Цудоўны самы ў лютым вечар з мінулым светлая сустрэча
Общество

Цудоўны самы ў лютым вечар з мінулым светлая сустрэча

квнУдзел у першым калядным фестывалі Клуба Вясёлых і Знаходлівых на кубак старшыні райвыканкама для каманды агульнаадукацыйнага ліцэя стаў генеральнай рэпетыцыяй перад вельмі адказным і хвалюючым мерапрыемствам – традыцыйным вечарам сустрэчы з выпускнікамі. У пэўным сэнсе і перамогу ліцэйскага “СПАМа” (на здымку) можна лічыць падарункам сённяшніх адзінаццацікласнікаў– выпускнікам ліцэя мінулых гадоў.

Несумненна, 1 лютага, калі ў сценах роднай “альма матэр” збяруцца яе пасталеўшыя выхаванцы, многія моманты ў будучым дадуць жыццё старонкам ліцэйскіх мініяцюр, народзяцца новыя жарты, прагучаць любімыя песні. Але галоўнае, тут зноў будзе панаваць атмасфера шчырай прыязнасці і цеплыні, а звычны зварот “А помніш?..” пакліча ў светлае мінулае.

 

«Самы цудоўны горад на зямлі!»
Першы калядны фестываль гульняў Клуба Вясёлых і Знаходлівых на кубак старшыні райвыканкама прайшоў у актавай зале дзяржаўнага прафесіянальна-тэхнічнага каледжа сельскагаспадарчай вытворчасці.
Удзельнічалі ў ім чатыры каман-
ды – “Адрэналін” (Лунінец-
кая цэнтральная раённая бальніца, “СПАМ” (агульнаадукацыйны ліцэй), “Ураган пазітыву” (дзяржаўны прафесіянальна-тэхнічны каледж сельскагаспадарчай вытворчасці) і “КультУРА!” (аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама).
Сімвалічная тэма гульняў гучала коратка і ёміста – “Гарадок”. Меркавалася, што менавіта нашаму Лунінцу – самаму цудоўнаму гораду на зямлі – будуць прысвечаны ўсе конкурсы. Зрэшты, так яно і было.
Журы, а ў яго складзе – намеснік старшыні райвыканкама Віктар Рафаловіч, начальнік арганізацыйна-кадравага аддзела райвыканкама Андрэй Курыловіч, дырэктар РФСК “Здароўе” Ігар Гапон, першы сакратар райкама БРСМ Юлія Шчур і галоўны рэдактар “Лунінецкіх навін” Таццяна Вайцяхоўская – на працягу дзвюх гадзін неаднойчы стаяла перад дылемай выбару найбольш дасціпных, таленавітых і вясёлых канкурсантаў. Даводзілася арыентавацца не толькі на глыбіню раскрыцця тэмы конкурсу, але і на артыстызм, гумар, вакальныя і харэаграфічныя дадзеныя асобных выканаўцаў.
Візітоўка “Станцыя Лунінец” стала своеасаблівым дамашнім заданнем кожнай з каманд, а таму падрыхтаваліся да яго ўдзельнікі адказна. Невялікая розніца ў балах сведчыла пра тое, што сабраліся на сцэне сапернікі, роўныя па здольнасцях і волі да перамогі. Балельшчыкаў не пакінулі абыякавымі “три девицы” з каледжа, “адрэналінаўская” мініяцюра “У венеролага”, артыстычныя здольнасці дзяўчат з каманды “КультУРА”. Аднак найбольш пераканаўчым стала выступленне “СПАМа”, які і сапраўды “няпроста знайсці, лёгка згубіць і цяжка забыць”.
Варта сказаць, што захопленае з першага конкурсу першынства ліцэісты не збіраліся так лёгка аддаваць, хоць на працягу ўсіх спаборніцтваў дастаткова ўражваючымі і запамінальнымі былі многія моманты. Нягледзячы на тое, што ў конкурсе “Городок наш не велик и не мал” каманды жартавалі “пучкамі” па некалькі жартаў, і былі яны дастаткова дасціпнымі, журы аддало перавагу сатыры на мясцовыя тэмы. Па вартасці было ацэнена выказванне капітана “СПАМа” Максіма Шырчанкі наконт таго, што “Лунінец – самы цудоўны горад на зямлі. Тут і без ёлкі Новы год – свята!”. Ненавязлівы напамін пра тое, што ў райцэнтры на плошчы ў самы разгар калядных святаў упала навагодняя ёлка, ацанілі не толькі шмат-лікія балельшчыкі, якія дружна пад-трымлівалі сваю каманду, але і журы.
Не памылюся, калі скажу, што камандзе “Ураган пазітыву” вельмі пашанцавала з самабытным і каларытным іграком, капітанам Аляксандрам Марціновічам, які ў рэшце-рэшт, заваяваў званне мацнейшага. Камандзе “КультУРА” немагчыма было супрацьстаяць у музычных конкурсах – дзяўчаты на чале з капітанам Віктарам Круглікам па-майстэрску выконвалі ўсе музычныя нумары. Яны ж вельмі артыстычна падышлі да класічнай “Каляднай казкі”. У іх выкананні казка атрымалася вельмі жыццёвай і яркай.
І тым больш важкім і смелым было выступленне “Адрэналіна” (капітан Людміла Курыловіч). Можна толькі ўявіць, як няпроста было медыкам супрацьстаяць прафесіяналізму культработнікаў, вывераным выступленням ліцэістаў і навучэнцаў каледжа. Аднак экзамен яны вытрымалі з годнасцю, падзяліўшы ганаровае трэцяе месца з “Ураганам пазітыву”. На другім апынулася “КультУРА”. А перамогу ў гэты дзень святкавалі ліцэісты, якія і сталі ганаровым уладальнікам кубка першага каляднага фестывалю КВЗ. Трэба сказаць, што падарункі ад старшыні райвыканкама В.М. Агіевіча атрымала кожная з каманд-удзельніц.
Спаборніцтва працягвалася няпоўныя дзве гадзіны. 120 хвілін добрага настрою, сяброўства, сардэчнасці і іскрамётнага гумару. Хіба гэтага мала?
Застаецца толькі спадзявацца, што калядны фестываль стане традыцыяй і на наступны год яго ўдзельнікамі будуць не чатыры, а прыкметна больш каманд.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть