«ЦІХІ ПОДЗВІГ» У ІМЯ ІНШЫХ
Общество

«ЦІХІ ПОДЗВІГ» У ІМЯ ІНШЫХ

14 чэрвеня – Сусветны Дзень донара крыві 

Кожную секунду ва ўсім свеце ў людзей рознага ўзросту і паходжання ўзнікае патрэба ў пераліванні крыві. Мільёны абавязаны сваім жыццём тым, каго яны ніколі не бачылі – донарам.
У іх розныя лёсы, прафесіі і погляды, але ёсць тое, што аб’ядноўвае: яны ў заўсёды гатовы падзяліцца ўласнай крывёю з тымі, каму яна патрэбна для лячэння. Пра важнасць донарства і яго станоўчы ўплыў расказвае ўрач хірург-трансфузіёлаг УАЗ “Лунінецкая ЦРБ” Васіль Бойка.


– Самая частая матывацыя донараў – жаданне дапамагчы іншым і здзейсніць добры ўчынак. Затым – грашовае ўзнагароджанне і разуменне рызыкі, што кроў можа спатрэбіцца і ім самім. Што астрымлівае ад донарства, дык гэта страх перад болем, боязь іголак, людзей у белых халатах, выгляду крыві, наступстваў кровастраты. Некаторыя асцерагаюцца заражэння. Ну, а часцей за ўсё – звычайная абыякавасць.
– Васіль Сцяпанавіч, што значыць «бязвыплатнае донарства»?
– Калі за гэта не атрымліваеш грошай, а робіш ад сэрца. На сённяшні дзень Сусветная арганізацыя аховы здароўя заклікае ўсе краіны да 2020 года перайсці на сістэму рэгулярнага бязвыплатнага донораства. Беларусь – не выключэнне.
– Як адбіваецца забор крыві на здароўі?
– Здача на рэгулярнай аснове карысная для прафілактыкі захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы, спрыяе самаабнаўленню ўсяго арганізма. У сур’ёзных сітуацыях, напрыклад, пры няшчасным выпадку, донар мае больш шанцаў на выжыванне, бо ён больш адаптаваны да кровастрат.
– Якія адчуванні могуць паўстаць пры здачы крыві?
– Усё вельмі індывідуальна. Многія донары ніякіх змен у самаадчуванні не заўважаюць і не зніжаюць звычайнай актыўнасці ў дзень здачы крыві – выходзяць на работу. Ды і добры настрой ад свядомасці зробленай справы – забяспечаны. Але, здараецца, хтосьці адчувае боль пры ўводзе іголкі ў вену. Часцей гэта мужчыны. Жанчыны, у сілу фізіялогіі, лепш прыстасаваныя да невялікіх кровастрат.
– Хто можа стаць донарам?
– Любы здаровы чалавек ад 18 да 60 гадоў. Патэнцыяльны донар павінен мець пры сабе пашпарт з прапіскай або рэгістрацыяй на тэрыторыі раёна не менш за 6 месяцаў, ваенны білет і папярэдне прайсці агляд ўчастковага тэрапеўта.
– Ці ёсць ў нашым раёне пастаянныя донары?
– А як жа! Іх у нас больш за 120 чалавек. Вядома, неабходна рабіць акцэнт на іх павелічэнне. Мы забяспечваем кампанентамі крыві і свежазамарожанай плазмай усе выпадкі аказання неадкладнай і планавай лячэбнай дапамогі хворым. Пакуль што ў нас не было сітуацый недахопу крыві. За што дзякуй, перш за ўсё, нашым донарам, якія на любы экстраны выклік адгукаюцца аператыўна. Вам, людзям, якія дораць жыццё, жадаю здароўя, дабрабыту і шчасця.
У райцэнтры на базе Залескай амбулаторыі 22 чэрвеня плануецца правядзенне акцыі па прыцягненні насельніцтва да бязвыплатнага донарства. Актыўны ўдзел у ёй прымуць «штатныя» донары. Трэба заўсёды памятаць, што чалавек становіцца багацей не тады, калі бярэ, а калі аддае.
МЕРКАВАННІ ГАНАРОВЫХ ДОНАРАЎ
Юрый Новік:
– З’яўляюся донарам каля 25 год. Упершыню прыйшоў на здачу крыві будучы студэнтам. На сённяшні дзень нават не магу дакладна сказаць, колькі літраў за ўвесь час здаў. Ды і ці варта весці падлікі? Галоўнае – разуменне важнасці донарства. З-за спецыфікі сваёй прафесіі (я – урач), не раз сутыкаўся з тым, як донараская кроў выратоўвала людзям жыцці. Лічу, што для папулярызацыі бязвыплатнага донарства у авангардзе гэтай справы павінны стаяць, у першую чаргу кіраўнікі, медыйныя асобы, падкрэсліваючы значнасць мерапрыемства на ўласным прыкладзе.
Тамара Грудзько:
– Першы раз здала кроў у 1987 годзе. Усвядоміць усю важнасць донарства дапамог выпадак. Аднойчы ў аварыю трапіў зямляк. Тэрмінова патрабавалася вялікая колькасць крыві. Мой рэзус фактар не супаў з пацярпелым, але ў маёй сястры ён аказаўся адпаведным. Хлопец застаўся жывым. Тады зразумела, што наша кроў для многіх становіцца адзінай крыніцай жыцця. Думаю, бязвыплатнае донарства можна параўнаць з пачуццём ад падоранага букета: адна справа, калі ты сам сабе купляеш кветкі і зусім іншая, калі іх табе дораць.
Наталля АРАШКЕВІЧ. 

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть