Общество

ДАБРАБЫТ ДАСЯГАЕЦЦА ПРАЦАЙ


Для падвядзення вынікаў агляду-конкурсу закупу малака ў насельніцтва за мінулы год лепшых малаказборшчыкаў і малаказдатчыкаў раёна сабралі ў дыхтоўнай актавай зале ААТ “Лунінецкі малочны завод”.

Прыгожы інтэр’ер памяшкання надаў урачыстасці сціпламу і нешматлюднаму мерапрыемству, якое традыцыйна пачалося з выступлення старшыні райсавета Віталя Адзішчава. Падводзячы вынікі за мінулы год, ён адзначыў, што ўсяго на прыватных падворках утрымліваліся 3838 кароў, надоена 13073 тоны малака. Лішкі яго – 7510 тон закуплены перапрацоўчым прадпрыемствам. Дарэчы, гэта складае толькі 75 працэнтаў да задання, даведзенага раёну Праграмай развіцця і падтрымкі асабістых дапаможных гаспадарак на 2009 год. Зніжэнне колькасці малака, прадаваемага дзяржаве, абумоўліваецца змяншэннем пагалоўя кароў на прыватных падворках. У прыватнасці, летась, яно скарацілася на 568 галоў, а калі браць за апошнія 4 апошнія гады, то на 2354.

Не радуюць і вынікі першага квартала 2010-га: закуп малака зменшыўся на 262 тоны, у выніку чаго заданне выканана на 51 працэнт. Віталь Мікалаевіч заклікаў прысутных прыкласці ўсе намаганні, каб у далейшым выправіць становішча. З гэтай мэтай пазней былі выслуханы заўвагі і прапановы па паляпшэнню работы малаказборшчыкаў і павышэнню аддачы прыватных падворкаў. З выступленняў старшыні Бастынскага сельвыканкама Фёдара Рашэцкага, а таксама некаторых здатчыкаў і зборшчыкаў малака сведчыла, што не ўсе сельгаспрадпрыемствы зацікаўлены ў дапамозе прыватнікам. Яны не выдзяляюць добрую пашу і салому для жывёлы насельніцтва, не дапамагаюць у нарыхтоўцы кармоў. У малаказборшчыкаў не хапае патрэбнага абсталявання, а коні не забяспечваюцца кармамі. Не адрэгулявана і аплата працы: у кожнай гаспадарцы яна розная, нягледзячы на тое, што малочны завод на закуп малака выдзяляе ўсім аднолькавыя сумы. В.М. Адзішчаў парэкамендаваў старшыням сельвыканкамаў вырашыць агучаныя праблем сумесна з кіраўнікамі сельгаспрадпрыемстваў.

Узнагароджванне пераможцаў агляду-конкурсу на лепшага малаказдатчыка і малаказборшчыка пачалося з уручэння Падзячных лістоў раённага Савета дэпутатаў малаказборшчыку Аляксею Байдуку з Рэдзігераўскага сельсавета і малаказдатчыцы Настассі Пракаповіч з Сінкевіцкага сельсавета, якія ў сваіх намінацыях занялі ганаровыя трэція месцы. Існуючымі ўмовамі конкурсу летась прэміі за іх не былі прадугледжаны. Што, дарэчы, выпраўлена сёлета. Дырэктар ААТ “Лунінецкі малочны завод” Сяргей Карпец назваў пераможцаў конкурсу. Сярод малаказбошчыкаў імі сталі Нэлі Бярозка з Вулькаўскага сельсавета (сабрала больш як 163 тоны малака) і Аляксей Шэляговіч з Лахвенскага (амаль 138 тон). Сярод малаказдатчыкаў – Надзея Нагорная з Рэдзігераўскага сельсавета (19 тон) і Валянціна Евіч з Лунінскага (15 тон). Сярод фермераў – Анатоль Ліпскі (42 тоны). Усе яны атрымалі грашовыя прэміі і наборы малочнай прадукцыі. Апошнімі, дарэчы, парадаваны яшчэ больш як 20 чалавек, якія таксама ўнеслі неблагі ўклад ў закуп і продаж лішкаў малака дзяржаве. НА ЗДЫМКУ: Надзея Нагорная шэсць год запар з’яўляецца нязменным пераможцам сярод малаказдатчыкаў. Працуе яна бухгалтарам у Рэдзігераўскім сельсавеце і лічыць, што 4 каровы, якія ўтрымліваюць на сваім падворку разам з мужам Якавам Сцяпанавічам з’яўляюцца сапраўднымі карміцелькамі. Выручаныя за малако грошы – дапамагаюць вучыць у ВНУ малодшую дачку, падтрымліваць двух старэйшых дзяцей і радаваць падарункамі пакуль яшчэ адзінага ўнука Арцёмку.

Галіна КУЧЭЙКА.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть