Общество

Два паверхі спакою

абраменя 004

Вялікая плошча прысядзібных участкаў у вёсках дазваляе будаваць прасторнае жыллё, не паднімаючыся ў вышыню, і двухпавярховыя дамы тут заўсёды рэдкасць. Нават у аграгарадках іх убачыш не заўсёды. Таму высокі і дагледжаны асабняк у Баравіках, бадай, у самым аддаленым і маленькім куточку Лунінеччыны, выклікаў моцнае здзіўленне. Маляўнічае наваколле ў разгар чэрвеня асляпіла яркай зелянінай, на фоне якой смалістая драўніна выглядала яшчэ больш незвычайна. Сцежка прывяла да веснічак, за якімі сустрэлі гасцінныя гаспадары — Міхаіл і Любоў АБРАМЕНІ. Запрасілі ў дом, дзе прасторнасць пакояў міжволі выклікала думку: «Тут можно ладзіць вяселліі».

Міхаіл Мікалаевіч пацвердзіў: «Так і было. Аддавалі замуж дачку, то лёгка ўсе размясціліся». Ад прыемных успамінаў па твары прабегла ўсмешка, і ён стаў больш падрабязна расказваць аб буднях і святах, якія праходзяць у роднай мясцовасці, якую, на яго думку, дарэмна нехта лічыць глухаманню. Пад дахам дыхтоўнага будынка, узведзенага сваімі рукамі, ім жывецца ўтульна і камфортна.

абраменя 002

Нарадзіўся Міхаіл на хутары Ліпнікі, ад якога цяпер застаюцца толькі ўспаміны. Гадаваўся разам з трыма сёстрамі, якіх лёс раскідаў па свеце — адна шле вестачкі нават з далёкага Магадана. Атрымаў спецыяльнасць ветэрынарнага фельчара і ўладкаваўся працаваць на жывёлагадоўчы комплекс. Акрамя грамадскага статка, дапамагаў аднавяскоўцам змагацца з захворваннямі дамашняй жыўнасці, якой людзі заўсёды трымалі многа.

Будучая жонка Люба вырасла на хутары каля вёскі Гоцк Салігорскага раёна. Старэйшая сярод васьмі дзяцей у бацькоўскай сям’і, добра ведала мазолістую працу і займалася з мамай ткацтвам. Дагэтуль у шафе захоўваецца некалькі коўдраў — “пярэбранак” і “ўкладванак”, як памяць аб мінулым. А ручнікі з чыстага лёну, вырабленыя стараннымі рукамі жанчыны, цяпер дарагая рэліквія для малодшых пакаленняў. Пастаянна пасвіла авечак, нарыхтоўвала сена і з маленства да даросласці не бачыла ў хаце электрычнасці — цывілізацыя моцна спазнялася туды прыйсці.

абраменя 001

Калі падрасла, паехала шукаць лягчэйшы заробак на Украіну. Родныя не адпускалі, ды не паслухалася. Але і там лёгкага хлеба хапала не ўсім. Паездка цягнулася нядоўга — вярнулася на вяселле сястры і вырашыла ісці вучыцца на повара. На адпрацоўку трапіла ў Баравікі. Тут і сустрэліся з Міхаілам. Дагэтуль саграваюць сэрца ўспаміны, як на матацыкле, яшчэ амаль незнаёмыя, яны паехалі ў Чучавічы ў клуб паглядзець кіно. Той сеанс стаў пачаткам іх агульнага жыццёвага кінафільма пад назвай Сям’я, у якой нарадзіліся тры дачкі і сын.

Жаданне пабудаваць новы прасторны дом было іх марай. Яна ажыццявілася праз некалькі год шлюбу, яшчэ пры існаванні Саюза. Драўніна тады каштавала танна, рабочыя рукі былі свае, падсабіць маглі многія вясковыя ўмельцы. Так разам узвялі высокі зруб. Праект захаваўся ў памяці Міхаіла з вайсковай службы, якую праходзіў у Эстоніі. Вырашыў ажыццявіць незвычайнае збудаванне ў рэальнасць у родных мясцінах, хаця і выклікала яно здзіўленне ў знаёмых.

Маляўніча аздобілі балкон, з якога так прыемна назіраць за прыгожай лясной панарамай. Звілістая лесвіца з мудрагелістымі ўзорамі, зробленая рукамі гаспадара, вядзе на другі паверх, дзе таксама ўтульна і прыгожа. I галоўнае, што адрознівае драўляныя памяшканні ад каменных — зімой тут прыемная цеплыня, а ў спякоту — жаданая прахалода.

На той час у вёсцы было намнога больш жыхароў, часцей чуўся смех дзетвары ў мясцовай школе, ладзіліся вяселлі і радзіны. Думалася, дом стане адным са шматлікіх новабудоўляў, бо хоць і далекавата ад горада, але затое як прыгожа і прасторна. Дроў хапае, сена ўдосталь, зямля родзіць — што яшчэ трэба стараннаму працаўніку. Але моладзь думала іначай, і ехала ў далёкі свет. Школу закрылі, будаўніцтва спынілася, падворкі паступова страчваюць пажылых гаспадароў…

абраменя 003

Невядома, ці застанецца ў Баравіках хто з нашчадкаў Любові Майсееўны і Міхаіла Мікалаевіча. Пакуль стварыла сям’ю толькі Таццяна, яна мае траіх дзяцей — Надзейку, Алёнку і Максімку. А ў Мікалая, Галіны і Ружэны жыццёвы выбар яшчэ наперадзе. Хлопец вучыцца ў школе, дзяўчаты працуюць. Чаму адна з іх носіць такое незвычайнае для нашай мясцовасці імя? Выбар бацькоў, якім моцна спадабалася гераіня аднаго тэлесерыяла.

Бацькі мужа і жонкі ў свой час займаліся пчоламі. На жаль, абодвух ужо няма на свеце. Але справу іх старанна працягвае Міхаіл — некалькі вулляў дораць карысны духмяны мёд на патрэбы сям’і. Яшчэ ён добры паляўнічы — якіх толькі трафеяў не прыносіў дадому на працягу многіх год. Лісіцы, куніцы, ласі і дзікі трапляліся на шляху. Ніколі не быў браканьерам — выходзіў у лес толькі з зарэгістраванай стрэльбай і афіцыйным дазволам. Асаблівая адказнасць ляжыць на плячах апошнія 13 год — ён з’яўляецца старастам сваёй вёскі, а таксама Лугоў і Кормужа. Насельніцтва тут небагата, найбольш — людзі пажылога ўзросту, праблем у якіх больш чым дастаткова.

Любоў Майсееўна 28 год адпрацавала прадаўцом у мясцовым магазіне. Хацела ісці на адпачынак, але кіраўніцтва папрасіла затрымацца на рабоце яшчэ на некаторы час. Згадзілася, бо прывыкла да абавязкаў, хоць і бывае цяжкавата.

Развітваліся з гаспадарамі зноў каля веснічак. Іх аптымізм, любоў да родных мясцін, неяк асабліва цёпла адклікаліся на сэрцы. Паверылася, што дзякуючы такім адданым і старанным людзям, нашы аддаленыя вёсачкі ніколі не знікнуць з карты свету, на іх спакойных прыгожых вуліцах пачуюцца смех і песні. А два паверхі жылля для Баравікоў не будуць унікальнасцю.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть