Общество

Дзве ўсмешкі ў падарунак

mama

Надыходзячы 2017 год лунінчанка Наталля МАЛАШЧУК сустрэне ў новым для сябе статусе: яна ўпершыню стала матуляй. Больш таго, маладая жанчына нарадзіла двайнят – дачушку Анастасію і сыночка Аляксандра.

Наталля ў дзяцінстве расла гарэзлівай і паслухмянай дзяўчынкай. Калі паўстала пытанне наконт будучай прафесіі, выпускніца СШ №1 выбрала Гродзенскі гандлёвы каледж. Тэарэтычныя навыкі давялося прымяняць на практыцы ў будаўнічай арганізацыі ў Салігорскім раёне. Сюды дыпламаванага таваразнаўцу-бухгалтара прывяло замужжа. Трымаючы вясельны букет і заглядваючы ў вочы выбранніку, у свой самы адметны дзень нявеста марыла аб шчаслівай і дружнай сям’і. Але лёсам было наканавана зусім іншае… Праз 6 год сумеснага жыцця пара афіцыйна скасавала адносіны. Вярнуўшыся ў бацькоўскі дом, жанчына паабяцала самой сабе, што абавязкова будзе шчаслівай!

“Усё, што ні робіцца, – да лепшага”, – такую фразу, бадай, чуў кожны з нас. Вось і Наташа – не выключэнне. Новыя перамены не прымусілі доўга  чакаць. Вечар адпачынку ў бары “Акварыум” стаў лёсавызначальным як для яе, так і для адміністратара Аляксандра. Званкі. Сустрэчы, спатканні… Яго ўвага і настойлівасць сагрэлі сэрца. Неўзабаве родныя і сябры віншавалі маладажонаў з днём шлюбу. А хутка ў сям’ю прыйшла яшчэ адна цудоўная вестка – яны стануць бацькамі! Не перадаць словамі, што гэта падзея значыла для Наташы! Так сталася, што з першым мужам Бог дзетак не даў, і каб пачуць запаветныя словы доктара аб цяжарнасці, яна чакала амаль 9 год…

Чарговы сюрпрыз напаткаў жанчыну падчас ультрагукавога даследавання, пасля якога высветлілася – будзе двойня. Яна старанна выконвала ўсе рэкамендацыі медыкаў, але іх апасенні часта прыводзілі на бальнічны ложак. Урэшце, у назначаны тэрмін у радзі-льным аддзяленні ў Пінску паявіліся Насця і Саша. Аб шчаслівай навіне бацька даведаўся ў арміі, дзе служыў апошні год. У сям’і спадзяюцца, што да навагодніх святаў тата вернецца дамоў. А пакуль клопаты пра малышоў Наталля падзяляе са сваёй матуляй Софіяй Уладзіміраўнай Комар, з якой разам жывуць у 2-пакаёвай кватэры ў цэнтры горада.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть