Дзеля чыстага жыцця на забруджанай зямлі
Общество

Дзеля чыстага жыцця на забруджанай зямлі

31 год мінуў з сумнай даты, якая падзяліла жыццё многіх беларусаў на “да” і “пасля” Чарнобыля. Воблака з радыеактыўным пылам пранеслася і над Лунінеччынай. Змаганне з нябачнай атрутай працягваецца дагэтуль.

Але на тэрыторыі, што падверглася радыяцыйнаму забруджванню, не спынілася жыццё. Апрацоўваюцца палі, будуюцца дамы і школы. Навучальную ўстанову ў Вульцы 2, у якой набываюць веды і мараць пра будучыню новыя пакаленні вяскоўцаў, узвялі нядаўна. Алеся КОЎШЫК, Таццяна КУЛЬГУН і Ангеліна КУЗЬМІЧ – якраз тыя, хто жыве на зямлі, “адваяванай” у радыяцыі.                        

Але гэта цяпер, азіраючыся на падзеі 31-гадовай даўнасці, мінулае бачыцца не такім страшным і безнадзейным. Тады ўсё было інакш. Многія населеныя пункты аб’явілі зонай свабоднага адсялення і некаторыя жыхары рызыкнулі на пераезд. Астатнія вучыліся жыць на забруджанай тэрыторыі. Праўда, сталі больш хварэць – асабліва пачасціліся праблемы са шчытападобнай залозай і анкалогіяй. У людзей паявілася апатыя – баяліся нараджаць многа дзетак і наогул марыць пра будучыню.

Дзяржава пачала актыўную барацьбу з наступствамі радыяцыі. Ільготы давалі магчымасць атрымліваць бясплатныя лекі і больш дасканалае абследаванне, выязджаць у чыстыя рэгіёны на аздараўленне. Дзеля атрымання чыстага малака з асабістых падворкаў праводзілі акультурванне пашы і сенакосаў для жывёлы, выдзялялі спецыяльныя камбікармы. Грашовыя даплаты некаторым катэгорыям грамадзян давалі магчымасць лепш харчавацца і адпачываць.

Прайшоўшы час унёс станоўчыя карэктывы ў побыт насельніцтва. У пацярпелых рэ-гіёнах развіваецца інфраструктура – будуюцца новыя дамы, дарогі і сацыяльныя аб’екты. Пробы прадуктаў з перабольшваннем дапусцімага ўзроўню радыяцыі рэгіструюцца ўсё радзей. У Цэнтры гігіены і эпідэміялогіі паведамілі, што за 2016 год з усіх праведзеных даследаванняў перавышэнні фіксаваліся толькі ў дарах лесу. Малако і агародніна не выклікаюць апасенняў, апошняя брудная проба датавалася 2011-ым годам. Абласной лабараторыяй радыялагічнага кантролю летась таксама перавышэнні ўзроўню радыяцыі знойдзены толькі ў грыбах і ягадах.

Аграгарадок Вулька 2 – адзін з найбольш забруджаных радыяцыяй у нашым раёне. Суседнюю вёску Добрая Воля напаткаў няпросты лёс перасялення ў Дубаўку. А з вулькаўчан толькі адзінкі скарысталіся правам свабоднага адсялення, пераехалі і прыжыліся на новым месцы. Ёсць  сем’і, якія праз пэўны час вярнуліся назад на малую радзіму.

Асфальтаванне вясковых вуліц і цэнтральнае водазабеспячэнне тут зроблены па Чарнобыльскай праграме шмат год таму. Яшчэ больш камфорту жыхарам аграгарадка прынесла выдаткаванне з Міжнароднага валютнага фонду сродкаў на падвод прыроднага газу. Блакітнае паліва падведзена да кожнага падворка, з 383 дамоў карыстаюцца выгодамі ў 317.

У Вульцы 2 пабудавана самая новая школа ў раёне.  Яе ўзвядзенне ажыццяўлялася па Дзяржаўнай праграме развіцця Прыпяцкага Палесся. Дагэтуль школьнікі атрымліваюць бясплатнае двухразовае харчаванне, існуе 50-працэнтная скідка на аплату дзіцячага сада. 

Па словах дырэктара ААТ “Вулькаўскі світанак” Уладзіміра Соца за прайшоўшыя з моманту Чарнобыльскай катастрофы дзесяцігоддзі змянілася вельмі многае. І, на шчасце, у лепшы бок. Няма перавышэнняў дапусцімых узроўняў у прадукцыі жывёлагадоўлі і раслінаводства. Своечасовае перазалужэнне ўчасткаў для выпасу жывёлы з асабістых падворкаў гарантуе атрыманне чыстага малака. Праблема ў іншым – усё менш вяскоўцаў жадаюць трымаць кароў-карміцелек.

З агульнай колькасці 6114 гектараў сельгасугоддзяў, належачых гаспадарцы, 850 лічацца забруджанымі радыенуклідамі. У асноўным гэта землі, нядаўна перададзеныя з СВК “Дварэцкі”.

На іх праводзяцца спецыяльныя мерапрыемствы, у прыватнасці – уносяцца мінеральныя ўгнаенні, якія выдзяляе дзяржава ў мэтах змяншэння ўзроўню радыяцыі.

У Вулькаўскім лясніцтве в. а. ляснічага Валерый Грушэўскі прывёў такія лічбы: на 60 працэнтах тэрыторыі забаронены збор грыбоў і ягад ці яго можна ажыццяўляць з абавязковым дазіметрычным кантролем. На такіх участках існуюць абмежаванні і з нарыхтоўкай драўніны. Але радуе той факт, што 40 працэнтаў мясцовых лясных угоддзяў прыдатны для выкарыстання дароў лесу.

Радыяцыя не знікла, яна ёсць усюды. І наступствы катастрофы будуць адчувацца яшчэ доўга. Сумная дата 26 красавіка – балючы напамін пра хісткае становішча ў тэхнагенным свеце кожнага з нас. Але жыццё працягваецца. І зялёныя парасткі жыта ды квітнеючыя яблыні на тэрыторыях, якія закрануў Чарнобыль, даюць надзею людзям, што ўсё горшае засталося ў мінулым.

НА ЗДЫМКАХ: з задавальненнем наведвае новую школу юная жыхарка Вулькі 2, трэцякласніца Аліна КЛЕЎЖЫЦ; дыхтоўныя сядзібы ўсё часцей узводзяць вяскоўцы.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть