Общество

Дапамагчы чалавеку ВЯРНУЦЬ ГОДНАСЦЬ,

якую надае толькі магчымасць працаваць, зарабляць на жыццё і быць запатрабаваным грамадствам. Гэту задачу ажыццяўляе служба занятасці насельніцтва, афіцыйнай датай стварэння якой у Беларусі лічыцца 30 мая 1991 года.

З пасляваенных часоў у свядомасць жыхароў нашага краю ўвайшло гэта паняцце – выезд на заробкі ў рэгіёны краіны, бедныя на працоўныя рэсурсы. З 1962-га пры райвыканкаме быў адкрыты аддзел па перасяленню і аргнабору рабочых. У далейшым служба мяняла назвы, але мэта заставалася ранейшай – садзейнічаць працаўладкаванню людзей. У гэтым напрамку вядзе работу і аддзел па занятасці раённага ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва, які адзначае 20-годдзе стварэння.

Намеснік начальніка ўпраўлення, начальнік аддзела Вольга Ігараўна УЛАДЗІМІРАВА працуе 14-ы год, у тым ліку 10 – на пасадзе кіраўніка. Яна знаёміць з калегамі:

– Аддзел складаецца з васьмі спецыялістаў. Ірына Адамаўна Шашкова працуе ў Мікашэвічах. Самы вопытны работнік, стаж работы якой у службе занятасці складае 25 год, – Таццяна Паўлаўна ЯВОРСКАЯ. Дакладна выконваюць абавязкі: па прыёму і рэгістрацыі жадаючых працаўладкавацца – Любоў Валянцінаўна ГУБАРЭВІЧ, налічэнню сацыяльных выплат – Марыя Мяфодз’еўна ЛЕМЯШЭЎСКАЯ, якія працуюць больш як па 15 год (у іх ліку – і галоўны спецыяліст Ларыса Мікалаеўна Рудая). Пераемнасць пакаленняў захоўваем, перадаючы вопыт маладым супрацоўнікам, – гэта Наталля Іванаўна ПЕТРАНОЎСКАЯ і Алена Генадзьеўна ЧЭРАДНІЧЭНКА.

Галоўны абавязак нашай службы – рэгістрацыя беспрацоўных і дапамога ў іх працаўладкаванні. За 4 месяцы да нас звярнуліся 790 жыхароў – не толькі тыя, хто атрымлівае дапамогу па беспрацоўю. Прымаем усіх жадаючых, у тым ліку маючых намер змяніць месца работы ці прафесію.

З пачатку года зарэгістравана 707 беспрацоўных. Працаўладкавана 454 жыхары раёна, што крыху больш за ўзровень мінулага года. Гэтаму спрыяе накіраванне беспрацоўных на прафесійную падрыхтоўку і перападрыхтоўку, павышэнне кваліфікацыі, дакладная арыентацыя на справы, запатрабаваныя на рынку працы. З пачатку года асвойвалі новыя спецыяльнасці каля 150 чалавек, якія атрымаюць пасведчанні на права працы малярам-тынкоўшчыкам, мулярам, аператарам ЭВМ, прадаўцом і іншымі. Частка іх набыла веды па асновах прадпрымальніцкай дзейнасці і адкрываюць уласную справу. Актывізуем намаганні па заключэнню трохбаковых дагавораў, каб будучы працаўнік рыхтаваўся на канкрэтнае рабочае месца.

Значную ўвагу ўдзяляем працаўладкаванню грамадзян, якія маюць асаблівую патрэбу ў сацыяльнай абароне. Для іх браніруюцца і дадаткова ствараюцца рабочыя месцы. Гэта дзеці-сіраты, мнагадзетныя сем’і, інваліды, асобы, вызваленныя з месцаў зняволення, моладзь ва ўзросце да 21 года і іншыя катэгорыя насельніцтва. Даводзіцца пераконваць наймальнікаў, што закон не аддае перавагу нікому, але, зразумела, ахвотней бяруць на працу маладых мужчын, якія вярнуліся з армейскай службы. Складана ідзе працаўладкаванне абавязаных асоб. Калі аднойчы дырэктар аднаго з прадпрыемстваў адмовіўся выконваць гэта патрабаванне Указа №18, быў аштрафаваны на 800 тысяч рублёў. Але ў большасці выпадкаў знаходзім узаемаразуменне з кіраўнікамі вытворчых калектываў. Сёння з 262-ух рабочых месцаў, забраніраваных на гэты год рашэннем райвыканкама, 85 – для абавязаных асоб. Іх працу дапамагаюць кантраляваць супрацоўнікі органаў унутраных спраў.

Спрыяюць устанаўленню сувязяў кадравых службаў з прэтэндэнтамі на працу кірмашы вакансій. Яны праводзяцца штомесяц, маюць розную накіраванасць, але служаць адной мэце – дапамагчы кожнаму жыхару знайсці магчымасць зарабіць і адчуць годнасць чалавека, патрэбнага грамадству.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть