Общество

Цёплыя вёсны

Красаванне жыта і свежазмалочанае зерне маюць пяшчотны прыемны пах, не падобны на нешта іншае ў прыродзе. Недасведчаны чалавек і не зразумее, адкуль ён даносіцца – навокал жа не бачна кветак? Але адразу здагадаецца той, хто паспеў удосталь наталіцца гэтым водарам за доўгі час работы на зямлі. Таксама і з другой прафесіяй. Толькі пальецца тонкі струмень малака ў вядро, як па гуку былая даярка не пераблытае яго ні з чым на свеце. Таму што на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў пачынала кожную працоўную раніцу і падвячоракз гэтых звонкіх адметных гукаў.

Аб такіх асаблівасцях у спецыфіцы сялянскай працы трактарыста і даяркі добра вядома мужу і жонцы Івану і Соф’і МАКЕЙЧЫКАМ з Вулькі 2, бо іх стаж работы ў гэтых якасцях дасягнуў максімальнай адзнакі. 14-гадовай яна прынялася за выкананне дарослых абавязкаў. Толькі падрасла, адчула ў руках сілу, як не захацела сядзець без справы, не цікавілася гульнямі. Дзіця вайны, ніколі не бачыла раскошы, а работы ніякай не баялася.

Нехта яшчэ тады казаў, што за мяжой кароў дояць з дапамогай мудрагелістых прыстасаванняў. Але ніхто не верыў аповядам, думалі, хіба такое магчыма? Механізацыя ўсё ж прыйшла і на іх ферму, толькі адбылося гэта занадта позна – Соф’і Кузьмінічне заставалася 5 год да пенсіі. Ранейшыя 32 яна даіла калгасны статак заўсёды ўручную.

У яе асаблівая дата нараджэння – чэрвень 1941 года. Равесніца вайны паявілася на свет у той момант, калі навокал панавалі жах і адчай. Усе былі перапалоханыя прыходам немцаў, няведаннем, што будзе заўтра, а тут немаўлятка, якое ў дадатак да ўсяго захварэла на моцную прастуду. Некалькі месяцаў, як яна кажа, “не жыла і не памірала”. Потым палягчэла, але праблемы з лёгкімі засталіся на ўсё жыццё, і з узростам усё часцей нагадваюць аб сабе.

Іван Васільевіч старэйшы на 5 год, у яго свая гісторыя вайны, хаця быў зусім хлопчыкам. Перад прыходам фронту немцы сагналі разам яго сям’ю і большасць сусе-дзяў, пасадзілі ў таварны цягнік і выгрузілі ў Парахонску. Жанчын і дзяцей размясцілі асобна ад мужчын у ахоўваемы лагер, прабылі ў якім два тыдні. Імклівае набліжэнне савецкай арміі не дало магчымасці ворагам адправіць людзей у Нямеччыну. Пайшлі чуткі, што іх рыхтуюцца расстраляць.

Нехта з ахоўнікаў (дагэтуль перадаюць таму невядомаму чалавеку шчырыя словы падзякі) пашкадаваў безабаронных людзей, тайна перадаў ім рыдлёўку. За ноч паспелі падкапацца пад дротам, адпаўзці на бяспечную адлегласць. Дадому праз багну балот жанчыны і дзеці дабіраліся пехатой, не ведаючы дарогі. Стомленыя, галодныя – елі крапіву і рознае зелле, засыналі на голай зямлі. Калі траплялася вёска ці якая хата, то прасілі напіцца вады, хоць кавалачак хлеба ці глыток малака. Не ўсім са знаёмых пашанцавала вярнуцца, а яны, нарэшце, прыбіліся да роднага папялішча. Па суседзях жылі, у зямлянцы туліліся…

Іван Васільевіч добра памятае сваю армейскую службу, за час якой пабываў у чатырох ваенных акругах. Рэкі Волга і Урал, гарады Кіеў і Аранбург, дзе чыгуначнік паспяваў пазнаёміцца з мясцовым побытам. Пасля вяртання з бязмежных савецкіх прастораў вырашыў асталявацца ў родных мясцінах. Пасябраваў з Соф’яй. Стварылі сям’ю, пабудавалі хату. На работу ўладкаваўся ў калгас паляводам, а з паяўленнем першага трактара сеў за руль.

Разам з тэхнічным аснашчэннем гаспадаркі большала вопыту ў маладога механізатара. Працаваў на пагрузчыку, на сушыльным агрэгаце, асвоіў першы камбайн. 26 уборачных кампаній запар прайшлі з удзелам стараннага камбайнера. “Ніву” ведаў да апошняга вінціка, мог па гуку дакладна вызначыць стан тэхнікі. Калі заканчваўся сезон жніва, перакваліфікоўваўся ў трактарыста, у якасці якога сустрэў пенсійны ўзрост. Але і гэта не стала мяжой.

Яшчэ тры сезоны па-ранейшаму быў звязаны з тэхнікай, потым 10 год працаваў вартаўніком на мех-двары роднай гаспадаркі. На сапраўдны адпачынак выйшаў даўно, перасягнуўшы 70-гадовую адзнаку. Нельга сказаць, што трымаўся на рабоце з-за грошай – заробкі былі нязначныя. Проста не ўяўляў сабе іншы лад жыцця. Прыдбаўшы старэнькі спісаны трактар у асабістую ўласнасць, добра адрамантаваў яго і паспяваў дагледзець агароды родным і суседзям.

Цяпер аб былой стараннасці нагадваюць толькі некаторыя запчасткі ў кутку двара. Самаадчуванне Івана Васільевіча моцна пагоршылася, няма сілы ў руках, баляць ногі, ные спіна. Але ён  не скардзіцца, дзякуе Богу за падораны адрэзак жыцця – летась адзначыў 80-гадовы юбілей. Шкадуе, што напалову менш лёс адмераў двум зяцям – Анатолю і Барысу, якіх не стала некалькі год таму…

Абедзве аўдавелыя дачкі Марыя і Вера жывуць у Дубаўцы. Святлана знайшла сваё шчасце ў Магілёве, наведваецца на малую радзіму разам з сям’ёй. Галіна засталася ў роднай вёсцы, асталявалася ў доме, пабудаваным побач з бацькоўскім. Суседняя сядзіба належыць адзінаму сыну Васілю. Супакойваюць сэрцы бабулі і дзядулі 11 унукаў, якія апошнім часам шчодра дораць старэйшаму пакаленню сваіх нашчадкаў – 8 праўнукаў. Іван Васільевіч ганарыцца, што моладзь захоў-вае даўнюю традыцыю, якая склалася ў яго продкаў, даваць дзецям імёны дзеда. Васілёў сын Іван назваў свайго першынца Васілём. Магчыма, некалі праўнучак, якому толькі паўгода, працягне дынастыю.

Толькі цяпер у мужа і жонкі Макейчыкаў ёсць вольны час. Раней яго ніколі не хапала – калі не калгасная работа, то нарыхтоўка дроў, сена, апрацоўка “сотак” з бульбай ці агарода, догляд за каровамі і свіннямі. Заўсёды былі дзялянкі з клубніцамі, паспявалі назбіраць грыбоў і чарніц. Зараз нязвыкла, калі спяшацца няма куды. Хіба толькі да ўнукаў, якія раз’ехаліся па розных населеных пунктах, занятыя выхаваннем малышоў і разнастайнымі клопатамі на рабоце.

У такія паездкі часцей накіроў-ваецца бабуля. Хочацца кожнага ўбачыць, з усімі пагутарыць, нешта параіць з вышыні свайго багатага вопыту. Дзядуля застаецца дома – у пакоях, якія некалі самі будавалі, даводзілі да ладу, ніколі не бывае сумна. Пры неабходнасці, садзіцца за руль легкавіка ў недалёкую дарогу. Пад раскошным вінаградам на падворку можна ўдосталь наслухацца спеваў птушак, задумацца аб нечым блізкім пад шум высокіх бяроз.

Жыццё прамінае недаравальна хутка: з дзіцяці вырастае падлетак, потым ён становіцца дарослым, гадуе сваіх сыноў і дачушак. З кожным годам на рысах твару застаюцца адбіткі пройдзеных дарог і ўзнятых праблем. Некаторыя прымаюць гэта з горыччу, а Іван Васільевіч і Соф’я Кузьмінічна дзякуюць лёсу за такі расклад. Свой шлях яны прайшлі разам, радава-ліся вынікам працы, падтрымлівалі адзін аднаго ў час непрыемнасцей і страт. Чаго яшчэ жадаць? Вядома ж, каб у дзяцей і ўнукаў усё атрымалася, было мірнае неба і Бог падарыў яшчэ добры дзясятак вёснаў пабыць поруч.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть