Дзяцей трэба выхоўваць у любові і строгасці
Общество

Дзяцей трэба выхоўваць у любові і строгасці

Ковальчук Велута

Ва ўсе часы асноўнай складаючай  жаночага шчасця з’яўляецца моцная сям’я, якая трымаецца на любові, павазе, узаемаразуменні і клопаце, што дае магчымасць жанчыне самарэалізавацца і ў любімай прафесіі.

І не важна, жыве яна ў вёсцы, ці горадзе, займае высокую пасаду ці працуе звычайнай рабочай. Галоўнае, каб тыл быў надзейны. А такі ёсць у настаўніцы пачатковых класаў Вялуцкай агульнаадукацыйнай школы Людмілы Кавальчук, з якой пазнаёміліся падчас наведвання навучальнай установы са старшынямі раённага аб’яднання прафсаюзаў Ігарам Гапонам і райкама прафсаюза работнікаў адукацыі Нэлі Рафаловіч.

Нішто, як кажуць у народзе, “не ўпала ёй з неба”: за кожным крокам вялікая работа і найперш  – над сабой. Нарадзілася і вырасла Людміла Іванаўна ў Навасёлках, закончыла Вялуцкую сярэднюю школу, у Пінскім педвучылішчы набыла спецыяльнасць настаўніка пачатковых класаў, а пазней атрымала вышэйшую адукацыю ў Мазырскім педінстытуце. Не стала шукаць шчасця за межамі роднай старонкі і не чакала “прынца на белым кані”, а пакахала і  вышла замуж за мясцовага хлопца Аляксандра. Сваю вернасць каханай ён даказаў яшчэ  да жаніцьбы: 4 гады чакаў, пакуль яна закончыць вучобу. Паколькі выхоў-валіся ў мнагадзетных сем’ях, то і самі марылі мець не менш як трое дзетак. Аднак мары збыліся не хутка… Было не выказаць той радасці, калі праз сем год сумеснага жыцця паявіўся на свет іх першынец Фёдар, якому  10 сакавіка споўніцца 16-ць. А праз 2 гады 6 лістапада нарадзіўся Сяргей, прыкладна яшчэ праз столькі, 22 лютага – Міхаіл, і нарэшце 8 мая – самы малодшы 5-гадовы Аляксандр.

– Усе нашы хлопчыкі нараджаліся ці напярэдадні, ці адразу пасля значных дзяржаўных святаў, – звярнула ўвагу на даты Людміла Іванаўна. – Успрымаем гэта як вялікую ўзнагароду нашай сям’і за цярпенне і веру. Кожны з дзетак мае свой характар і паяўленнем на свет дабаўляў радасці, прыўносячы ў дом нешта сваё, толькі яму ўласцівае. Сыноў вельмі люблю, аднак выхоўваю ў строгасці. Яны з маленства ведаюць: што такое “так”, а што “не”. Хлопчыкі растуць працавітымі і адказнымі. Дома трымаем вялікую гаспадарку. Муж працуе вадзіцелем у сельгаспрадпрыемстве “Велута”, дамоў, як і я, не заўсёды вяртаецца рана, таму ў нас заведзена: як толькі хто з дзяцей справіўся з урокамі, прыступае “гаспадарнічаць”. Сыны ўмеюць не толькі жыўнасць дагледзець, але карову падаіць і ежу прыгатаваць. Адным словам, кожны ўносіць свой пасільны ўклад у сямейны дабрабыт. Гэта дазваляе мне асабліва не засяроджвацца на хатніх клопатах і дае магчымасць самаўдасканальвацца.  

З ранняга дзяцінства прывучаем да таго,  што грошы не даюцца проста так, іх зарабіць трэба. Летась старэйшы Фёдар падчас жніва працаваў на зернетаку ў сельгаскааператыве. За гэта атрымаў каля 300 рублёў, а яшчэ прэмію ад гаспадаркі ў суме 15 рублёў яму ўручылі на школьнай лінейцы. Было вельмі прыемна пачуць пахвалу ў адрас сына з боку прадстаўнікоў сельгаспрадпрыемства. Мець свае кішэнныя  грошы стараюцца і меншыя хлопчыкі: летам збіраюць чарніцы і здаюць нарыхтоўшчыкам. Распараджаюцца “даходамі” кожны па-свойму. Мы з мужам толькі кантралюем расходы. Як у іншых сучасных дзяцей, у нашых таксама ёсць камп’ютар, аднак карыстаюцца яны ім выключна ў выхадныя дні: дзеці павінны расці здаровымі і не мець камп’ютарнай залежнасці, а развівацца і авалодваць ведамі можна праз кнігі. Што датычыць інтарэсаў, то сыны найбольш цікавяцца тэхнікай, любяць тэхнічную літаратуру. Летам разам з татам майстравалі акучнікі. Пра сыноў Людміла Кавальчук можа расказваць гадзінамі, падмацоўваючы кожнае слова яскравымі прыкладамі з жыцця. Гэтак жа захоплена яна апавядае пра работу і сваіх навучэнцаў.

– Людміла Іванаўна – не толькі добрая мама, мудры і адказны педагог, але і выдатны арганізатар, – кажа дырэктар школы Уладзімір Коўшык. – Любіць і ўмее працаваць. Таварыская, камунікабельная, сапраўдны дыпламат, яна карыстаецца вялікай павагай у калектыве, які на працягу многіх год аказвае ёй давер, выбіраючы старшынёй прафкама. Яна ўмее адстойваць інтарэсы членаў калектыву. Сказанае ёю слова часта бывае рашаючым у спрэчках, што, здараецца, узнікаюць падчас абмеркавання тых ці іншых пытанняў. А як вядома, менавіта ў спрэчках нараджаецца ісціна. У тым, што ў нашым калектыве пануе добразычлівая абстаноўка, у многім – заслуга прафсаюзнага лідара.

Галіна Кучэйка



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть