Общество

“Чэрвона рута” на палескай зямлі

Дзяўчына з Жытоміршчыны пазнаёмілася з лунінчанінам у той шчаслівы час, калі гэтыя прыгожыя словы распяваў увесь Саюз.

– Згадзіцеся, хаця мінула ўжо не адно дзесяцігоддзе, песня і цяпер папулярная, – заўважае Вера МАЛАШЧЫЦКАЯ. – А для мяне – наогул любімая…

З будучым мужам пазнаёміліся ў час вучобы ў прафтэхвучылішчы ў Данбасе. Ён не стаў шахцёрам, яна – кампрэсаршчыцай. Згулялі вяселле ў Лунінцы. Маладажона прызвалі на тэрміновую армейскую службу, а яго спадарожніцу жыцця…

– Бацька мужа працаваў у дыстанцыі пуці, сястра – на станцыі, – успамінае Вера Міхайлаўна. – І мяне прывялі на чыгунку, куды ж яшчэ?!

Гэта было 35 год таму. Месца працы заставалася пастаянным, але, з павышэннем кваліфікацыі і развіццём сталёвай магістралі, змяняліся пасады. Ранейшая “спісчыца” стала аператарам пры дзяжурным па станцыі, потым – дзяжурнай па парку. Цяпер агент па перадачы грузаў на пагранічнай станцыі (пункце), дасканала засвоіўшы патрабуючыя асаблівай уважлівасці і дакладнасці абавязкі, апрацоўвае цягнікі з Сарнаў і на Сарны суседняй “залізніцы”. Значыць, лёс зноў злучыў з Украінай?

– І не развітвалася, – усміхаецца суразмоўніца. – Наведваем бацькоўскі дом, дзе гаспадарнічае малодшы брат. У свой час у Лунінец пераехалі трое маіх родных. Адсюль сястра і брат “стартавалі” па вызначаных жыццёвых сцяжынках. Яшчэ адзін брат, Сяргей Міхайлавіч Федарчук, застаўся, працуе слесарам у лакаматыўным дэпо. У яго таксама міжнацыянальны шлюб – з беларускай.

Яднае вялікую сям’ю агульнасць працы на чыгунцы. Муж Веры Міхайлаўны, Васіль Васільевіч Малашчыцкі, быў машыністам цеплавоза. Яму на змену прыйшоў сын Аляксей. Бацька, выйшаўшы на заслужаны адпачынак, дапамагае будаваць дом малодшаму Віталю, які быў памочнікам машыніста. Дзве свахі – таксама чыгуначніцы. Па некалькі прадстаўнікоў у трох пакаленнях дынастыі!

– Хутка давядзецца развітвацца з работай, але не шкадую, – адзначае Вера Міхайлаўна. – Падрыхтавала некалькі вучняў, ёсць на каго пакінуць справу. Спадзяюся, яны засвоілі галоўнае: дысцыплінаванасць, стараннасць і адказнасць, неабходныя на чыгунцы, вельмі запатрабаваныя наогул у жыцці.

З сёлетнім 55-годдзем шчыра павіншавалі адміністрацыя, прафкам, родныя і сябры. За шматгадовую добрасумленную працу юбілярка адзначана Ганаровай граматай начальніка Баранавіцкага аддзялення Беларускай чыгункі. Яна ж лічыць, што галоўныя падарункі атрымала ад лёсу: трох добрых дзяцей. Прагне ўдзяляць больш часу тром унукам і асабліва – малодшай 4-гадовай Лізаньцы. А сваю літаральна патанаючую ў кветках сядзібу марыць ператварыць у супраўднае царства руж – каб палескую зямлю ўпрыгожыла “чэрвона рута”, занатаваўшы на зямлі лунаючую мелодыю кахання.

Галіна ТУРКЕВІЧ, спецыяліст па кадрах станцыі Лунінец.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть