Экология
КЛЯНОВЫ ЛІСТОК аздобіў краіну
Сёлета вельмі падгадала зялёнае ўбранне дамоў траецкімі галінкамі. На трэці дзень вялікага праваслаўнага свята Святога Духа адзначаўся Сусветны дзень аховы навакольнага асяроддзя. 30 год таму ў Стакгольме менавіта 5 чэрвеня была праведзена першая спецыяльная канферэнцыя Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па экалагічных праблемах, услед за якой была створана Праграма ААН па навакольным асяроддзі (ЮНЕП).
З нагоды адметнай даты календара, якая адзначаецца штогод у больш чым 100 краінах свету, звярнуліся да адпаведных службаў.
В.а. начальніка раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Шкут:
– Тэма сёлетняга Сусветнага дня аховы навакольнага асяроддзя – «Зялёная эканоміка: ці кранае яна вас?”. Гэтае пытанне адрасуе сабе кожны чалавек, якога хвалюе стан прыроды. Упэўнены, што такіх – большасць у нашым грамадстве, дзе мэтанакіравана праводзяцца мерапрыемствы па экалагічнаму выхаванню. Праўда, у паўсядзённай мітусні людзі заклапочаны пераважна вырашэннем бытавых праблем. Але ёсць такі дзень – 5 чэрвеня, што якраз нагадвае: кожны чалавек павінен адыграць сваю ролю ў абароне прыроды. Краіны і людзі адчулі на сябе наступствы глабальнага фінансавага крызісу. Пераадольваем яго, сканцэнтраваўшы намаганні дзяржаў і палітыкаў. Глабальным можа стаць і экалагічны крызіс. На неабходнасць прыняцця практычных мер па яго папярэджанню заклікае сёння ЮНЕП. Насельніцтва планеты складае 7 мільярдаў чалавек, да 2050-га – павялічыцца да 9-ці. Гарады, у якіх пражывае больш за палову чалавецтва, перанаселены. Дэмаграфічны рост пацягне дадатковую нагрузку і на іх, і на прыродныя рэсурсы ў выніку павышэння попыту на харчаванне, ваду, энергію. Тэрміналагічнае выказванне «не дапусціць стварэння празмернай антрапагеннай нагрузкі на экалогію планеты” літаральна азначае: не забруджваць навакольнае асяроддзе, у тым ліку і бытавымі адходамі; аўтамабіль часцей мяняць на веласіпед; ашчадна выкарыстоўваць прыродныя рэсурсы; берагчы зялёныя насаджэнні і г.д.
Дырэктар ДПУ «Заказнікі рэспубліканскага значэння «Сярэдняя Прыпяць” і «Лунінскі” Васіль МАРДУХАЙ:
– Дзень 5 чэрвеня можам лічыць прафесійным святам, таму што адказваем за стан прыродаахоўных тэрыторый, якія знаходзяцца пад асаблівай увагай. Летам павялічваецца нагрузка на ўзбярэжжы і вадаёмы, што выклікае адначасова і радасць, і засмучэнне. Прыемна, што ў нашым краі захаваліся запаветныя куточкі прыроды, адпачываць у якіх прагнуць не толькі лунінчане, але і жыхары абласных цэнтраў, сталіцы, бліжняга і далёкага замежжа. З 31 мая дазволена выкарыстанне малых плаўсродкаў, гэта значыць – маторных лодак з падвяснымі маторамі. Яшчэ з красавіка на гэтыя выхадныя ў нас былі заказаны месцы мінскімі аматарамі рыбнай лоўлі і палескай экзотыкі. 11 турыстаў занялі домік, столькі ж – размясціліся ў палатках. Забраніраваны месцы і на выхадныя сярэдзіны чэрвеня. Шмат людзей прыязджаюць адпачываць і без папярэдніх заказаў. Дзякуючы тэхнічнай дапамозе ПРААН-ГЭФ, у нас створаны добрыя ўмовы правя-дзення вольнага часу з карысцю для здароўя. Мінулай восенню добраўпарадкавалі зімавальную яму, на беразе якой маецца месца для кастрышча, мангал, нарыхтоўваем дровы для жадаючых развесці агонь.
Але з павелічэннем адпачываючых узрастаюць праблемы. На прырода-ахоўнай тэрыторыі не прадугледжаны кантэйнеры для смецця. Няўжо так складана ўбраць за сабой адходы свайго знаходжання на прыродзе? На жаль, людзі пакідаюць пасля сябе вельмі непрыемнае ўражанне. Між тым, на заказнікі не распаўсюджваецца сфера дзеяння камунальнай службы, а нашым некалькім супрацоўнікам і рэдкім валанцёрам вельмі цяжка справіцца з забру-джваннем запаветных мяс-цін. Спадзяюся, што лунінчане і іх госці ўсведамляюць: ахова навакольнага асяроддзя не абмяжоўваецца 5-ым чэрвеня – трэба памятаць аб гэтым заўсёды.
У сваю чаргу ўдзельнічаем у экалагічным выхаванні падрастаючага пакалення. У канцы мая прынялі 4 групы вучняў СШ №4. Дзяцей захапіла экалагічная сцяжына «Па Лазовай даліне” з цікавымі прыпынкамі. На гэтым тыдні на экскурсію запісаліся яшчэ некалькі гарадскіх школ. Усіх ахвотна знаёмім з эколага-асветніцкім цэнтрам, уручаем на памяць буклеты і дыскі аб чырвонакніжніках нашага краю. Спадзяемся, што дзеці, уражаныя прыгажосцю прыроды, і самі будуць імкнуцца берагчы наваколле.
Запісала Таццяна ВАСІЛЬЕВА.