Общество

ДРЭБСК АДНАЎЛЯЕ АБЯРЭГІ

Спрадвечнай традыцыяй продкаў было ўзвядзенне крыжоў-абярэгаў.

– Жыхары Дрэбска аберагалі паселішча на шасці перакрыжаваннях дарог, – расказвае Сяргей Грыневіч – мясцовы жыхар, захоплены краязнаўствам. – Адзін крыж быў пастаўлены каля могілак; другі – на Пясках, у Навасёлках; трэці – каля дома Міхаля Куляша; чацвёрты – на мяжы паміж урочышчамі Дубнік і Асярэдак, пяты – на завяршэнні Дрэбска, за Міронавым плотам; шосты – па полі каля дома Цімоха. У смутныя часы барацьбы з рэлігіяй чатыры крыжы былі знішчаны. Два першыя стаяць і дагэтуль. Цікава, што крыж каля могілак – не адзіны. Там закапаны і той, што ў свой час быў устаноўлены ў памяць пра ахвяр вёскі Цна, а ў 1970-ыя – змыты вадой і прынесены плынню ракі да Дрэбска… Каля старога абярэга на Пясках летась паставілі яшчэ адзін – новы, пафарбаваны.

Сёлетняй вясной яшчэ адзін прыгожы крыж устаноўлены на пляцоўцы каля трансфарматара, на перакрыжаванні вуліц Чыгуначная і Сялянская і двух завулкаў. Ініцыятарам аднаўлення вясковых святынь стаў ветэран праваахоўных органаў Іван Мацкевіч.

– Мая мама Пелагея Іванаўна была адданай прыхаджанкай храма, спявала ў царкоўным хоры, – расказвае Іван Пятровіч. – Духоўным запаветам не здраджваў і я, хаця публічна і не дэманстраваў сваю прыхільнасць храму. Пасля ўрачыстасцей у гонар 1000-годдзя хрышчэння Русі ўвацэркаўленне стала патрэбай душы. Рэгулярна наведвае храм жонка Марыя Іванаўна, былая працаўніца цяпліцы. Настаяцель Свята-Мікалаеўскага храма Кажан-Гарадка протаіерэй Дзімітрый Грыб благаславіў мяне на ўзвядзенне крыжоў. З дапамогай землякоў абярэгі занялі вызначаныя месцы.

Іван Пятровіч з задавальненнем паказвае адметнасці вёскі семярым унукам, якія адпачываюць у дзедавым доме летам…

Таццяна ВАСІЛЬЕВА.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть