Ці цэнім сваю жамчужыну?
Общество

Ці цэнім сваю жамчужыну?

Самым папулярным месцам адпачынку ў летнюю спякоту для жыхароў Лунінеччыны і некаторых іншых рэгіёнаў краіны, штогод становіцца сапраўдная жамчужына нашага краю – возера Белае. Мы з задавальненнем плаваем у яго празрыстых водах, карыстаемся прахалодай яго лясістых берагоў. З кожным разам яно аддае нам часцінку сябе, забіраючы стому і даючы моц. А што ўзамен прапануем мы?

Па-сапраўднаму адчуць, якім багаццем валодаем і наколькі яго цэнім, дапамог рэйд, праведзены ў Дзень Незалежнасці спецыялістам раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя Мікалаем Ванюком і ўрачом-гігіеністам РЦГіЭ Ігарам Круглічам. Варта заўважыць, што дзень выдаўся не зусім характэрным для тых, што стаялі на працягу апошняй паловы чэрвеня. Гарачыню, якая панавала зранку, пасля абеду змяніў лівень. Таму частка адпачываючых, як толькі на небе паявіліся хмары, паспяшалася дамоў. Амаль сотню аўтамабіляў налічылі на дарозе, вядучай ад возера да трасы М-10. А вось і знак, нагадваючы, што наперадзе – Рэспубліканскі біялагічны заказнік «Лунінскі». А гэта значыць, рух па-за дарог механічнага транспарту і стаянка аўтамабіляў, у не прызначаных для гэтых мэт месцах, забаронены. Тым больш, што сапраўдную перашкоду бяспечна рухацца тэхніцы ўяўлялі шырокія і даволі частыя барозны, узараныя трактарам вакол возера.

На справе ж, аўтамабілі стаялі паўсюдна. Мікалай Ванюк высвятляў уладальнікаў, растлумачваў ім правілы паводзін на тэрыторыі заказніка і  прапаноўваў адагнаць тэхніку на стаянкі. Усе з разуменнем падпарадкоўваліся спецыялісту, як толькі чулі, што штраф за такое парушэнне складае не менш як 8 базавых велічынь.

белое озеро 003

Было прыемна пазнаёміцца з маладымі людзьмі, якія адпачывалі, заняўшы сабе месца ў невялікім доміку. Жыхары Лунінеччыны – Лена, Саша, Крысціна і Юрый свой аўтамабіль  прыпаркавалі на пад’ездзе і цяпер з цікавасцю назіралі за тым, што адбывалася на беразе. Непадалёк ад іх стаяла некалькі аўтамабіляў, якія  належалі ўдзельнікам рэспубліканскага злёту радыёаматараў. Калі пацікавіліся, чаму прыпаркаваліся тут, адзін з вадзіцеляў заўважыў: «Мы не ведалі, што ўезд на тэрыторыю возера забаронены. Яшчэ на пад’ездзе ўбачылі, што тут знаходзіцца шмат тэхнікі, вырашылі, што і нам можна. Да таго ж, вароты былі расчынены, нас ніхто не спыняў».

 

белое озеро 001На пытанне Мікалая Ванюка, ці  бачылі яны знак, устаноўлены на ўездзе, зноў спаслаліся на аўтамабілі мясцовых жыхароў. А гэта значыць, што прыклад паводзін на возеры іншагароднім паказваюць менавіта нашы землякі.

белое озеро 002

Яшчэ адно парушэнне, якое выявілася ў час рэйду, – непатушанае вогнішча. Яно гарэла пры адсутнасці адпачываючых, а побач стаяла пластыкавая ёмістасць з вадой. Так і не знайшоўшы гаспадароў кастра, Мікалай Ванюк патушыў яго.

Літаральна праз некалькі дзясяткаў метраў назіралі жывы прыклад таго, што можа здарыцца, калі агонь пакінуць без нагляду: з ачага па сухой траве ён перакінуўся на дрэва. Дзякуй Богу, хтосьці заўважыў, патушылі… Пасля ўбачанага, а месцы раскладання вогнішчаў былі нярэдкімі і на супрацьлеглым баку возера, прыемна ўра-зіла спецыяльна падрыхтаваная гандлёвая плошча прыватнага прадпрымальніка Мікалая Бабіча, з ларком і столікамі, а таксама пляцоўкай для прыгатавання шашлыкоў.  Людзі, здаецца, яшчэ не ведаюць, што тут можна бясплатна карыстацца шампурамі і мангаламі, а за грошы купіць вуголле і мяса для шашлыка.

Што датычыла смецця, то яго тут хапала. Праўда, у асноўным сабранае ў пакеты і кінутае каля бліжэйшага з кантэйнераў, у той час, як на спецыяльнай пляцоўцы вялізная металічная скрыня стаяла паўпустая. Дарэчы, чамусьці пуставала кантэйнерная пляцоўка на тэрыторыі былой турыстычнай базы: ні скрыняў, ні смецця.  Сёй-той з адпачываючых рэшткі ад пікнікоў згружаў у закінуты калодзеж. Па словах прыватнага прадпрымальніка Ігара Вароніча, які вядзе тут свой “курортны бізнес”, некалькі разоў на тыдзень смецце адсюль вывозіцца.

Непрыемна ўразіла панарама, што адкрылася, калі крыху прайшлі па свежавытаптанай траве ўглыб лесу: вялізны мурашнік літаральна прыціснуты нядаўна выгружанай тут сумессю з сухой травы, шышак і сасновых іголак. Як расказалі сведкі, гэта “пагаспадарнічалі” камунальнікі, якія паленаваліся знайсці больш падыходзячае месца для складзіравання прыродных адходаў, маўляў, такое смецце мурашкам не пашкодзіць.

Рэйд вакол возера выявіў і яшчэ адну праблему – недастатковаць туалетаў, што вельмі негатыўна адлюстроў-ваецца як на прыродзе, так і на настроі адпачываючых. А іх, нягледзячы нават на чарговы “захад” непагадзі, заставалася на Белым возеры яшчэ многа. Людзі загаралі на сонцы, смажылі шашлыкі, купаліся і плавалі. Раз-пораз на воднай акваторыі паказвалася лодка з выратавальнікамі…

Пакідаючы берагі, падумалася: няма пакуль у нашага возера адпавядаючага яму абрамлення ў выглядзе добраўпарадкаванай тэрыторыі і годнай арганізацыі адпачынку. Нават нягледзячы на пастаянныя дзяжурствы прадстаўнікоў адпаведных службаў і праводзімыя імі прафілактычныя размовы, многія не разумеюць, што сваімі дзеяннямі губяць сваю жамчужыну.

 



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть