Общество

ЦУДЫ БЫВАЮЦЬ!

Усе, хто на мінулым тыдні ў чацвер глядзеў вячэрнія навіны на беларускіх тэлеканалах, проста не маглі паверыць сваім вачам, калі з экрана ўсміхаўся і паказваў рукой знак перамогі – “вікторыі” – наш зямляк, 11-гадовы Стас КАВАЛЬЧУК.

Пра яго сям’ю “Лунінецкія навіны” расказалі больш як два гады таму. Хлопчык доўгі час пакутаваў на рэдкае прыроджанае захворванне нырак. Выратаваць яго магла толькі аперацыя. Планавалі рабіць яе ў Маскве за вялікія грошы – больш як 90 тысяч долараў. І хоць ведалі, што сабраць такую суму будзе вельмі цяжка, наладзілі прыём добраахвотных ахвяраванняў у рэдакцыі “ЛН”. Паступалі грошы і на банкаўскі рахунак. Былі яны вельмі дарэчы для сям’і, дзе ёсць яшчэ адно дзіця – дзяўчынка; мама даглядала хворага Стасіка, а бацька працаваў у індывідуальнага прадпрымальніка. 

Сабраныя сродкі істотна падтрымалі Кавальчукоў. За іх сям’я набывала дорагакаштуючыя замежныя прэпараты для таго, каб падтрымаць знясілены хваробай арганізм хлопчыка. За гэта Кавальчукі ўдзячны і рэдакцыі “ЛН”, якая выступіла ініцыятарам правядзення дабрачыннай акцыі, і ўсім, хто адгукнуўся на заклік аб дапамозе. Разам мы верылі, што Стасік абавязкова паправіцца!

Да нядаўняга часу ў Беларусі аперацыі па перасадцы нырак рабілі толькі дарослым. Але апошнім часам беларуская медыцына зрабіла істотны крок наперад. Перасаджваць ныркі пачалі дзеткам. У ліку першых двух маленькіх пацыентаў аказаўся і наш Стасік. Яму сваю нырку аддаў бацька. Верым, што боль у хлопчыка пройдзе, як і душэўныя пакуты, якія праследавалі сям’ю доўгія гады. “Раёнка” і яе чытачы зычаць Стасу хутчэйшага выздараўлення і вяртання дамоў. Цуды здараюцца, і новае жыццё Кавальчукоў абавязкова будзе радасным і шчаслівым!



Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть