Дом, дзе селяцца ластаўкі
Общество

Дом, дзе селяцца ластаўкі

ластавкиКожная птушачка ўладкоўвае сваё гняздо так, як было заведзена спакон вякоў яе даўнімі суродзічамі. Адметнасць ластавак сяліцца каля людскога жытла таксама прыйшла з мінулага. Іх руплівасць часта становіцца добрым прыкладам для гаспадароў сядзібы, дзе крылатыя суседзі нястомна мацуюць свой куточак, забяспечваючы птушанятам цёплае і ўтульнае жыллё. А яшчэ птушкі добра адчуваюць, на якім падворку іх чакаюць, дзе будуць рады штодзённа бачыць іх клапатлівае і гаманлівае існаванне.
Людміла і Сяргей Брэзіны даўно прывыклі да такога своеасаблівага суседства, і самі гэтак жа старанна добраўпарадкоўваюць свой дом. Цяпер іх сядзіба – адна з найпрыгажэйшых у Дзятлавічах.
А пачыналася ўсё ў юнацтве, калі маладыя людзі пасябравалі і марылі пра сямейнае шчасце. Іх рашэнне быць разам стала абдуманым, бо цэлых пяць год працягваліся рамантычныя сустрэчы. Жонка прысвяціла сябе школе, яшчэ з 1999-га сагрэўшы ў сваіх руках маленькія далонькі дзяцей. Стаўшы «другой мамай» першакласнікам, узяла на сябе адказнасць за іх будучае. Ні для каго не сакрэт, што менавіта ад светаадчування першай настаўніцы ў многім залежаць погляды на жыццё і яе вучняў.
Пасля вяселля маладым хацелася жыць асобна. Яны купілі невялікую хату з шэрых блокаў на адной з вясковых вуліц. І тут прачнулася фантазія, і ажыло імкненне стварыць на сядзібе нешта асаблівае. З былога збудавання засталіся толькі сцены, астатняе паступова атрымлівала новы выгляд. Зрабіць усё і адразу не дазвалялі матэрыяльныя праблемы, бо акрамя свайго жадання даводзілася раскашэльвацца на дорагакаштуючыя матэрыялы.
Неўзабаве нарадзіліся два хлапчукі, якім бацькі прысвячалі максімум вольнага часу. Разам яны рупліва ўносілі змены ў форму будынка, каб новы від задаволіў іх густы. Другі паверх невялікі, і больш служыць для дэкарацыі, бо так прыемна з балкончыка пазіраць на вясковую панараму. А маленькі вадаём з маляўнічым драўляным мастком над ім выклікае цудоўнае захапленне! Пакуль работы ў самым разгары, але хутка запырскаюць кропелькі з новага фантана. Альтанка прыцягвае сваёй утульнасцю. Тут прыемна праводзіць вольны час у адзіноце з кнігай у руках, і не менш спадабаецца адпачынак з сябрамі пад пах дыму ад цёплага кастра. Самаробныя арэлі – лю-бімае месца малых, але і дарослыя часам з іх дапамогай ненадоўга вяртаюцца ў бесклапотнасць.
Гаспадар сам будаўнік, таму якасць тут адпавядае самым строгім патрабаванням. На момант нашага знаёмства з іх утульным домам Сяргей Аляксандравіч адсутнічаў, быў на рабоце. Недзе яшчэ яго стараннымі рукамі ўзводзіцца прыгожае жыллё, каб радаваць гаспадароў і здзіўляць гасцей.
А каля хаты ўладараць кветкі! Верасень ужо ўнёс свае жорсткія карэктывы ў цвіценне больш ранніх сартоў, але яшчэ можна было наталіцца непаўторным пахам руж, якія вельмі любіць гаспадыня. Кожнай кветачцы адведзена сваё месца, каб разам стварыць адзіны чароўны дыван з адпаведнасцю ўсіх колераў і памераў.
Дарэчы, сёлетні год – асаблівы. Людміла і Сяргейадзначылі дзесяцігоддзе сумеснага жыцця – ружовае вяселле. Пакуль гэта не вельмі вялікі адрэзак часу, але ў ім – самыя радасныя моманты нараджэння дзяцей, іх першыя крокі і першыя школьныя адзнакі. Чацвёртакласніку Максіму крышачку не “пашанцавала” – мама стала яго першай настаўніцай. З аднаго боку, прыемна быць яе вучнем, але тут ужо ўсё навідавоку, немагчыма пазбегнуць падрыхтоўкі дамашніх заданняў ці прапусціць заняткі без уважлівых прычын. Да таго ж, нельга дапусціць, каб Людміле Ула-дзіміраўне было сорамна за яго. І хлапчук імкнецца трымацца годна.
Дзіма – у другім класе. Ён бярэ прыклад са старэйшага брата і таксама не засмучае маму. А пасля школы яны ўсе разам даглядаюць прысядзібны ўчастак, дзе маюцца клубніцы і агародніна. Яшчэ дружна ўзнімаюцца маладыя яблыні, а паўз мяжу спее салодкая маліна. Невялікія туі гаспадыня сама гадуе з насення, і яны разрастаюцца на падворку, здзіўляючы прывабнай зелянінай у любую пару года.
Гурток “Прыгажосць – сваімі рукамі”, які вядзе маладая настаўні-ца, таксама выклікае захапленне. Утульна і ў рабочым кабінеце, куды вучні з радасцю спяшаюцца кожную раніцу. Але галоўным застаецца самы важны абавязак – даць малым выдатныя веды і правільнае выхаванне, бо ў гэтым заключаецца прызванне настаўніка.
Першае, што кінулася ў вочы пры знаёмстве з утульным домам Брэзіных, былі гнёзды ластавак на самым версе каля даху. Зараз птушаняты падраслі і паляцелі ў зімовае падарожжа. Але з новай вясной яны абавязкова вернуцца на абжытае месца, каб разам з гаспадарамі рупліва дбаць пра свой родны куточак, рамантаваць жыллё, гадаваць нашчадкаў – жыць так, як было заведзена спрадвеку і ў лю-дзей, і ў птушак.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть