“ДАРОГА ДА СВЯТЫНЯЎ” – праз лунінецкі край
Общество

“ДАРОГА ДА СВЯТЫНЯЎ” – праз лунінецкі край

Міжнародная навукова-асветніцкая экспедыцыя з Благадатным Агнём ад Гроба Гасподняга ў Іерусаліме ў другі раз наведала наш раён. Вяскоўцы і гараджане, якія прынялі на свае свечкі і лампадкі іскрынку Божага Святла, адчувалі дачыненне да штогадовага цуда і захавалі ў сваіх душах, каб перадаць дамачадцам і сябрам.

 


 

Па Беларусі вядзе Адзігітрыя…

Кіраўнік экспедыцыі – дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, вядучы рэдактар Беларускай дзяржаўнай філармоніі, заслужаны работнік культуры БССР, лаўрэат Нацыянальнай прэміі «За духоўнае адраджэнне”, кавалер ордэна Св. роўнаапостальнай вял. кн. Вольгі Ніна Загорская адзначае:

– Вось ужо 18-ы год пасля Мінскага Свята-Духава кафедральнага сабора «Дарога да Святыняў” пачаткам маршруту лічыць Святое Поле каля вёскі Загор’е Баранавіцкага раёна. Тут вясной 1983 года ў кар’еры падчас земляных работ у першым каўшы экскаватара явілася цудатворная «Загор’е-Сталавіцкая” ікона Пакрову Прасвятой Багародзіцы. Яна стала Адзігітрыяй (Шляхаводнай) для нашай экспедыцыі…

 

Дзятлавічы

У вызначаны час да помніка загінуўшым землякам сабраліся школьнікі і грамадскасць, а з храма у гонар Перамянення Гасподняга хрэсным ходам падышлі вернікі. Народнае аматарскае аб’яднанне «Світанак” вітала гасцей. Хлеб-соль прыняў член-карэспандэнт Нацыяльнай Акадэміі навук Беларусі Сцяпан Лаўшук, які пачынаў настаўніцкую працу ў школах Дзятлавіч, Бродніцы і Лахвы.

І паплыў над наваколлем мілагучны напеў… З музычным суправаджэннем, якое змянілі царкоўныя спевы, накіраваўся да храма хрэсны ход. Яго ўзначаліў галоўны захавальнік Благадатнага агню а. Сергій Гардун – мітрафорны протаіерэй Свята-Духава кафедральнага сабора г. Мінска.

Па завяршэнні малебна ўдзельнікі эспедыцыі і прыхаджане высадзілі Сад Малітвы на царкоўным двары.

 

Бастынь

На павароце ў напрамку вёскі сталічных гасцей сустракаў хрэсны ход ад храма у гонар Святой Вялікапакутніцы Параскевы з прыхаджанамі, да якіх далучыліся настаўнікі і вучні Бастынскай СШ. Кіраўнік эспедыцыі прыгадала, што 7 год таму такое ж урачыстае шэсце з вёскі незапланавана спыніла аўтобус на трасе, каб благавейна прыняць Благадатны Агонь. Памятаючы гэта, сёлета Бастынь па праву ўключылі ў маршрут «Дарогі да Святыняў”.

Культработнікі Бастынскага СДК уручылі прыгожы духмяны каравай, які прыняў Яўген Пясецкі, карэспандэнт газеты «Звязда”, стварыўшы новы літаратурны жанр – фотаслова.

Царкоўны двор уражваў водарам руж і струменьчыкамі фантанчыка. Уваход у храм і падлога ў ім былі высланы кветкавым дываном. Пасля малебна адбылася перадача Благадатнага Агня на свечкі прыхаджан. Свяшчэннік са сталіцы захапіўся царкоўным хорам пад кіраўніцтвам рэгента Мікалая Кезя і выказаў жаданне правесці вячэрнюю літургію. Вернікі былі шчаслівыя пачуць словы Святога Евангелля з вуснаў славутага прапаведніка, якога раней даводзілася бачыць толькі ў духоўных тэлепраграмах.

 


У перапынку паміж Богаслужэннямі ўдзельнікі эспедыцыі і прыхаджане высадзілі Сад Малітвы на царкоўным двары – яшчэ 9 блакітных елачак, якія разам з дрэўцамі ў Дзятлавічах склалі лічбу прайшоўшых экспедыцый.

Народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч – нязменны ўдзельнік «Дарогі да Святыняў”, як і Вадзім Спрынчан – загадчык аддзела паэзіі часопіса «Полымя”. Маючы жонку-лунінчанку, ён называе наш край родным. Заўсёды цікава слухаць успаміны Сцяпана Лаўшука. Добрым словам прыгадваў Лунінеччыну і другі прафесар – доктар гістарычных навук археолаг Пётр Лысенка. З цікавасцю знаёміўся з нашым краем Анатоль Бутэвіч, намеснік старшыні Рэспубліканскага грамадскага савета пра справах культуры і мастацтва пры Савеце Міністраў.

У складзе экспедыцыі прыемна было бачыць прадстаўнікоў Брэстчыны. Добра ведае дасягненні многіх мясцовых творцаў галоўны спецыяліст абласнога ўпраўлення культуры Лілія Балонкіна. Ганарыцца вучнямі кампазітар, дырыжор харавых спеваў з Бярозаўскага раёна Ларыса Скроцкая-Махнач. Прама каля агароджы царквы са сваёй новай фотавыставай, прывечанай паломніцтву па Святой Зямлі, пазнаёміў Яўген Пясецкі.

 


Ад Міністэрства інфармацыі экспедыцыю курыраваў галоўны спецыяліст Станіслаў Палякоў, ад Брэсцкага аблвыканкама – начальнік аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасцей Аляксандр Мурашкін, якія станоўча ацанілі арганізацыю «Дарогі да Святыняў” на лунінецкім адрэзку шляху.

Перад ад’ездам аўтобуса з Бастыні экспедыцыя яшчэ раз пераканалася ў гасціннасці жыхароў «паўднёвага берага Прыпяці”, як жартавалі госці, захапляючыся цёплым надвор’ем, яркім сонцам і блакітным небам. Стараста прыхода Міхаіл Марка пачаставаў іх кавунамі, вырашчанымі на ўласным агародзе. Ва ўнісон з падзякамі, «Будзь благаславеннай, беларуская зямля!”, – гучалі царкоўныя званы над наваколлем.

Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть