Дзень інфармавання прайшоў у дэпо
Новости районаОбщество

Дзень інфармавання прайшоў у дэпо

Аб чым мараць чыгуначнікі Лунінеччыны? Аб добрых дарогах, абсталяваных дзіцячых пляцоўках, прыгожым парку… і высокіх заробках. Пытанні на гэтыя тэмы задавалі падчас дня інфармавання работнікі дэпо Лунінец намесніку старшыні райвыканкама Уладзіміру Кавалевічу і намесніку пракурора Вользе Кавалеўскай.

Улічваючы, што апошнім часам адбылося шмат змяненняў у заканадаўстве, Вольга Васільеўна спынілася на некаторых з іх. У прыватнасці, яна нагадала пра ўведзены транспартны падатак і неабходнасць да 1 ліпеня зняць з уліку аўтамабілі, якія існуюць толькі на паперы, каб у далейшым не плаціць за іх. Расказала пра новаўвядзенні ў КоАП Рэспублікі Беларусь, што таксама закранаюць інтарэсы аўтаўладальнікаў. Не абышла бокам і незаконныя масавыя мерапрыемствы. За ўдзел у іх да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 50 жыхароў Лунінеччыны. Згодна са змяненнямі, цяпер максімальны памер штрафу за ўдзел у несанкцыянаваным пікетаванні ці мітынгу павялічаны з 30 да 100 базавых велічынь, а пры паўторным прыцягненні – з 50 да 200 базавых велічынь. Максімальны тэрмін адміністрацыйнага арышту за паўторны ўдзел у падобных акцыях на працягу года зараз складае ад 15 да 30 сутак (раней было 25 сутак). Таксама ўзбуджаны 5 крымінальных спраў за наўмыснае пашкоджанне маёмасці. Сёння зноў гучаць заклікі выходзіць на вуліцы, чыніць беспарадкі і дыверсіі. Намеснік пракурора заклікала лунінчан праявіць мудрасць і не паддавацца на правакацыі.

Вольга Кавалеўская засяродзіла ўвагу на прафілактыцы правапарушэнняў і злачынстваў у сферы сямейна-бытавых адносін. Калі за мінулы год у гэтай катэгорыі ўзбуджана 22 крымінальныя справы, то сёлета ўжо 7. Не спыняюць сваю супрацьпраўную дзейнасць і кіберзлачынцы. За два месяцы года ад іх дзеянняў пацярпелі 19 жыхароў раёна…

Уладзімір Кавалевіч спыніўся на выкананні праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна на 2016-2020 год. Ён зазначыў, што з 17 асноўных паказчыкаў выкананы 15. Ніжэй запланаваных параметраў –колькасць занятых у эканоміцы і ўведзенага ў эксплуатацыю жылля. У бліжэйшай пяцігодцы неабходна зрабіць акцэнт на павелічэнне выпуску прадукцыі. Калі зможам выйсці на запланаваныя аб’ёмы, тады і расходную частку бюджэту павялічым. А ад таго, як будзем працаваць, залежыць і тое, як будзем жыць.

Па ходу сустрэчы работнікі дэпо задавалі свае пытанні гасцям і трымалі адказы.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть