Общество

Двор — не паркоўка

парковка во дворе

Падазраю, што пераважная большасць аўтаўладальнікаў з гэтай высновай не згодзіцца, інакш не было б у дварах шматпавярховак вялікай колькасці аўтамабіляў самых розных відаў і марак.

Прыпаркаваны яны настолькі шчыльна, што нярэдка проста не застаецца месца для дзіцячых забаў – горак, арэляў, гурбы пяску, дзе малышня ахвотна ладзіла б такія дарагія кожнаму дзіцячаму сэрцу замкі… Не заўсёды застаецца месца для газонаў ці зялёных насаджэнняў, што робяць любое месца адпачынку ўтульным і прыгожым. Замест іх – чатырохколыя сведчанні цывілізацыі, якія даўно ператварыліся з прадметаў раскошы ў звычайныя сродкі перасоўвання. Прычым, на прыкметныя адлегласці, бо нярэдка ў тых жа дварах убачыць можна аўто з нумарнымі знакамі суседніх дзяржаў і нават далёкага замежжа. Стаяць яны тут не суткі ці двое, а значна даўжэй.

На маёй памяці толькі адзін з гасцей Лунінца пацікавіўся, дзе можна пакінуць аўтамабіль, не трывожачыся, што на яго паквапяцца нячыстыя на руку хціўцы. А хваляванні падобныя зусім небеспадстаўныя. З пачатку года зарэгістравана 4 выпадкі ўгону машын,  разрабавана толькі за пошні месяц – 7. Цягнулі з іх злодзеі ўсё, што трапляла пад руку: ад аўтамагнітол да акумулятараў і колаў. Пасля таго, як над імі “папрацавалі” рабаўнікі, машыны ўяўлялі відовішча, вартае жалю. І злачынствы паўтараюцца з крыўднай перыядычнасцю. Па меркаванню праваахоўнікаў, перш за ўсё, па прычыне даступнасці  аб’ектаў пасягальніцтва.

Між тым, як высветлілася, платных кругласутачных стаянак у Лунінцы ажно тры. Самая вялікая – на 55 парковачных месцаў – каля гарадскога рынка. Належыць яна райспажыўтаварыству. Узводзілася з самых добрых намераў, але па прычыне незапатрабаванасці то прыпыняла, то аднаўляла сваю работу. Яшчэ адна платная стаянка – каля гасцініцы “Юбілейная”. Адначасова тут можа знаходзіцца да 25 аўтамабіляў. Запоўненай паркоўка бывае рэдка, магчыма, таму, што і сама гасцініца большую частку года стаіць паўпустая. Ну, і нарэшце, платная паркоўка на тэрыторыі РМЗ.  Разлічана яна на 20 машынамесцаў. Уезд туды ажыццяўляецца праз  прапускны пункт. Вартаўнікі пераконваюць, што аўтамабілі будуць тут  пад пільнай аховай.

Менш як сотня добраўпарадкаваных ахоўваемых парковачных месцаў наўрад ці зніме праблему для раёна, дзе налічваецца 42 300 адзінак транспарту, з іх у асабістым карыстанні – 38 100. І ўсё ж, калі прапаноўваемай паслугай пачнуць карыстацца госці Лунінца і тыя, хто хвалюецца за лёс машыны і яе захаванасць, гэта ўжо будзе крок да цывілізаванасці і парадку. Пакуль жа даводзіцца наса-джаць яго дастаткова жорсткімі мерамі. З пачатку года за парушэнне правілаў паркоўкі праваахоўнікамі да адміністрацыйнай адказнасці былі прыцягнуты 5 вадзіцеляў вялікагрузных машын (дарэчы, для іх таксама знойдзецца месца на платных стаянках) і 104 уладальнікі легкавушак. Упэўнена, што матэрыяльныя выдаткі ў выглядзе штрафу большыя за цана карыстання  ахоўваемай аўтамабільнай стаянкай. Для ўсіх трох парковак яна аднолькавая – 2 рублі 40 капеек (24 000 недэнамінаваных рублёў) за суткі.

Практыка прэвентыўнага насаджэння павагі да закона і парадку працягваецца:  усе няправільна прыпаркаваныя аўтамабілі будуць сфатаграфаваны, а вадзіцелі – пакараны па законе. У найбольш нахабных выпадках аўтамабіль будзе эвакуіраваны на штрафстаянку РАУС. Паслуга гэтая таксама платная – 2 рублі 50 капеек (25 000 недэнамінаваных рублёў) за суткі. Плюс усе прадказальныя і непрадказальныя наступствы, якія цягне за сабой канфлікт з законам. Так што, апошняе слова за вамі, аўтаўладальнікі.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть