Общество

«Дзяцей нікому не аддам!»

З пачатку года ў рамках Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24.11.2006 г. №18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях” у аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама паступіла больш як 250 паведамленняў. Па выніках трывожных сігналаў 84 непаўналетнія прызнаны знаходзячыміся ў сацыяльна небяспечным становішчы.

З моманту атрымання статуса “нядобранадзейных” за сем’ямі ўстанаўліваецца кантроль. Іх рэгулярна наведваюць спецыялісты розных службаў. На мінулым тыдні ў чарговы рэйд адправіліся намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Вольга Калугіна, галоўны педыятр раёна Марына Пашкелевіч і сацыяльны педагог сацыяльна-педагагічнага цэнтра Яўгенія Цяльпук. Узяўшы курс на Лобчу, хутка знайшлі патрэбны дом, у якім з бацькамі пражываюць трое дзетак. З боку вуліцы будынак мала чым адрозніваўся ад іншых, чаго не скажаш пра падворак, дзе не бачна чысціні і парадку. А вось градкі з памідорамі ды бульбай парадавалі – ёсць упэўненасць, што зіму тут сустрэнуць з вітаміннымі запасамі. Другое пытанне, ці хопіць прадукцыі, але бацька заверыў, што ў іх ёсць яшчэ адзін зямельны ўчастак. Не хапае рукі гаспадыні і ў самой хаце: то тут, то там ляжалі пакеты з адзеннем – невядома, дзіцячым або дарослым, чыстым ці брудным. Старэнькая шафа не зачынялася зноў-такі з-за бярэмкаў вопраткі, а паліцы “ззялі” газетамі, цацкамі, скрынкамі з-пад ласункаў і …яблычным агрызкам. Рэчы ў ложку 9-месячнага малыша выклікалі проста абурэнне! Звычайны абывацель скажа, маўляў, чаго чапляцца: у любой сям’і з маленькімі дзеткамі так бывае – і рэчы раскідаюць, і рэшткі ежы за сабой не выкінуць. Але ж менавіта з-за антысанітарных умоў і неналежнага выканання бацькоўскіх абавязкаў сям’ю паставілі на ўлік яшчэ ў маі гэтага года. Няўжо за 2,5 месяца тут нічога не змянілася? Тым больш, што мама знахо-дзіцца ў дэкрэтным водпуску, а тата не працуе. Так, яны не сядзяць на месцы – зрабілі невялікі касметычны рамонт (паклеілі шпалеры, прывялі ў парадак грубку), аднак да ідэалу яшчэ далёка. Вольга Калу-гіна абавязала бацькоў у тыднёвы тэрмін выправіць недахопы.

Адрас наведаць наступную сям’ю ў гэтым жа аграгарадку падказалі работнікі пракуратуры. Прыкладна з месяц таму тут здарыўся сур’ёзны скандал, наступствы якога патрабавалі ўмяшальніцтва органаў правапарадку. Нас сустрэў юны вясковец. Па яго словах, маці паехала ў Мінск дапамагаць сястры, якая толькі нядаўна нарадзіла немаўля. Падлетак застаўся пад наглядам бабулі і дзядулі, якія таксама жывуць на той жа вуліцы. На жаль, не ўдалося пазнаёміцца з умовамі пражывання, але ж і “малюнак” на падворку вельмі ўражваў: бур’ян, смецце, рэшткі мэблі, галлё… У гаспадарчых пабудовах – раскіданыя дровы, матрацы, вопратка, а ў памяшканні з сенам – коўдра, бутэлькі з-пад віна, запалкі… Так і да бяды недалёка! Госці не стамляліся занатоўваць убачанае ў адпаведных актах і фотаздымках.

Па-чалавечы было шкада падлетка з Луніна, хаця жанчына, якую прынята называць мамай, у юнака ёсць. Сям’я трапіла ў поле зроку камісіі па справах непаўналетніх яшчэ ў 2015-ым. Бацькі развяліся, пэўны час хлопчык жыў з татам, але раптам таго не стала. Пераехаўшы да маці, яму выдзелілі маленькі пакой. Знайшлося тут месца і сталу, і сучаснаму камп’ютару. Але! Толькі вузенькім крэслам аддзяляюцца ложкі яго і бабулі, якая даўно змагаецца з невылечнай хваробай. Брудны посуд, стойкі смурод і пах перагару ад той, што заклікана ствараць утульнасць і камфорт у доме… Адным словам – жах, якога аказалася дастаткова, каб перадаць інфармацыю ва ўстанову прафтэхнавучання для далейшага разбіральніцтва і вырашэння пытання аб пастаноўцы сям’і на ўлік нядобранадзейных.

Пральная машына каля адчыненых дзвярэй па наступным адрасе ў Луніне дала падставы меркаваць, што гаспадыня дома. Аднак нечаканых гасцей віталі тры дзяўчынкі, самай старэйшай з якіх споўнілася 8 год. Сястрычкі дружна складвалі на падлозе сваё адзенне. За размовамі, дзе іх мама, адразу і не заўважылі, што каля тэлевізара ў калясцы ціхенька спала яшчэ адна малышка. Зразумела, без пялёнкі і падгузніка… Ці трэба казаць, што кашулька на ёй была мокрай?! Сталі чакаць тую, каго добра і даўно ведаюць як у камісіі, так і ў дзіцячым прытулку. Толькі заклік дачушкі паспрыяў нашай сустрэчы. Сказаць, што жанчына засталася незадаволенай візітам, значыць нічога не сказаць. Злосць у ёй узрастала з кожным пытаннем: дзе была, чым займалася, калі і што елі дзеці, чаму яны брудныя і не апрануты, колькі ёсць рэчаў для немаўляці, дзе пасцельная бялізна на ложках, куды дзеўся сужыцель і г.д. Пачуўшы пра пагрозу адабрання дзяўчынак, вяскоўка стала крычаць, што нікому іх не аддасць. Зачыніла дзверы на клямку, вокны і нават завесіла шторы. Аднак наіўныя дзеянні і запэўніванні, “што ў мяне ўсё добра”, ніякім чынам не паўплываюць на рашэнне прызнаць дзяцей маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

Мы пабывалі яшчэ па некалькіх трывожных адрасах. Кагосьці не засталі, дзесьці сітуацыя аказалася здавальняючай. На зваротным шляху Вольга Калугіна звярнула ўвагу, што ўсяго за 10 год дзеяння Дэкрэта №18 у раёне былі адабраны 284 дзіцяці, знята з уліку 261, з якіх 166 – вернуты ў біялагічныя сем’і. Як правіла, асноўнай прычынай нядобранадзейнасці з’яўляецца алкагалізм бацькоў. У наркалагічным кабінеце колькасць “паду-ліковых” асоб, якія маюць непаўналетніх нашчадкаў, складае амаль 200 чалавек. Многія з іх абавязаны кампенсаваць затраты дзяржавы на ўтрыманне сыноў і дачушак. Аднак часта свядома самаўхі-ляюцца ад выканання гэтых абавязацельстваў. Сярэдні працэнт вяртання сродкаў склаў 58,5 працэнта. Не сакрэт, што ў такіх “гора-работнікаў” часта “кульгае” працоўная дысцыпліна, за імі таксама ўстанаўліваецца асаблівы кантроль. Зрэшты, толькі ўзаемадзеянне з усімі зацікаўленымі структурамі можа стаць паспяховым у дадзеным напрамку работы.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть