі з задавальненнем ідуць на мерапрыемствы, бо кожны абавязкова знойдзе нешта цікавае для сябе. Перш чым пачаць расказваць пра работу, загадчык установы Лідзія Панкевіч (а яна працуе тут з 1988 года) адзначае найбольш актыўных удзельніц – Вольгу Рамановіч, Валянціну Каваленка, Ірыну Мяцеліца, Наталлю і Ніну Піліпчук. У жанчын цудоўныя акцёрскія дадзеныя: яны могуць выступіць у сцэнках і пастаноўках, правесці вечарыну ці ранішнік, спець фальклорную ці сучасную песню, прачытаць байку, прадэкламаваць верш…

Лідзіі Мікалаеўне не трэба нагадваць пра “чырвоныя” даты календара і адметнасці кожнага года – да іх абавязкова рыхтуюць тэматычныя выставы і мерапрыемствы. Напрыклад, цяпер усе наведвальнікі могуць пазнаёміцца з ваеннай формай, прыладамі савецкага побыту і ўзнагародамі зямлячкі Пелагеі Гацкай. Усё гэта невыпадкова прымеркавалі да Года гістарычнай памяці і нават прадстаўлялі на раённых мерапрыемствах да Дня Перамогі і Дня Незалежнасці. У краязнаўчых фондах Дома культуры ёсць калаўротак і самапрадка, куфар і кашы, поцязь, рамашэты, драўляныя вырабы: ложак, лавы, лапата, вілы, сані і лыжы. Усе экспанаты падарылі жыхары вёскі, а цяпер іх не проста беражліва захоўваюць, а знаёмяць усіх наведвальнікаў. На агульны агляд выстаўлена таксама адзенне нашых продкаў.

Працуюць у Чэрабасава і з дзеткамі. Ёсць лялечны тэатр. Сёлета паставілі казкі аб здаровым ладзе жыцця і сучасныя, прымалі ўдзел у фестывалі “Кліч Палесся”. Вельмі актыўна ўдзельнічаюць у рабоце аматарскага аб’яднання Вікторыя і Таццяна Глеб, Вікторыя Рамановіч, Яна Куляшэвіч, Крысціна Арашкевіч, Яўген Шашкоў, Аляксандр Захарчук, Маша Дамасканава і Насця Курыловіч. Каб было цікавей, кіраўнік імкнецца заахвочваць дзяўчынак і хлопчыкаў: разам ездзілі па памятных месцах Лунінца і Мікашэвіч, у лядовую арэну. На занятках дзеці танцуюць, спяваюць і чытаюць, для іх праводзяць майстар-класы, конкурсы малюнкаў, інфармацыйныя і літаратурныя гадзіны, урокі мужнасці. У Год гістарычнай памяці вельмі сімвалічным стаў велапрабег “Дзякуй за Перамогу” і гутаркі аб народных традыцыях і велічнасці нашай любімай Беларусі.

У Доме культуры прапануюць занятак кожнаму: можна вышываць, як раней бабулі, вязаць адзенне і дыванкі, ствараць незвычайную прыгажосць у тэхніцы дэкупаж. Дарэчы, ажурныя вырабы неаднаразова прыносілі ўдзельнікам і ўстанове культуры прызавыя месцы на рэгіянальным свяце “Лунінецкія клубніцы”. Тут можна спяваць і танцаваць, а можна проста зайсці паразмаўляць. Дзверы адчынены для кожнага.

Безумоўна, без удзелу работнікаў культуры не абыхо-дзяцца свята вёскі, “Купалле”, ушанаванні з нагоды адметных дат. Напрыклад, да Дня пажылых людзей завіталі ў госці да Ніны Данілаўны Захарчук, чый сын загінуў маладым у Афганістане, і Веры Ульянаўны Крывулец, якая адзначыла 90-годдзе. І Дзень настаўніка не застаўся незаўважаным – віншаванні прымала ветэран працы Вольга Аркадзьеўна Ярашэвіч.

Імпэту Лідзіі Панкевіч можна толькі пазайздросціць. Яна працуе на радасць людзям і сваёй стараннасцю запрашае жыхароў Чэрабасава і майстроў народнай творчасці гэтай маленькай вёсачкі да актыўнасці. І, прызнацца, разам у іх усё атрымліваецца. І тады невялікі Дом культуры ператвараецца ў сапраўдны Цэнтр культуры, адпачынку і жыцця.

Аляксей Кавалёў

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть