Дачакацца вяселляў унукаў марыць Васіль Мелюх з «Лунінскага»
Общество

Дачакацца вяселляў унукаў марыць Васіль Мелюх з «Лунінскага»

Васямнаццаць год стаіць на чале гаспадаркі ў Луніне Васіль МЕЛЮХ. Калегі між сабой клічуць яго “аксакалам”. І не толькі таму, што кіраўнікоў сельгасарганізацый з такім багатым вопытам засталося няшмат, а яшчэ і таму, што гэты чалавек ніколі не скупіцца на дапамогу. Прычым не толькі добрым словам, але і справай.

І хто ведае, адкуль карані гэтай добразычлівасці і імкнення дапамагаць? Магчыма, бяруць яны свой пачатак у далёкіх цяпер ужо 90-ых гадах мінулага стагоддзя, калі паўразбураны “Лунінскі” ўзначаліў 37-гадовы спецыяліст з дыпломам Беларускага інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі? Сесці ў крэсла кіраўніка арганізацыі, дзе па паўгода не плацілі заробкі, было па-сапраўднаму мужчынскім учынкам. Яно, гэтае мужнае стаўленне да праблем, і дапамагала пераадольваць, здавалася б, самыя нечаканыя цяжкасці і перашкоды.

Не апошнюю ролю адыгрывала і тое, што на кар’ерным шляху прайшоў Васіль Сцяпанавіч нямала прыступак. Быў сакратаром камітэта камсамола гаспадаркі, брыгадзірам паляводчай брыгады, начальнікам участка, меў вопыт прафсаюзнай работы. Нават прарабам папрацаваў, змяніўшы грамадскую работу на пасаду інжынера-цеплатэхніка. Словам, партфель кіраўніка ў сэнсе вопыту і набытых ведаў у 1999-ым пустым не быў.

Складаную навуку працаваць з людзьмі таксама спасцігаў цярпліва і мэтанакіравана. І хоць давалася яна іншы раз няпроста (што ні чалавек – то характар!) знаходзіў агульную мову з кожным. Спакваля заваяваў аўтарытэт і павагу, якія нязменна выліваюцца ў простым але вельмі жаданым словазлучэнні  “Наш старшыня!”, якое ў вуснах вяскоўцаў гучыць з асаблівай цеплынёй і важкасцю.

Сёння ААТ “Лунінскі” трывала стаіць на нагах. Работай у ім даражаць больш як паўтары сотні чалавек. Разам з кіраўніком яны ўпэўнена ідуць да высакароднай мэты – зрабіць жыццё вяскоўцаў больш заможным, а працу на зямлі – пачэснай і высокааплачваемай.

Днямі старшыня ААТ “Лунінскі” В.С. Мелюх адзначыў круглую дату. 55 год для мужчыны – узрост сталення. Галоўным дасягненнем на шляху да яго лічыць імяніннік нараджэнне траіх унучак і ўнука, а самай запаветнай марай – пагуляць у іх на вяселлях. Няхай так і будзе!



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть