Да ведаў — праз цемру і непагадзь
Общество

Да ведаў — праз цемру і непагадзь

Тры гады таму ў Сітніцы закрылі школу. Педагогам прапанавалі новыя месцы работы, а вучняў пачалі падвозіць у Мікашэвічы.

–  Абяцалі камфорт. А што на самай справе? – голас Мікалая Ярмоліча ў тэлефоннай трубцы гучаў вельмі ўсхвалявана. – Акрамя маіх траіх унукаў на нашай вуліцы жыве яшчэ два школьнікі. Каб паспець на аўтобус, які адпраўляецца з вёскі ў 7 гадзін раніцы, ім трэба выходзіць з дому за паўгадзіны да вызначанага часу. Зрэшты, складанасць нават не ў гэтым, а ва ўмовах, пры якіх дзецям даводзіцца дабірацца. Вулічныя ліхтары ўжо і не ўзгадаю, калі гарэлі. Дарога ў ямах і выбоінах, а дажджы ператвараюць яе ў непраходнае месіва. Як і раней, няма месца, дзе можна схавацца ў чаканні аўтобуса. Між тым, на вясковым сходзе прадстаўнікі электрасетак абяцалі, што ўсе пытанні з вулічным асвятленнем вырашаць аператыўна. Як, дарэчы, і спецыялісты службаў, у кампетэнцыі якіх знаходзіцца будаўніцтва дарожнага павільёна.

Сапраўды, плафоны ліхтароў на той частцы вуліцы Набярэжная, дзе жыве М.Д. Ярмоліч, іржавыя, праз іх прасвечваецца неба, лямпачкі адсутнічаюць. Мае рацыю мужчына і наконт  праезнай часткі вуліцы. Ёсць пытанні і па дарозе да будынка былой школы, дзе штодня робяць пасадку ў аўтобус каля 20 мясцовых школьнікаў. Так, вуліцу Садовая самы час перайменаваць у Лясную: яе абочыны густа зараслі дрэвамі і хмызняком. На частцы апор вулічнага асвятлення тут ёсць працуючыя ліхтары. Праўда, чамусьці яны знаходзяцца ў людскіх агародах або ў значнай аддаленасці ад праезнай часткі. Неспакой за бяспеку дзяцей выклікаюць і пераходы праз глыбокі канал: з чатырох масткоў толькі адзін з двухбаковымі металічнымі парэнчамі. А вось на падыходзе да будынка былой школы на невялікім участку вуліцы шмат свяцільнікаў. І  большасць – з лямпачкамі…

З набалелымі праблемамі вяскоўцаў звярнулася да старшыні Мікашэвіцкага гарвыканкама Галіны Сыцэвіч, якая растлумачыла:

– На працягу кастрычніка ў нашым рэгіёне будзе працаваць спецыяльная тэхніка ДРБУ-101. Работнікі зоймуцца добраўпарадкаваннем дарог, што звязваюць Граду, Запроссе і Сітніцу, прывядуць да ладу вызначаныя вуліцы сельскіх населеных пунктаў. А яшчэ плануецца, што яны пабудуюць аўтобусны прыпынак. Што датычыцца масткоў праз канал, то ў бліжэйшы час імі зоймуцца мясцовыя дэпутаты-“гранітаўцы”. На мінулым тыдні яны наведалі вёску, вызначылі фронт работы. Як запэўніў майстар электрасетак Іван Галавач, у першай дэкадзе кастрычніка вырашыцца і пытанне з вулічным асвятленнем па Набярэжнай…

Пачакаем?



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть