Дзелавая размова з рысамі святочнасці
Общество

Дзелавая размова з рысамі святочнасці

IMG_2721-1Штогадовы сход гаспадарчага актыву сёлета быў прысвечаны юбілею Лунінецкага раёна. Нягледзячы на асаблівую святочнасць мерапрыемства, даклад старшыні раённага выканаўчага камітэта Васіля Агіевіча вызначаўся дзелавітасцю, быў багаты на лічбы і факты. Васіль Міхайлавіч дасканала прааналізаваў сітуацыю, якая склалася ў народнай гаспадарцы па выніках мінулага года, падрабязна спыніўся на становішчы ў прамысловай галіне і аграпраме, не абышоў увагай сацыяльную сферу раёна. Разам са станоўчымі, адзначыў моманты, дзе раён яўна недапрацоўвае. Пры гэтым, прагучала не толькі канстатацыя фактаў, а быў прапанаваны аналіз прычын такіх недапрацовак.

Пэўным чынам паўплывалі яны на невыкананне прагнозаў і заданняў па індэксе фізічнага аб’ёма прадукцыі прамысловасці; інвестыцыях у асноўны капітал; будаўнічых падрадных работах; экспарце тавараў і экспарце паслуг без уліку экспарту паслуг арганізацый, падпарадкаваных рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання.

Адначасова кіраўнік раёна акрэсліў планы на будучы год, які абяцае быць не менш складаным, чым сёлетні, што павінна стаць дадатковым мабілізуючым фактарам для кожнага працоўнага калектыву.
Гонар выступіць на прадстаўнічым сходзе меў дырэктар Мікашэвіцкай гімназіі імя Уладзіслава Нядзведскага Сяргей Высоцкі. На працягу 15 год гімназія займае вядучае месца ў сферы адукацыі раёна. Пацверджанне гэтаму – колькасць дыпломаў, заваяваных гімназістамі на 2-ім, 3-ім і заключным этапах рэспубліканскіх прадметных алімпіяд і навукова-практычных канферэнцый. Такіх узнагарод у скарбонцы навучальнай установы каля 60.

Плённая праца педагогаў (85 працэнтаў ад агульнай колькасці настаўнікаў гімназіі маюць вышэйшую і 1-ую кваліфікацыйныя катэгорыі) і іх выхаванцаў даюць упэўненасць, што ў будучым установа не толькі захавае, але і прымножыць свае дасягненні.

З аптымізмам глядзіць у будучае яшчэ адзін калектыў маладога горада – ААТ “Спецжалезабетон”. Па словах яго дырэктара Васіля Басевіча, нягледзячы на складанасці, рабочыя “Спецжалезабетона” навучыліся годна спраўляцца з праблемамі, якія ставіць жыццё. Вось і па выніках мнулага года прадпрыемства паспяхова справілася з усімі заданнямі, мае прыбытак, што дазволіла на 9 працэнтаў падняць заработную плату. Ісці ў нагу з часам дапамагае праводзімая мадэрнізацыя. Летась на гэтыя мэты тут выдаткавалі каля 22 мільярдаў рублёў. Стварэнне новых магутнасцей з’яўляецца залогам таго, што і сёлета адкрытае акцыянернае таварыства не збавіць узятыя тэмпы.

Прысутных вітаў старшыня Брэсцкага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Мікалай Басалай. У сваім кароткім выступленні ён прыгадаў слаўнае мінулае Лунінеччыны, у прыватнасці яе ордэнаноснай камсамольскай арганізацыі, парадаваўся сённяшнім поспехам і пажадаў, каб у будучым Лунінеччына прарыстала шчаслівымі сем’ямі.

Мікалай Іванавіч уручыў абласныя ўзнагароды шэрагу працаўнікоў раёна, даўшы пачатак новай старонцы свята. Па традыцыі былі ўшанаваны пераможцы раённага спаборніцтва за 2014 год. Сёлета імі сталі: у прамысловасці – калектыў РУВП “Граніт” (генеральны дырэктар Эдуард Гаўрылковіч); у будаўніцтве – УП “Лунінецкая перасоўная механізаваная калона №19” (начальнік Фёдар Бірыла); у аграпраме – СВК “Велута” (старшыня Сяргей Наварыч); у гандлі – філіял “Грамадскае харчаванне” райспажыўтаварыства (дырэктар Валянціна Швед); у сферы паслуг – раённае ўпраўленне газавай гаспадаркі “Лунінецрайгаз” (дырэктар Вячаслаў Сыцэвіч); сярод сельвыканкамаў – Лунінскі сельвыканкам (старшыня Аляксандр Якавец). Кіраўнікам уручаны Ганаровыя пераходныя Сцягі раённага выканаўчага камітэта.

Дыпломамі райвыканкама ўзнагароджаны калектывы Багданаўскай урачэбнай амбулаторыі (загадчык Людміла Матусевіч), Лунінецкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы (дырэктар Надзея Радзіяновіч) і Мікашэвіцкай гімназіі імя Уладзіслава Нядзведскага (дырэктар Сяргей Высоцкі).

Многія прадстаўнікі ветэранскага корпусу раёна былі адзначаны Ганаровымі Граматамі і Падзячнымі лістамі райвыканкама і райсавета. Падарункам для ўсіх стаў невялікі канцэрт майстроў мастацкай самадзейнасці.

Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть