Экология

БАГАЦЦЕ захопленых душ

Летась удзельнічала ў свяце вёскі Вулька 1. Цікавыя
ўражанні атрымала не толькі ад канцэртнай праграмы, але і ад знаёмства з былой
загадчыцай дзіцячага садка.

На заслужаным адпачынку Ніла Якаўлеўна Місюра захапілася
зборам зёлак. Правяла своеасаблівую экскурсію па сваёй хатняй «зялёнай аптэцы”,
у якой прадстаўлена мноства раслін, валодаючых гаючымі ўласцівасцямі.

Не мела часу, каб занатававаць парады, якімі шчодра
дзялілася ветэран педагагічнай працы. З задавальненнем даведалася, што мой
намер ажыццявіла ўнучка Нілы Якаўлеўны! 7-класніца СШ в. Вулька 1 Яна Багданец (навуковы
кіраўнік Ганна Трафімаўна Кляўцэвіч) на раённы конкурс вучэбна-даследчых работ
«З навукай – у будучыню” прадставіла сваю працу з прыцягваючай увагу назвай:
«Багацце малой радзімы: лекавыя расліны і іх прымяненне пры прастудных
захворваннях”.

Як і меркавала, дзяўчынка пачынае з удзячнасці: «Мая бабуля
з’яўляецца знаўцам зёлак. Дзякуючы яе ведам, у дзяцінстве не цярпела ад хвароб.
Травы, з любоўю сабраныя і клапатліва высушаныя, за лічаныя дні праганялі
прастуду. Бабуліны чаі і адвары надаюць сілу, бадзёрасць, добры настрой.
Прыгатаванае ёю масла святаянніка лічым сапраўды чароўным «зеллем”, таму што
хутка залечвае раны, паляпшае скуру твару і рук. Шматлікімі рэцэптамі мазей,
сіропаў, настояў бабуля дзеліцца з аднавяскоўцамі”.

Сваю любоў да прыроды Ніла Якаўлеўна перадала і ўнучцы.
Для дзяўчынкі лета становіцца часам назіранняў і адкрыццяў. Разам з бабуляй
абследуюць наваколле ў пошуках запаветных палянак. З пераліку месцаў
знаходжання зёлак бачна, што адначасова з вывучэннем раслін дзіцячая памяць
занатоўвае тапанімічныя помнікі. Назвы ўрочышчаў ведаюць далёка не ўсе
сучаснікі, а Яна нават арыентуецца, дзе знаходзяцца «Бык”, «Грэбля”, «Заельнічча”,
«Жураўлёва”, «Асярэдкі”, «Мэдвэдка”, «Панковэ”, «Падлесок”, «Пяскі”,
«Рысюкова”.

З такой жа дакладнасцю, як правілы па прадметах, вучаніца
засвоіла рэкамендацыі па збору сыравіны: «Зёлкі нарыхтоўваюць як мага далей ад
аўтамабільных і чыгуначных дарог, жывёлагадоўчых комплексаў, палёў. Спачатку
трэба азнаёміцца са знешнім відам расліны; вывучыць часткі, неабходныя для
збору, а таксама фазы іх развіцця і спосаб нарыхтоўкі. У яснае сухое надвор’е,
пэўныя гадзіны сутак можна адправіцца ў карыстную лясную вандроўку. І памятаць:
не вырываць расліну з коранем, пакінуць 3-5 добра развітыя экземпляры для
насенневага размнажэння; збор пупышак ажыццяўляць толькі на лесасеках і
высечках; з кустарнікаў і дрэў не абламваць галіны пры нарыхтоўцы кветак і
суквеццяў, пакідаць частку іх; з кораняў шматгадовых раслін страсці ў лунку
насенне, частку з пупушкамі – пакінуць на месцы выкапаных; паўторныя нарыхтоўкі
тут праводзіць праз 2-5 год”.

У сваёй працы Яна знаёміць і са спосабамі сушкі ў
залежнасці ад віду зёлак, і з відамі ўздзеяння раслін: процізапаленчае,
жарапаніжаючае і патагоннае – святаяннік, календула, ліпа, дзевясіл, маліна,
рамонак; спазмалітычнае – рамонак, мята, дзівасіл, мацердушка, чабор, ліпа;
антысептычнае – календула, рамонак, дзівасіл, сасна, шалфей, святаяннік;
адхарквальнае – чабор, ліпа, сасна; вітамінізаванае – шыпшына, маліна,
мацердушка.

Вучаніца даследавала 18 зёлак, падрыхтавала рэкамендацыі
па іх прымяненню. Падкрэсліла, што ва ўсіх раслінах закладзена вялікая гаючая
сіла, і пажадала кожнаму знайсці свайго «лекара”.

І сапраўды – не трэба імкнуцца ўжываць медыцынскія
прэпараты. Лепш звярнуць увагу на зёлкі, якія растуць побач, – энергетычна яны
бліжэй і радней для нас. Гэта ведалі і ў поўнай меры выкарыстоўвалі нашы
продкі. Як бачым, спрадвечныя ісціны пераймаюць нашчадкі. Так і захоўваецца
сувязь пакаленняў…

Наталля КАЗАНКОВА, старшыня раённага савета ветэранаў
педагагічнай працы.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть