Общество

ЦУД ПЕРАЎТВАРЭННЯ

…Промні залатога сонейка нясмела зазірнулі ў прыгожыя і чыстыя вокны будынка. Як доўга ён не бачыў гэтага цёплага зіхацення ў сваіх памяшканнях, не адчуваў цудоўнай радасці – быць поўным удзячных наведвальнікаў і мілагучных спеваў! Цяпер Сінкевіцкі Дом культуры нібы ажыў пасля зацягнутай рэканструкцыі, і задаволеныя вяскоўцы зноў аказаліся ў абдымках вясёлага настрою.

Яго ўрачыстае адкрыццё стала сапраўдным святам для кожнага. Перарэзаўшы чырвоную стужку, са сцэны працягнуў сваю прывітальную прамову намеснік старшыні райвыканкама Віктар Рафаловіч. У яго словах прагучала, бадай, найгалоўнейшая ісціна: варта берагчы зроблены вяскоўцам каштоўны “падарунак”. А тое, колькі сіл было ўкладзена ў яго падрыхтоўку, стала вядома падчас выступлення начальніка будаўнічага ўпраўлення №63 Аляксандра Дудзіча: “Калі ўпершыню ўбачылі будынак, уражанне было не самым вясёлкавым. Ды толькі вочы баяцца, а рукі робяць: здолелі не толькі аднавіць Дом культуры звонку, але і надаць сучасны выгляд усім яго памяшканням!” 

Сёння тут сапраўды ёсць чым захапіцца: прыгожыя сцены, новыя шклопакеты, столя (цяпер яна не будзе “асыпацца” і працякаць). Радуе бліскучая плітка на падлозе, якая, праўда, можа стварыць пэўныя нязручнасці зімой – даволі слізкая. Ды і дзверы ў рабочых памяшканнях зачыняюцца не зусім шчыльна, а агрэхі ва ўсталяванні ацяпляльнай сістэмы нагадалі пра сябе невялікімі падцёкамі. 

Але ў гэты дзень людзей мала цікавілі разнасатайныя недахопы. Усе з задавальненнем падпявалі самадзейным артыстам Людміле Давыдчык, Генадзю Шэўчыку, Надзеі Дубініч. Гучнымі апладысментамі віталі ўдзельнікаў ансамбля народнай песні “Сустрэча”, але куды больш шчырымі авацыямі адорвалі мясцовых талентаў – Эму Цубер, Аляксандра Крывульца, Іну Літвіновіч. 

У танцавальнай зале размясцілася выстава народнай творчасці вясковых умельцаў: арыгінальныя рушнікі, драўляны посуд, вышыўка і работы з саломкі здзіўлялі непаўторнасцю. 

Сёння ўвечары тут пройдзе першая дыскатэка. Загучаць знаёмыя мелодыі, пад святло “неона” закружацца ў танцы хлопцы і дзяўчаты. Толькі для таго, каб мерапрыемства было бездакорным, па-ранейшаму не хапае новага музычнага абсталявання. Падчас адной з сустрэч карэспандэнта “ЛН” з былым галоўным спецыялістам аддзела культуры Русланам Хомічам, ён пераканаў – апаратура абавязкова паявіцца! Пакуль акрамя шара з рознакаляровымі агеньчыкамі нічога не набылі. Па словах начальніка вышэйназванай установы Ганны Баецкай, тэхніку закупяць вясной гэтага года. І тады, хоцелася б спадзявацца, культурнае жыццё вёскі набудзе такую жаданую змястоўнасць.





Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть